Выбрать главу

"Але?"

"Але менавіта я жадала", – сказала яна з усмешкаю, і зноў узнікла блакітная жылка на яе твары, які цалкам выяўляў яе прыгнечанасць і хваравітасць.

"А, Вы хацелі таго…"

"Хацела, і я прадэманстравала самую цвёрдую і паважную волю, як Вы бачыце…"

"Як я гэта бачу. Сапраўды".

"… так што бацька ўрэшце мусіў паддацца".

"І такім чынам Вы пакінулі яго з ягонай скрыпкаю, пакінулі стары дом, запушчаны сад, фантан ды сваіх шэсць сябровак і падаліся з панам Клётэр’янам".

"І падалася з… у Вас манера выказвацца, пане Шпінэль!.. мала што не біблейная!.. Ну так, я пакінула ўсё гэта, бо прырода таго жадае".

"І праўда, яна, відаць, гэтага хоча".

"І потым, справа палягала ў маім шчасці".

"Пэўна ж. І яно прыйшло, шчасце…"

"Яно прыйшло ў тую гадзіну, пане Шпінэль, калі да мяне ўпершыню прынеслі маленькага Антона і калі ён так моцна закрычаў сваімі здаровымі лёгкімі, моцна і здарова, якім ён ёсць сам…"

"Гэта ўжо не першы раз, калі я чую, як Вы кажаце пра здароўе Вашага маленькага Антона, шаноўная пані. Ён, мусіць, надзвычай здаровенькі?"

"Так і ёсць. А яшчэ, ён такі да смешнага падобны да майго мужа!"

"А-а!… Так, значыць, атрымалася. І цяпер ужо Ваша прозвішча не Экгаф, а інакшае, і ў Вас ёсць маленькі здаровы Антон, і ў Вас крышку хворая трахея".

"Менавіта… А Вы – надзвычай загадкавы чалавек, пане Шпінэль, запэўніваю Вас у гэтым…"

"Ага, пакарай мяне Бог, Вы – такі!" – сказала жонка радцы Шпаца, якая, між іншым, таксама была тут.

Але і ў час гэтай размовы жонка пана Клётэр’яна не адзін раз звяртала ўвагу на свой унутраны стан. Хоць ён ні пра што і не сведчыў, ды ўсё-такі штосьці хаваў у сабе на дне, што давала сілкаванне яе думкам пра сябе. Няўжо гэта быў той шкодны ўплыў, які ўздзейнічаў на яе? Яе немач узмацнялася, і ў ёй часцяком адбываўся перапад тэмпературы, ціхая гарачка, падчас якой яна супакойвалася з адчуваннем лагоднай узнёсласці, што ўспрымалася ёю з задуменным, напышлівым, самазадаволеным і крышку пакрыўджаным настроем. Калі яна была не ў пасцелі і пан Шпінэль на дыбачках сваіх вялікіх ног з вялікай асцярожнасцю падыходзіў да яе, спыняўся на адлегласці двух крокаў і, адставіўшы адну нагу і нахіліўшыся корпусам, паважліва прыглушаным голасам звяртаўся да яе, як быццам ён падымае яе ў баязлівай пачцівасці лагодна і высока і ўкладвае на воблачныя пярыны, дзе яе не можа дасягнуць ніводзін прарэзлівы гук і ніводзін дотык, – тады ёй прыгадвалася тое, што меў звычку казаць пан Клётэр’ян: "Асцярожна, Габрыэле, take care, мой анёлак, і не адкрывай рота!" – яго манера, якая дзейнічала, як быццам ён ляпае цябе моцна і паблажліва па плячы. Але потым яна хуценька адварочвалася ад гэтага ўспаміну, каб у немачы і ўзвышанасці адпачыць на воблачных пярынах, якія паслужліва падрыхтаваў ёй пан Шпінэль.

Аднаго разу яна нечакана ўзгадала маленькую размову, якую яна вяла з ім пра яе паходжанне і маладосць.

"Ці праўда, пане Шпінэль, – спытала яна, – што Вы нібыта бачылі карону?"

І хоць пасля той нязмушанай размовы прайшлі ўжо два тыдні, ён адразу прыпомніў, пра што ішла гаворка, і ўсхвалявана запэўніў яе, што тады каля фантана, калі яна сядзела сярод сваіх шасці сябровак, ён бачыў, як ззяла маленькая карона, …бачыў, як яна зіхцела ў яе валасах.

Праз некалькі дзён адзін кліент санаторыя дзеля прыліку спытаў у яе пра дамашняе самаадчуванне яе маленькага Антона. Яна хуценька зірнула ў бок пана Шпінэля, які стаяў поруч, і нуднаватым голасам адказала:

"Дзякуй… Як ён можа адчуваць сябе?.. У яго і ў майго мужа ўсё добра".

VIII

Пры канцы лютага, у адзін з марозных дзён, больш чысты і яркі з усіх мінулых, у "Айнфрыдзе" панавала бадзёрасць. Паны з парокамі сэрца, расчырванеўшыся, размаўлялі паміж сабою, генерал-дыябетык шчабятаў, як юнак, а паны з неўтаймоўнымі нагамі зусім выйшлі з сябе. Што здарылася? Нічога асаблівага, акрамя таго, што павінна была адбыцца агульная экскурсія: выезд у горы на некалькіх санях са звонам шаргункоў і шчоўканнем пуг; доктар Леандэр прыняў гэтае рашэнне дзеля забавы пацыентаў.

Вядома, "цяжкія" мусілі застацца дома. Бедныя "цяжкія"! Моўчкі дамовіліся не паведамляць ім нічога; увогуле, было прыемна, што можаш крышку паспачуваць… Але і з тых, хто напэўна мог бы ўзяць удзел у забаве, сёй-той адмовіўся. Што да фройляйн фон Остэрла, то яе без усялякіх тлумачэнняў зразумелі. Той, хто быў гэтак перагружаны абавязкамі, не меў права сур’ёзна думаць пра санныя выезды. Гаспадарка настойліва патрабавала яе прысутнасці; адным словам – яна заставалася ў "Айнфрыдзе". Але заява жонкі пана Клётэр’яна пра тое, што яна хоча застацца дома, прывяла ўсіх у разгубленасць. Дарэмна доктар Леандэр угаворваў яе выкарыстаць для свайго здароўя свежае паветра; яна сцвярджала, што яна не пакутуе на мігрэнь і не адчувае ў сабе слабасці, так што давялося пагадзіцца. А цынік і жартаўнік выкарыстаў нагоду зрабіць заўвагу: