Выбрать главу

Вы, шаноўны пане, як я сказаў, плебей-гурман, селянін з пэўным густам. Уласна кажучы, няўклюднай камплекцыі і на надзвычай нізкай ступені развіцця, Вы, дзякуючы багаццю і сядзячаму ладу жыцця, трапілі ў раптоўную, негістарычную і варварскую разбэшчанасць нервовай сістэмы, якая цягне за сабою пэўную пажадлівую вытанчанасць патрэбы ў асалодзе. Зусім магчыма, што мышцы Вашага горла-зева набылі чвякальны рух, як пры з’яўленні смачнага супу ці рэдкай стравы, калі Вы вырашылі зрабіць сваёй уласнасцю Габрыэле Экгаф.

Сапраўды, Вы скіроўваеце яе летуценную волю ў аблуду, Вы ведзяце яе з зарослага саду ў жыццё і ў агіднасць, Вы надаяце ёй сваё простае імя і робіце яе сваёй жонкаю, хатняю гаспадыняй, робіце з яе маці. Вы прыніжаеце зняможаную, баязлівую, высакародна непатрэбную прыгажосць смерці, якая цвіце, – ставіце яе на службу пошлай будзённасці і таго неразумнага, нязграбнага і пагарджанага ідала, якога называюць прыродаю, і ніводная здагадка пра глыбокую гнюснасць гэтага ўчынку не варухнулася ў вашым мужыцкім сумленні.

Яшчэ раз: што адбываецца? Яна, з вачыма, падобнымі да палахлівых мрояў, дорыць Вам дзіця; яна дае гэтай істоце, якое ёсць працягам нізкага існавання свайго вытворцы, усё, усю сваю кроў і жыццяздольнасць – і памірае. Яна памірае, шаноўны пане! І калі яна не гіне ў подласці, калі яна ўсё-такі ўрэшце паднялася з глыбінь яе прыніжэння і з гонарам свята адыходзіць са смяротным пацалункам прыгажосці, то гэта быў мой клопат. А Ваш тым часам быў сканцэнтраваны на тым, каб забаўляцца ў маўклівых калідорах з пакаёўкамі.

А яе дзіця, сын Габрыэле Экгаф, квітнее, жыве і радуецца. Магчыма, ён працягне жыццё свайго бацькі, зробіцца добрым гандляром, падаткаплацельшчыкам і абывацелем, які добра харчуецца; магчыма, вайскоўцам або чыноўнікам – стараннае, без сталых ведаў, апірышча дзяржавы; ва ўсякім разе, бескультурнае нармальна дзейнае стварэнне, дакладнае і надзейнае, дужае і дурное.

Прыміце маё прызнанне, шаноўны пане, што я ненавіджу Вас, Вас і Ваша дзіця, як я ненавіджу само жыццё, подлае, смешнае і ўсё ж трыумфальнае жыццё, прадстаўніком якога Вы з’яўляецеся – вечная супрацьлегласць і вечны смяротны вораг прыгажосці. Я не дазволю сабе сказаць, што я пагарджаю Вамі. Не магу. Я сумленны, Вы – мацнейшы. У змаганні я магу Вам супрацьпаставіць толькі адно – узвышаную зброю і інструмент для помсты слабых: дух і слова. Сёння я скарыстаўся імі. Бо гэты ліст – і ў гэтым я сумленны, шаноўны пане – з’яўляецца нічым іншым, як актам помсты; і калі там ёсць хоць адно толькі вострае слова, дастаткова бліскучае і прыгожае, каб зачапіць Вас, даць Вам адчуць чужую сілу, пахіснуць на момант Вашу грубую абыякавасць, то я буду ўсцешаны.

Дэтлеф Шпінэль".

І вось гэты ліст пан Шпінэль паклаў у канвэрт і прыклеіў марку, потым прыгожым почыркам напісаў адрас і перадаў яго на пошту.

XI

Пан Клётэр’ян пагрукаў у дзверы пакоя пана Шпінэля; ён трымаў у руцэ вялікі, чыста спісаны аркуш і выглядаў як чалавек, які цвёрда намераны дзейнічаць энергічна. Пошта выканала свой абавязак, ліст прайшоў свой шлях, ён зрабіў цудоўную вандроўку з "Айнфрыда" ў "Айнфрыд" і дакладна трапіў у рукі адрасата. Было чатыры гадзіны папаўдні.

Калі пан Клётэр’ян увайшоў, пан Шпінэль сядзеў на канапе і чытаў свой уласны раман з заблытаным малюнкам на вокладцы. Ён устаў і глянуў на наведніка здзіўлена і запытальна, хоць заўважна зачырванеўся.

"Добры дзень, – сказаў пан Клётэр’ян. – Прабачце, што я адрываю Вас ад Вашых заняткаў. Але дазвольце мне спытаць, ці Вы гэта напісалі?" З гэтымі словамі ён леваю рукою ўзняў угару вялікі, чыста спісаны аркуш, а тыльным бокам правай стукнуў па ім так, што аркуш ажно гучна зашамацеў. Пасля гэтага ён сунуў правую руку ў кішэню сваіх мяккіх утульных штаноў, схіліў галаву набок і прыадкрыў рот, як маюць звычку рабіць некаторыя людзі слухаючы.

Пан Шпінэль неяк дзіўна ўсміхнуўся; ён усміхаўся паслужліва, крыху разгублена і быццам просячы прабачэння, паднёс руку да галавы, быццам прыпамінаючы, і сказаў:

"А-а, і праўда… так… я дазволіў сабе…"

Справа палягала ў тым, што ён сёння дазволіў сабе быць самім сабою і праспаў амаль да паўдня. У выніку ён пакутаваў ад нячыстага сумлення і дурной галавы, адчуваў сябе нервова і не вельмі здольным супраціўляцца. Апроч таго, вясновае надвор’е, якое ўсталявалася, рабіла яго слабым і схільным да адчаю. Гэта ўсё неабходна згадаць, каб зразумець, чаму ён так надзвычай неразумна паводзіў сябе падчас гэтай сцэны.