Выбрать главу

Фантан, стары арэшнік, скрыпка і мора ўдалечы. Балтыйскае мора, летнія мары якога ён мог падслухоўваць падчас канікулаў; гэтыя рэчы ён любіў, дзякуючы ім ён адразу перанастройваўся, і сярод іх праходзіла яго духоўнае жыццё; назвы гэтых рэчаў добра ўплывалі на кшталт вершаў, якія Тоніа Крэгер часам ствараў; яны заўсёды набывалі адмысловае гучанне.

Тое, што ў яго быў сшытак з уласнымі вершамі, стала вядома толькі праз ягоны промах і прынесла яму вялікую шкоду – у вачах як таварышаў, так і настаўнікаў. Сыну консула Крэгера здавалася, з аднаго боку, неразумным і подлым, што яны знаходзілі пісанне вершаў непрыстойным, і з гэтай прычыны ён пагарджаў як таварышамі, так і настаўнікамі, дрэнныя манеры якіх і так выклікалі непрыманне ў яго і асабістыя слабасці якіх ён бачыў асабліва яскрава. З іншага боку, ён сам, аднак, лічыў такі занятак ненармальнасцю і недарэчнасцю і ў нейкай ступені мусіў пагаджацца з тымі, хто лічыў гэта сумнеўнай справай. Аднак гэта не магло змусіць яго адмовіцца ад вершаў…

Марнуючы час дома, на занятках ён сядзеў, марудна думаючы і няўважліва слухаючы, а ў настаўнікаў карыстаўся не самай лепшай рэпутацыяй і ў выніку прыносіў дадому самыя мізэрныя адзнакі, наконт чаго яго бацька, высокі, акуратна апрануты пан з задумлівымі сінімі вачыма, у пятліцы якога заўсёды тырчала палявая кветачка, вельмі хваляваўся і выказваў заклапочанасць. А маці Тоніа – яго прыгожая, чорнавалосая маці, імя якой было Кансуэла і якая ўвогуле была не такой, як астатнія дамы горада, таму што бацька прывёз яе калісьці з самай ніжняй кропкі на геаграфічнай карце, – яго маці ставілася да яго адзнак абсалютна абыякава.

Тоніа любіў сваю смуглявую і палымяную маці, якая так цудоўна іграла на раялі і мандаліне, і ён быў рады, што яна не перажывала наконт яго сумнеўнага становішча сярод людзей. З іншага ж боку, ён адчуваў, што гнеў бацькі ёсць справаю куды больш прыстойнаю і вартаю павагі, і ён, хоць бацька і бэсціў яго, у прынцыпе быў з ім згодны, у той час як вясёлую абыякавасць маці ён лічыў трохі нядбайнай. Часам ён думаў: "Пэўна ж дастаткова, што я ёсць, якім ёсць, і я не хачу і не магу мяняцца, бестурботны, упарты, зацікаўлены рэчамі, пра якія звычайна ніхто не думае. Ва ўсякім разе, так і павінна быць, што мяне па-сур’ёзнаму бэсцяць і караюць за гэта, а не абыходзяцца толькі пацалункамі ды музыкай. Мы ж не цыганы ў зялёнай кібітцы, а прыстойныя людзі, род Крэгераў, сям’я консула Крэгера…" Нярэдка ён яшчэ думаў: "Чаму я такі незвычайны і ў супрацьстаянні з усімі, у разладзе з настаўнікамі і не свой сярод іншых юнакоў? Варта толькі паглядзець на іх, на гэтых добрых вучняў ды і на салідных сераднячкоў. Яны не лічаць настаўнікаў смешнымі, яны не пішуць вершаў, і ў галаве ў іх толькі тыя рэчы, што і павінны там быць і пра якія можна гаварыць голасна. Як прыстойна і ў згодзе з усімі і кожным яны павінны адчуваць сябе! Гэта, мусіць, добра… Дык а што ж адбываецца са мною і што будзе з усім гэтым далей?"

Манера разглядаць самога сябе і сваё стаўленне да жыцця адыграла важную ролю ў любові Тоніа да Ганса Ганзэна. Ён любіў яго спачатку за тое, што Ганс быў прыгожы; а потым – за тое, што ён ва ўсіх праявах уяўляўся яму антыподам і процілегласцю. Ганс Ганзэн быў выдатным вучнем і, акрамя таго, актыўным хлопцам, які ездзіў на кані, займаўся гімнастыкай, выдатна плаваў і карыстаўся агульнай любоўю. Настаўнікі ставіліся да яго амаль з пяшчотнай прыхільнасцю, называлі яго па імю і спрыялі яму ўсялякім чынам, таварышы па вучобе імкнуліся заваяваць яго прыязнасць, а на вуліцы яго спынялі дамы і паны, дакраналіся да яго чубчыка светлых валасоў, які вытыркаўся з-пад яго дацкай бесказыркі, і казалі: "Добры дзень, Ганс Ганзэн, які сімпатычны чубчык! Ты ўсё яшчэ выдатнік? Перадавай прывітанне тату і маме, цудоўны наш хлопчык!.."

Такім быў Ганс Ганзэн, і колькі Тоніа Крэгер яго ведаў, пры кожнай сустрэчы яго апаноўвала палкае жаданне, узнікала зайздрослівая туга, якая месцілася паўзверх грудзей і пякла. У каго такія сінія вочы, думаў ён, і хто жыве ў такім ладзе і ў такой шчаслівай гармоніі з усім светам, як ты?! Заўсёды ты заняты добрапрыстойнаю і паважанаю ўсімі справаю. Выканаўшы школьныя заданні, ты бярэш урокі коннага спорту ці працуеш з садовай пілою, і нават падчас вакацый на моры ты захоплены веславаннем, парусным спортам і плаваннем, у той час як я бяздзейна, нікому непатрэбны ляжу на пяску і патаемна назіраю за зменлівымі грымасамі, якія прабягаюць па марскім абліччы. І таму твае вочы такія ясныя. Быць такім, як ты…

Ён нават спробы не рабіў зрабіцца такім, як Ганс Ганзэн, і, магчыма, гэтае жаданне ў яго і не было аж такім сур’ёзным. Але ён балюча жадаў, каб той палюбіў яго, такога, як ён ёсць, і дамагаўся, як толькі мог, яго любові, павольна і шчыра, самааддана і пакутліва, але з такою тугою, якая можа пячы глыбей і больш пагібельна, чым любая раптоўная жарсць, якой можна было б чакаць ад яго адметнай знешнасці.