Вусны Тоніа задрыжалі. Ён узяў сябе ў рукі і сказаў:
"Напраўду, гэта дурнаватае імя; мне б хацелася, бачыць Бог, лепш звацца Генрыхам або Вільгельмам, можаце мне паверыць. Але рэч у тым, што адзін брат маёй маці, у гонар якога мяне хрысцілі, завецца Антоніа; мая ж маці з тых краёў…"
Потым ён замоўк і даў магчымасць гэтым двум пагаварыць пра коней і скураную збрую. Ганс узяў Імэрталя пад руку і пачаў гаварыць з нязмушанай цікавасцю, якую ніколі нельга было б выклікаць у яго ў дачыненні да "Дона Карласа". Час ад часу Тоніа адчуваў, як прыліў жадання заплакаць казытаў яму ў носе; яму нялёгка было таксама справіцца з падбароддзем, якое ўвесь час пачынала дрыжаць.
Ганс не любіў яго імя – а што было рабіць? Яго самога звалі Ганс, а Імэрталя – Эрвін; добра, гэта былі агульнапрызнаныя імёны, якія нікога не здзіўлялі. Але "Тоніа" – гэта было штосьці замежнае і асаблівае. Сапраўды, у ім ва ўсім было ўвогуле штосьці асаблівае, хацеў ён таго ці не, і ён заставаўся адзінокім і выключаным з асяроддзя простых і звычайных, хоць ён і не быў цыганом у зялёнай кібітцы, а сынам консула Крэгера, з роду Крэгераў… Але чаму Ганс называў яго Тоніа, пакуль яны былі адны, а калі далучаўся хтосьці трэці, ён пачынаў саромецца яго? Часам ён быў блізкі і зычлівы да яго, гэта праўда. "Якім чынам тады ён здраджвае яму, Тоніа?" – пытаўся ён і браў яго пад руку. Калі ж потым падыходзіў Імэрталь, ён з палёгкаю ўздыхаў, пакідаў яго і без патрэбы папракаў яго іншаземным імем. Як жа яму балюча было гэта ўсё бачыць!.. Гансу Ганзэну ён, у прынцыпе, крыху падабаўся, калі яны былі сам-насам, ён гэта ведаў. Але калі з’яўляўся хтосьці трэці, ён пачынаў саромецца і ахвяраваў ім. І Тоніа зноў заставаўся адзін. Ён згадваў караля Філіпа. Кароль плакаў…
"Далібог, – сказаў Эрвін Імэрталь, – мне цяпер сапраўды трэба ў горад! Адзьё, сябры, і дзякуй за фруктовыя цукеркі!" Пасля гэтага ён ускочыў на лаўку, што стаяла ў яго на дарозе, прабег па ёй на сваіх крывых нагах і падаўся трушком далей.
"Імэрталя я люблю!" – з націскам сказаў Ганс. У яго была спешчаная і самазадаволеная манера выказваць свае сімпатыі і непрыхільнасці: літасціва раздаваць іх, так бы мовіць… І потым ён працягваў гаварыць пра заняткі верхавой яздою, бо ён быў у тэме. І ўжо было недалёка да дома Ганзэнаў; шлях цераз валы не заняў вельмі шмат часу. Яны моцна прытрымалі шапкі і нахілілі галовы насустрач моцнаму вільготнаму ветру, які рыпеў і стагнаў у голым вецці дрэваў. Ганс Ганзэн працягваў гаварыць, у той час як Тоніа ўстаўляў час ад часу ненатуральнае "няўжо" і "так-так" без радасці з таго, што Ганс у запале прамовы зноў узяў яго пад руку, бо гэта было толькі няшчырае збліжэнне без усялякага значэння.
Потым яны адышлі ад валоў непадалёк ад вакзала, паглядзелі, каб забіць час, як з няўклюдным пыхканнем праехаў цягнік, палічылі вагоны і памахалі рукою чалавеку, які, захутаны ў футра, сядзеў на ўзвышэнні ў канцы апошняга вагона. А на Ліндэнпляц перад вілаю буйнога купца Ганзэна яны спыніліся, і Ганс падрабязна і наглядна паказаў, як забаўна бывае, калі станеш унізе на вароты саду і катаешся сюды-туды пад гучны віскат завес. А пасля гэтага ён развітаўся.
"Ну, трэба дамоў, – сказаў ён. – Адзьё, Тоніа. Наступны раз я праводжу цябе дадому, будзь упэўнены".
"Адзьё, Ганс, – сказаў Тоніа, – было вельмі прыемна пашпацыраваць разам".
У поціску іх рукі былі мокрымі і забруджанымі ржою ад садовых варотаў. Але калі Ганс зазірнуў у вочы Тоніа, на яго сімпатычным твары з’явілася нешта падобнае да раскайнага роздуму.
"Між іншым, я ў бліжэйшы час прачытаю "Дон Карласа"! – хуценька прамовіў ён. – Тая сцэна з каралём у кабінеце, здаецца, выдатная!" Потым ён узяў свой заплечнік пад паху і пабег цераз палісаднік. Перш чым знікнуць у доме, ён кіўнуў яшчэ раз галавою.
І Тоніа Крэгер пайшоў, напоўнены святлом і акрылены. Вецер падганяў яго ззаду, але гэта было не адзінай прычынаю таго, што ён гэтак лёгка рушыў з месца.
Ганс будзе чытаць "Дон Карласа", і тады ў іх будзе штосьці агульнае, пра што не змогуць нічога сказаць ні Імэрталь, ні хто іншы! Як добра яны разумелі адзін аднаго! Хто ведае – магчыма, ён падштурхне яго яшчэ пісаць вершы?.. Не, не, гэтага ён не хацеў! Ганс не павінен быў рабіцца такім, як Тоніа, а заставацца, якім быў, такім светлым і дужым, якім яго ўсе любілі, а Тоніа – мацней за ўсіх! Але тое, што ён прачытае "Дон Карласа", яму ўсё ж не зашкодзіць… І Тоніа пайшоў цераз старыя прысадзістыя вароты, пайшоў міма порта і ўздоўж крутога, прадзіманага скразнякамі і мокрага завулка з франтонамі – угору, да бацькоўскага дома. Яго душа ў той час ажыла; у ёй была жарсць ды тужлівая зайздрасць – і зусім крышку пагарды, і сапраўдная нявінная святасць.