Выбрать главу

— Горш не будзе, лепш не стане. Ну, а што, калі проста паспрабаваць?

Дырэктар яшчэ раз выглянуў у акно на пусты ўжо двор, дастаў з шуфляды блакнот і пачаў абзвоньваць бацькоў сёмага «Б» класа — як і было дамоўлена.

Фантазія IV: АБЛОМ

Амаль да самага вечара Элен, тая самая Пушысты Хвост, прасядзела ў сяброўкі, баючыся выйсці на вуліцу. Яна глядзелася ў люстэрка, высалапіўшы язык, прыкладала да яго ватныя тампоны, змочаныя растворам шалфею, адначасова мычэла і спрабавала ў каторы раз паказаць сяброўцы, што з ёю сёння рабілі. Але сяброўка і не верыла, і да яе тугавата даходзіла.

А палове на сёмую Элен глянула на гадзіннік, схапілася за галаву, выплюнула тампон і паляцела дамоў, забыўшыся на ўсё. У шэсць ёй трэба было быць на «любоўным спатканні».

Дома яе чакала запіска, напісаная чамусьці ў форме тэлеграмы, без прыназоўнікаў і знакаў прыпынку: «Лена ушол класнае собрание кушать сама знаеш ничего нет Атец» (яна жыла ўдваіх з бацькам, маці пайшла ад іх, калі Элен не было яшчэ і двух гадоў). «Класнае» Элен расшыфравала як «выдатнае», «файнае», а «собрание» — як «мітынг».

За ўсе гады вучобы ў іх ні разу не было школьных сходаў, і яна проста не ведала, што гэта такое. Яна хуценька прыбрала: скінула ў сметніцу пад сталом дзве пустыя бутэлечкі з-пад адэкалону «Рускі лес», змяла рукою патрушчаныя яечныя шкарлупкі; потым, хапаючыся, набрала нумар і, дачакаўшыся самага роднага ў свеце голасу, зашапялявіла, міжволі і сама пераходзячы на тэлеграфны стыль:

— Джон, адна, страшна, жахлівыя навіны, чакаю цябе.

Элен у вачах сваіх аднагодкаў была шчаслівая. У яе быў хлопец, гэты самы Джон, ці, як ён сам сябе на падпітку часта называў, Іван, па прозвішчы Кладка. Яны вучыліся ў адным класе. «Бяздомныя» сяброўкі зайздросцілі ёй лютай зайздрасцю— так, як не так даўно яна ім. На самай справе шчасця ад гэтага ёй было вельмі нямнога. Штохвілінна яна вымушана была чакаць, што і яе кінуць, і яна будзе мучыцца так, як і ўсе, каго кідалі. Ёй здавалася, што яна не перанясе гэтага, што «бяздомнай» больш проста не зможа быць.

Сёння, пасля таго, як яе так абразілі, так нізавошта з яе наздзекаваліся, гэты чалавек — невысокі, але плячысты, галаваты хлопчык с суседняга пад’езда зрабіўся для яе ўсім жыццём, усім існаваннем, адзінай яе абаронаю.

Ёй рабілася ўсё больш і больш неспакойяа. Яна машынальна, як і заўсёды рабіла, калі заставалася адна, пайшла ў ванны пакой, абарвала з венікаў, якія бацька трымаў для лазні, некалькі сухіх бярозазых лісткоў, расцерла іх у пыл і высыпала на кавалак газеты. У гэты час рэзка і коратка дзынкнуў тэлефон. У дзяўчынкі задрыжэлі рукі і ад невядомага страху выступіў пад пахамі пот. Але яна перамагла сябе і падняла трубку непаслухмянымі ледзянымі пальцамі.

— Толькі пасмей, — пачула яна знаёмы голас...

У Джона Кладкі, які, заходзячы ў незачыненую кватэру, чуў, як званіў тэлефон, звяло сківіцы і перасохла ў роце: Элен ляжала нежывая, з трубкаю ў руцэ... Але хлопчык ён быў не слабанервовы, не ўцёк, бо, пагодзімся, мала што можна было падумаць, гледзячы на нерухомага чалавека ў пустой кватэры, такім смутным, неспакойным часам. Ён кінуўся ў ванную, набраў на ручнік вады, паклаў дзяўчынцы на лоб і паляпаў па шчацэ. Элен слаба варухнулася, прыйшла да памяці, абхапіла яго рукамі за галаву і ціха і горка заплакала.

— Іван, — вельмі ціха сказала яна, упершыню назваўшы яго так, — у мяне нешта з галавою. Я цяпер ведаю, што ўсё гэта — галюцынацыі. Цэлы дзень. Раніцаю ўсё здавалася, што мяне скруцілі нейкія чэрці і пракалолі язык... А язык тады ад чаго баліць? Можа, пчолы? Як ты думаеш?

— Пасядзі, зараз пройдзе, — Джон, каб супакоіць і яе, і сябе, уключыў на стале невялікі тэлезізар. — Сядай сюды, на канапу. Ты проста пабыла адна, галодная, мусіць, накурылася, зараз паглядзім кіно і развеемся. Я ж з табою цяпер, не бойся, — дадаў ён, сам пачынаючы нечага баяцца.

— Не, я не курыла сёння цэлы дзень, — ціха і манатонна прамовіла яна, — а галава трашчыць. Цяпер, відаць, ты кінеш мяне? Але я жыць пасля гэтага не буду...

Ён усміхнуўся — гэта было ўжо з яго оперы, такога ён шмат наслухаўся і ад іншых, якіх кідаў.

— Ніколі не пагражай, дурненькая...

На экране паказаліся пальмы, мора, пляж, ляжала, задуменна пасыпаючы сябе пясочкам, на гэтым пляжы жанчына, потым з-за пальмы выйшаў мужчына ў плаўках і, працягваючы да жанчыны рукі, усклікнуў: “Ай лав ю, Меры!» Маленькія, нібы вошы, пабеглі ў правым кутку беларускія цітры: «Я кахаю цябе, Мэры!» Жанчына ўскочыла на калені, прастагнала: «О-о-о!» і рванула на грудзях станік. У тую ж хвіліну з мора вынырнуў батыскаф і дзесяткі два голых мужчын і жанчын высыпалі на бераг. Хутка ўвесь маленькі экран запаланіў белы, жоўты і чорны клубок голых целаў; як гады ў кубле, круціліся, перапляталіся ногі і рукі, галовы стагналі, пішчалі, сыкалі, як вужакі...