Выбрать главу

– Што ты плявузгаеш, Мадонн тварыцель, Рафаэль?! – сумеўся паручнік Заякот. – Можа якая дзеўка кепская, а не Мадонна.

– Не плявузгаю. Чыстая праўда. Там на дарозе. Уся ў белым, а галава ў чорным…

– Дык гэта ж не Мадонна, а Плачка, – выгукнуў нехта з апалчэнцаў, – вястунка і праважатая вайны, паморку, голаду… Няўжо гораду канцы настаюць?

– Не дрыстос, дык мытуха, – умяшаўся Мантгомэры. – Я канечне не інквізітар, але давайце ўжо хоць безь язычніцтва? Зараз пабачым, хто там і дзеля чаго.

Ён падняўся на вежу. Па Чачэрскім гасьцінцы, мінуўшы казакоў, крочыла жанчына. Вецер трапятаў яе бялюткі строй. Чым бліжэй яна падыходзіла, тым больш выразным, больш знаёмым станавілася ейнае аблічча. “Яна”, – ледзь стрымаўся ад крыку капітан. Яму зрабілася ніякавата. Ён ня мог пракаўтнуць сьліну, нібыта рот быў поўны калючак. Не хацелася нават уяўляць, навошта гэтая вядзьмачка і здрадніца так адкрыта вяртаецца ў Гомей. “Гэта нейкая пастка, – шалянічна разважаў Мантгомэры. – Кабеціна за ноч цямней і хітрасьцяў ейных не зьлічыць”.

Алюта, цяпер ужо сапраўды ўдава, падыйшла зусім блізка да моста, спынілася і, утаропіўшы пагляд на вежу ці то заплакала, ці то засьпявала: “Ёган, не рабі гэтага. Адпусьці. Хай зыйдуць. Дазволь. Прашу цябе. Я буду тваёй нявольніцай назаўсёды. Толькі не рабі надуманага. Не рабі…”

“Што за д’ябальская праява? – капітан ня мог стрымаць калачэньня. – Як яна магла дазнацца? Вядзьмарства. Куды толькі царква сьвятая глядзіць… А можа проста здагадалася? Ці казакі падказалі. Яны ж оную практыку знаюць… Што яна просіць? Божухна, гэты бляск і вільгота вачэй. Гэты рот прагны да цалункаў… Маёй нявольніцай… Вось дык лазьня. Не зрабіць? Дык Януш Шматаблічны асабіста папалошчыць. У крыві папалошчыць. І ўсяму каюк… Не дзеля гэтага я сюдых прыехаў і сьмерці фігі круціў утрапёна… Любоў мая… Проста скінуць зь сябе ярэмны гнёт любосных чараў. Не паддавацца. Не спакушацца. Спакуса больш за жыцьцё. Што тут выбіраць?” Ён працягнуў руку да зьбянтэжанага вартавога і жэстам папрасіў гакаўніцу.

Вецер зусім зьнячэўку зьмяніў кірунак і стаў бязбожна лютым. Людзі на вуліцы й плошчы ў трывожным неўразуменьні лавілі кожнае жаночае слова, чакаючы адказу капітана Мантгомэры. З празрыстага, як крышталь, неба зрынуўся сьнег.

Гомель

[1] Асабістая залежнасьць, прыгон (ням.); літаральна: уласнасьць цела.

[2] Гельвэцыя – Швайцарыя. Намёк на падабенства гомельскага гербу на швайцарскі.

[3] Кітайскі яблык – апэльсін.

[4] Дзела – тут: гармата (старабел.)

[5] Пасерб – прыёмны сын (старабел.)

[6] Барабанны сігнал.

[7] Заступнік – намесьнік (старабел.)