– Камо градзешы, чалавек божы?
– Вазьмі пенязь і адстань, чалавеча, – прамовіў Анісіфор і працягнуў таму манэтку.
– Гавары! – не ўтаймоўваўся Такеша, моцна схапіўшы царкоўніка за рукавы.
Штурханіну спрыкмецілі жаўнеры, што сачылі за парадкам у абложаным горадзе. Ня доўга разьбіраючыся, яны забралі закалотнікаў спакою, каб зачыніць у старым карчомным склепе, пераладжаным пад вязьніцу. Рукапісны фаліянт, адабраны ў дзяка яны разглядалі як цікавінку і ўрэшце вырашылі перадаць уласнаручна пану капітану.
Мантгомэры пагартаў недапісаную кнігу, апошнія старонкі якой яшчэ патыхалі тутэйшым гнюсным атрамантам і дзякавай злосьцю. Велягурыстасьць складу і спосабу выяўленьня думкі на пісьме, уласьцівыя нататкам Анісіфора, не перашкодзілі Ёгану зразумець усё слушна. Больш за тое, ён вокамгненна зрабіў выснову аб ролі Алюты ў дзеі, што адбывалася мінулай ноччу. Наказаўшы пану Жураўскаму нічога супроць казакоў не прадпрымаць, капітан з двума жаўнерамі выправіўся да Алюцінага дому. Гаспадыні ані ў доме, ані на падворку не знайшлі. Разьюшаны Мантгомэры загадаў учыніць суцэльны агляд гомейскіх дамоў, а сам падаўся ў вязьніцу, каб асабіста дапытаць дзіўную пару затрыманых. У паветры пахла здрадай.
6.
Затрыманыя маўчалі. Анісіфор – бо нічога ня ведаў. Такеша – бо нічога апавядаць не зьбіраўся.
– Добранька. Я вам абяцаю, загаворыце. Мы ўмеем добра языкі разьвязваць, – казаў капітан да маўчуноў і прасіў пахолка прынесьці шчыпцы ды пару вялікіх іголак-шаршатак. Дзяк таргануўся і, перапоўнены страхам, прабубнеў:
– Няма чаго гаварыць. Я блудадзейныя думы аб удавіцы Лявонавай Алёне меў. Хцівасьць жаданьня стаміла таемная…
– І сачыў за намі?
– Так…
– Навошта ўвесь гэты блуд на паперу пускаць?
– А зачым наагул людзі пішуць? Зь якім розмыслам? Можа пісьмо нявартае жыцьцю, якое яно намагаецца адлюстраваць…
– “Адлюстраваць”? Цікавае слова. Не сустракаў я такога раней.
– А яго і няма нідзе, толькі ў маёй галаве. Я сам яго ізмысьліў.
– Можа ты іншых мужчын на ўдовіным падворку таксама прыдумаў, а прыдумку на пісьмо перанёс? Можа памеркаваў, што ў такой прыгажуні мусіць быць мноства каханкаў, дык так і напісаў? А можа быць ты ўсё прысьніў? Чаго толькі ня высьніць чалавек? Га?
– Не. Ня выдумаў і не прысьніў. Натаваў толькі тое, што на вочы ўласныя бачыў. Рэчы апісаны ў ісьце сваёй, а словы па кавалку ад усюдых узятыя…
– Зараз ты сам па кавалках у розныя куты ляжаш, – Мантгомэры ўвадначас зьмяніў датулешнюю прыязнасьць у голасе.
– На ўсё воля божая. Я сваю праўду сказаў. Спытай у юродзівага… Ён сёньня ля ўдавіцы круціўся.
– Ну, абізгале, кажы, – капітан павярнуўся да зьвязанага Такешы, які, вырачыўшы вочы, сядзеў побач. Ён працягваў удаваць зь сябе вар’ята.
– Зь цягам часу дуб, каторы стаіць пры дарозе, шторазу часьцей павадуе згадкі пра дзіцячыя гульні і першыя спробы выбару… Чаму журуся, гукі дуба чуючы? Ці не маленства мне голас падае? Адтуль туга мая, адтуль жаль мой аб немажлівым, недасяжным, прамінулым, неўзваротным. І хай бы яна ўжо маўчала аб мінуўшчыне, якой больш няма. Боль ломіць, разлучае, але так, што яднае і цягне да яе.
– Ага, нават так, – напяў маску разважлівасьці іншаземец. – Калі ты быў малым і здаровым, мог забаўляцца зь дзяўчынкай Алютай. Мог нават любіць яе. Цалаваць. Па-дзіцячы зусім. Ці не па-дзіцячы. І яна магла рабіць тое самае. А цяпер ты іншы. Яна цябе ня хоча нават бачыць. Але ты ўсё памятаеш і чапляешся да яе, а раптам пацалуе…
– Ага, ага… – азваўся Такеша.
Мантгомэры расплыўся ў кацінай усьмешцы і праз імгненьне моцна выцяў фальшывага юродзіўца нагой па твары. Усьмешкі, як і не было.
– Усё гэта бздура. Вы ўдвох хочаце пераканаць мяне, што бяз памяці ўлюбіліся ў Лявоніху? – капітан стомлена звузіў вочы, якія пачыналі гнаіцца ці то ад тутэйшага ветру, ці то квецені ліпаў.
– Катаваць абаіх, пакуль не дакапаецеся да казацкага сьледу іх учынкаў, – загадаў ён змрочнаму чалавеку, што называў сябе катам, і без прамаруды пакінуў склеп.
7.
З-за паркана чуўся голасны сьмех і барабанны пошчак. Казакі старанна выбівалі “Басалуку” [6]. Жаўнеры ў горадзе ня менш старанна, але безвынікова вышуквалі Алюту. Мантгомэры вярнуўся на вартавую вежу. Пан Аляксандар дыхаў злосьцю: казакі пасьпелі голасна пахваліцца, што спаймалі і ўмучылі ягонага таварыша пана Ленскага.
– Сказалі, што дзесяць чырвонцаў узялі, – бедаваў ён. – А гэта мне тыя грошы прызначаліся…