Выбрать главу

– Ня плач па валасох, калі галаву адсякаюць, – спакойна заўважыў капітан. – У горадзе здрада. Нейкая таемная суполка хоча падсобіць казакам. За гэтым патрабую ўзмацненьня варты надзейнымі людзьмі, пра якіх дакладна ведама, што казакоў ненавідзяць.

– Таемная суполка? – кашлянуўшы, перапытаў Жураўскі. – Быць такога ня можа. Пасьля ўсіх бедаў, прычыненых гораду казацкім збродам, толькі вар’ят можа спрыяць іхняму прыходу.

– Аднаго вар’ята ўжо дапытваюць. З прыдзіркамі.

– Такешу? Пане, які зь яго змоўнік? Бурбалкі зялёныя ў яго галаве, а ня змова. Ён нават крыкамі сваімі нікога падбухторыць няздатны, а пагатоў кіраваць змоўніцкай хеўрай. Кій перагінаеш, Вашаць.

– Чалом змоўніцкай аргады ёсьць ня ён, а найбарзджэй, Алёна Лявоніха.

– Цьху. Вось табе і маеш, – зладзіў кіслую міну пан Аляксандар. – Вы там у сваіх эўропах зусім з галавой не таварышуеце. Баба змоўніцкі важак! Абмачыць каленкі! Дзе такое бывала ў нашых краёх? Кудзеля і любебля – жаночыя рэчы. Ды каб аладкі пякла смачныя.

– Вось яна і напякла аладак, якія казакам каштаваць давядзецца, калі мы зараз без адвалокі не пачнем варушыцца.

Мантгомэры прымружыў вока, хітра глянуў на суразмоўцу і пасьля хвіліннага маўчаньня пацікавіўся:

– А як, дарэчы, Вашаць кагадзе здагадаўся, што я меў на ўвазе Такешу?

Вочы пана Жураўскага люта бліснулі, рука пацягнулася да зброі. Але капітан першым выхапіў шаблю і прыставіў яе супору да горла.

– Ня рухайся, – загадаў іншаземец. – Ты таксама зь імі? Колькі яшчэ тваіх апалчэнцаў супраць нас?

– Паасьцярожней з шабелькаю, Ёган. І ня трэба клямства вярзьці, пане, гонар мой шляхецкі ўлегцыменьнем зьневажаць.

– Адкуль чакаць казацкага наступу? Дзе іх зьбірюцца ўпусьціць у Гомей? – не сунімаўся Ёган і пачынаў патроху націскаць шабляю.

У памяшканьне раптоўна забег жаўнер і пачаў штось гаварыць да Мантгомэры. Скарыстаўшы з гэтага пан Аляксандар адскочыў назад, агаліў шаблю, падаўся наперад, секануў жаўнера па галаве і накінуўся на капітана. Рухі Жураўскага нагадвалі скачкі рысі. Агаломшаны, капітан зь цяжкасьцю абараняўся. На колькі цельпукаватым здаваўся яму здраднік, на столькі ж спрытным ён насамрэч апынуўся, атакуючы з усіх бакоў і патрапляючы адбіваць усе капітанавы выпады. Адчуўшы пэўную слабасьць, камандзір найміцкай залогі клікнуў сваіх жаўнераў, просячы дапамогі. “Цэльце ў рукі-ногі. Але не замардуйце”, – лямантаваў ён па-нямецку. Супраціўнік працягваў адорваць яго магутнымі шабельнымі ўдарамі, стрымліваць якія рабілася ўсё цяжэй а цяжэй. Бухнуў мушкетны стрэл. Пан Аляксандар Жураўскі адразу спыніў барацьбу і, прашаптаўшы: “Нашы сэрцы палаюць агнём”, марудна апусьціўся долу мёртвым. “Я ж прасіў параніць”, – крахтаў ад незадаволенасьці  Мантгомэры. Прыбеглы зь вязьніцы пахолак яшчэ больш узвар’яваў яго: кат перастараўся і абодва затрыманыя, так нічога не сказаўшы пра казакоў, душамі загавелі. Ёган адчуў прарэзьлівы боль галавы і пагрузіўся ў ружовы вязкі, бы кісель, туман. Такое ўжо здаралася раней пад Дэсаў і Лехам. Ад празьмернае стомы, напругі, а можа быць і невядомай хваробы, ён губляў пачуцьцё рэчаіснасьці, сядаў з заплюшчанымі вачыма долу і маўчаў. І абудзіць яго з гэтага здранцьвеньня было немагчыма.

8.

Адзінотны мушкетны стрэл на Спаскай вежы вельмі ўсхваляваў Лявона. Ён пашыбаваў да Забелы.

– Там нешта ня тое адбываецца, – заявіў паказачаны гамеянін.

– Ну стрэліў нехта, шклянога бога павітаўшы, дык што? – скептычна спытаў палкоўнік. – Ці хочаш сказаць, яны там ня п’юць?

– Ня ведаю, ці п’юць. Але рэч у тым, што ўмоўлена было па іншаму. Калі за парканам дзеіцца ўсё ладным для нас чынам, адзін з апалчэнцаў пачынае гарлаць песьню пра пападзьдзёвы цыцкі і страляць у неба. Акурат самы час для гэтага. Але, як бачыш, ані знаку. За парканам нешта творыцца… А раптам іх усіх выкрылі?

– Ведалі на што ішлі, – цьвёрда, без найменшага нацеку на міласэрнасьць прамовіў Пятро Забела. – І нюні разьвешваць тут ня трэба. Калі жывыя, дык азавуцца. Калі памерлыя, дык вечны ім спачын. Мы і самі можам управіцца.  Работы маім малойчыкам і так пакуль знойдзецца. Па ваколіцах праехаць ды шляхту за кашэль патрэсьці. Дзень-другі перачакаць можам. А ў іх, за парканам, прыпасаў паменее.

– Дазволь мне прабрацца ў Гомей сёньня.

– А я табе адразу казаў, што ўвязваць бабу ў такую справу ня трэба. Усё сапсуе.

– Яна ня баба, – як сякерай па калодцы ўдарыў, сказаў Лявон. Але словы ягоныя прагучалі неяк сьмешнавата, бо неўпрыцям нагадалі пра палкоўніка Мартына Нябабу, з чыйго загаду яны і апынудіся пад Гомеем.

– У кожным разе, – стары палкоўнік пільна зірнуў на паказачанага, – ніякага зухвальства я табе на сёньня не дазваляю. Сядзі тут. Адпачывай. Сілаў назапашвай.