Выбрать главу
Ананімшчыку
Хто ён такі? Што здарылася з ім? Як пры жыцці, і тут ён ананім.
Лайдаку
Усё жыццё ён марыў пра той час, Калі не трэба будзе варушыцца. Збылася мара гэтая якраз — Ён тут цяпер уволю наляжыцца.
Плеткару
Не плёў ён плётку толькі на каго! І колькі нерваў папсаваў ён людзям. Не вытрымалі нервы і яго — Сюды пайшоў. Пляткарыць больш не будзе.
Перастрахоўшчыку
Канаў — не пакідала хваляванне: Ці ўзгоднена з кім-небудзь пахаванне?

МАЛЫМ КАЛІБРАМ

Рукі лайдака
Гарачы час. І кожная рука У гаспадарцы летам на уліку. Хоць рукі, праўда, ёсць і ў лайдака, Ды тыя рукі толькі для прыліку.
На працы
Лайдак не любіць працаваць, А любіць толькі спажываць. Напэўна, трэба здаравяку Заўжды падносіць кукіш з макам.
Дамавіты
Мікіта жах быў дамавіты — Не выйдзе з дому наш Мікіта Ні да сяброў, ні прагуляцца, І нават не хадзіў... на працу.
Дапрэміраваўся
Хоць планы не выконваў зроду, А атрымоўваў прэміі заўсёды, Бо на прыпіскі быў ён зухаваты... Цяпер не атрымоўвае й зарплаты.
Няўпэўненасць хвалько
Славутых мог пералічыць, дальбог. Сказаць, што снедаў з тым, а з тым абедаў, Адно сказаць дакладна ён не мог: Яго самога хто з славутых ведаў?
Завочнік
У вочы ён — добразычлівец, Гарохам сцелецца, няйначай. За вочы ж — дык такі зласлівец, Якіх даўно ўжо свег не бачыў.
Рэха
Так павялося ўжо спрадвеку (Тут не адняць і не дадаць): Каб нарадзілася дзесь рэха, Спачатку трэба пагукаць.
Звычка хабарніка
Ён з гэтай самае пароды, Што бачыць ва усім выгоду. І за нязначную паслугу Бярэ з усіх і нават з друга.
Заўсёды першы
Ён першы новага начальніка вітаў. Быў на віду ў таго і меў спагаду. Калі ж начальніка знялі з пасады, Ён першы з ім вітацца перастаў.
Усё пад дуб
Дубовы стол. І крэсла з дуба. Пад дуб падведзен кабінет. І тут дубовым думкам люба Сядзець і не глядзець на свет.
Пісьменнік-падарожнік
На сходзе, пленуме ці з'ездзе — Хвалілі адным словам недзе Не тое, што ён напісаў, А як і дзе ён выступаў, За тое, што ён многа ездзіў.
Раўнапраўныя
Гаворыць жонка гэтак мне спакойна: — Мы здатны, як і вы, на справы слаўныя: Не толькі на зямлі мы з вамі роўныя, Цяпер і ў космасе мы раўнапраўныя.
Я выслухаў такое урачыста. Другое мне прыйшлося не па густу: Калі яна, напрыклад, бульбу чысціць, Я ў гэты час, браткі, крышу капусту.