Выбрать главу
І звольніўся «па ўласнаму жаданню». Жывая крытыка, Агонь сатыры ў нас Заўсёды на ўзбраенні! Але бываюць іншы раз Яшчэ здарэнні, Калі, і не маргнуўшы вокам, На крытыку адказваюць паклёпам.
ХІТРАЯ ЖУЧКА
У нейкага Хамы ці Мікалая Жучачка была малая, Ды хітрае такой пароды: Як побач гаспадар, дык зроду І да двара Нікога не падпусціць — Асцерагайцеся, бо ўкусіць! Стараннасці яе тады мяжы няма — Маўляў, тут хлеб свой ем я нездарма. Калі ж няма гаспадара, Дык можна выцягнуць усё з таго двара, Бо Жучкі нібы і няма, здаецца: Не гаўкне і не абзавецца.
Ды Жучка што! А вось работнік іншы, Калі начальства тут — такі ўжо ўвішны! Калі ж начальства побач не сядзіць — Ён на рабоце спіць.
БАБРЫНАЯ СПРАВА
Для ўтульнасці і для парадку Бабру ўцяпліць Спатрэбілася хатку, Бо дыхала асенняй слотай неба. Знайшоў і дрэва ён,                            якое трэба. Але каб дрэва тое спілаваць, Дазвол патрэбна ад Мядзведзя Атрымаць. (Мядзведзь загадваў Лесанарыхтоўчым трэстам.) — Так, так,— Мядзведзь сказаў,— урэшце, Не супраць я, Ды толькі вось на месцы Патрэбна дрэва тое нам агледзець... І па загаду Усё таго ж Мядзведзя За справу Крот узяўся. Дзён некалькі пад дрэвам ён капаўся, Усё агледзеў ён,                        не прапусціў нічога. Прыйшоў да заключэння ён такога: — Няхай Бабёр спілуе дрэва тое, Бо ўсё карэнне у яго сухое. — Яно, магчыма, так,— Мядзведзь зазначыў,— Ды трэба ўсё ж пабачыць, Які у дрэва ствол, якая крона, Каб нам ні ў чым не прагадаць. Ствол дрэва будзе Дзяцел аглядаць, А крону хай абследуе Варона...
Пакуль камісія птушыная пацела, Дык дрэва тое спарахнела.
ВУЗЕЛ
Вядро з Вяроўкаю пасябравалі: Нібы галубка з голубам, паціху буркавалі. Ім падпяваў музыка-калаўрот. Жылі Вядро з Вяроўкай Без турбот і без прыгод. Але парушана была аднойчы згода. Вядро заўважыла: — Пабыць хачу свабодным Я хоць раз, Бо звязаны з табою мы ўвесь час, А гэта не дае мне ходу. Сказала так і зачапілася за выступ зруба. Вяроўка кліча: — Чуеш, не дурэй, Хадзі сюды хутчэй! Ці ж я табе не люба? Мы ж так з табой дружылі,— І як пацягне! Колькі мела сілы. Вядро ж ні з месца. Вяроўка тузанула яшчэ раз І на сярэдзіне парвалася сама якраз — Вядро ў прадонне паляцела. — Ратуйце! — Толькі закрычаць паспела. Вядро, вядома, ўратавалі, Калі канцы Вяроўкі той звязалі. Цяпер жа і Вядру той вузел замінае — Чапляецца за калаўрот, ваду ўсю разлівае.
Вось так і з дружбаю: Калі яна парвецца, Дык як ні звязвай — вузел застанецца.
ТАНЦОР
На наваселлі у Казы пасля застолля Зайгралі музыканты кракавяк. І кожны тут і так, і сяк Сваё умельства паказаць стараўся. Не змог на месцы ўседзець і Вяпрук, У круг і ён прабраўся. Але, Як танцаваць не танцаваў ніколі, То і не ўмеў, А толькі грук ды грук. Вунь Козка аж замэкала ад болю — Бо капыткі ёй адтаптаў Вяпрук. Таго штурхнуў, таго зваліў зусім... Перашкаджаў ён танцаваць усім. Але ў няўмельстве не хацеў прызнацца. А каб хоць неяк апраўдацца, Пачаў ён так; — Не толькі кракавяк Танцую я, яй-богу, З дзяцінства польку, Танга, менуэт... Віною тут — няроўная падлога. (А там жа быў, як шкло, паркет.)