Іван. Пачакай, тата… (Бярэцца за сэрца.) Не твая, відаць, чарга…
Рэзка звоніць тэлофон. Іван нібы не чуе яго. Тады Ганна падносіць яму апарат, не здымаючы трубкі.
Ганна. Слухай сам… Я яго цяпер як змея баюся.
Іван здымае трубку, слухае. Нешта надзвычай уражвае яго.
Іван (праз паўзу, апалым голасам). Еду. (Трымае трубку ў апушчанай руцэ.) Чула маё сэрца…
Ганна (у жаху). Іваначка, што з ёю?!
Іван (пасля паўзы). Бяда, мама. Прарвала дамбу на вадасховішчы… (Рукой сціскае сэрца.)
Іван робіць некалькі крокаў да канапы, але ногі яго падкошваюцца, тэлефонная трубка выслізгвае з рукі і бразгае аб падлогу. З яе чуюцца кароткія трывожныя гудкі. Сцэна зацямняецца. Тэлефонныя гудкі паступова пераходзяць у гукі танометра. Пасля гэтыя гукі прыціхаюць, а потым зусім заміраюць, як і чалавечае сэрца.
Сцэна асвятляецца.
Каля рампы стаяць усе героі п’есы з усё тымі ж поўнымі чаркамі-паўшкляначкамі, прыкрытымі кавалачкамі чорнага хлеба з грудочкамі солі на іх. На сцяне сярод фотаздымкаў воінаў і партызан партрэт Івана з чорнай лентай на ражку рамкі.
Заслона