- Дык ён жа шчэ не жанаты...— уступалася за Сашку яе сяброўка, але размова была ўжо зачэплена. Хлопцы ж, пажэненыя і разведзеныя ледзь не ля кожнай лавачкі, йшлі далей.
Вёска сёння была не зусім звычайная: святочная. Называлася свята «Русалкаю». А па звычаях было яно сярэднім між Тройцаю і Купаллем. Бліжэй да Купалля, вядома. Усе платы, хаты былі абчапляны наламанымі з кустоў і дрэваў галінкамі і зелянелі, быццам ажыло дрэва, парасткі выпусціла. Бабулькі на лавачках сядзелі таксама з букетамі-венікамі галінак у руках і адмахваліся імі ад настырных да любое крыві камароў. I таму была, акрамя хлопцаў, у іх яшчэ адна размова, якая распачыналася разпораз:
- А ці хутка ўжо будзе тая Русалка? — пыталася адна з бабулек час ад часу. I старыя перагіналіся, цягнуліся галовамі ўперад, у той бок, адкуль павінна з'явіцца шэсце.
Хлопцы таксама кіравалі на далёкі край вёскі, адкуль пачыналася заўсёды свята, адкуль выходзілі дзяўчаты з вялізным вянком з траваў, галінак і красак у руках і, з песнямі, павольна йшлі да другога канца вёскі, дзе раскладвалася мужчынамі вогнішча.
Патроху цямнела. I белыя хвартухі бабулек пасталі шляхапазначальнымі маякамі для хлопцаў. Яны прайшлі ўжо з палову вёскі, калі з аднаго двара кінуўся наперарэз ім чорны цень з хрыпатым крыкам:
- Зарэжу!.. Стой, курва! Зарэжу!..
Цень кідаўся, аказалася, не да іх, а некуды міма, за рог плота. Там стаяла і ціхенька галасіла жанчына. Хлопцы пазналі: цётка Соня, а цень — ейны сын Змітрок, які напіўся і ганяў маці. Па звычцы: а што рабіць яшчэ, чым заняцца, калі тэлевізар сапсаваўся і прыспаць няма каму... Толькі на гэты раз Змітрок і сапраўды быў страшны — з ягонай рукі тырчаў доўгі сталовы нож, якім лёгка было й парсюку горла адгарнуць.
Змітрок заўважыў хлопцаў і абрадаваўся — як жа: аднакласнікі — падбег абдымацца і цалавацца. Ягоныя слінявыя (а можа, і ў ліпкай пене) губы агідна абмачылі Сашкаву шчаку і спаўзлі да шыі. Рукі коўзаліся па целе, спадалі ўніз, і Змітрок павісаў на Сашку, як на плоце. Шурка адышоўся колькі крокаў назад і не падпусціў Змітрака да сябе пытаннем:
- I чаму ты, Змітрок, у вёсцы застаўся? Ехаў бы ў горад, на сельмаш працаваць. Дзевак бы гарадскіх шчупаў з падбрытымі падмышкамі...
- Што? З чым? — спыніўся і перапытаў Змітрок.
- З падпахвамі паголенымі...
Змітрок хоць і п'яны быў, аднак, пэўна, жыва ўявіў сабе сказанае, бо зморшчыўся гідліва, нібы ўлез у нешта не надта прыемнае, і мацюкнуўся, адмаўляючыся ад такое перспектывы.
- Дурань ты,— сказаў Шурка,— гэта ж апошні піск моды...
А вось гэтага казаць якраз і не трэба было, бо зразумеў Змітрок толькі першыя словы і падзейнічалі яны на яго, як чырвоная ануча на быка. Ізноў бліснуў нож — цяпер ужо скіраваны ў бок Шуркі.
- Ды жартуе ён,— падаспеў Сашка і вымавіў нейтралізуючае слова:— Выпіць... выпіць ня хочаш?
Змітрок расплыўся ва ўсмешцы, твар ягоны зморшчыўся так, што зрабіўся страшным, адвіслі пад вачыма банькі і ледзь не зусім зніклі губы.
- Хлопцы... Ды вас... Да з вамі... Ды я...— загаварыў ён хутка.— Ды пайшліма да мяне. Я сёння тры згонкі выціснуў. Самагон — у роце гарыць. Пайшліма... Я ж адзін тутака кукую. Вы ж, сабакі, па гарадах разбегліся. А мне, можа, тутака й пабіцца няма з кім цяперака... Эх, хлопцы!..— і зноў палез да Сашкі абдымацца.
У класе іхнім было пятнаццаць хлопцаў і восем дзяўчат. I ўсе з'ехалі ў розныя гарады, па вучэльнях і заводах разбрыліся. У вёсцы здабываць хлеб ды мяса застаўся адзін Змітрок. Паспытаўшы гарадскога жыцця (хай сабе і інтэрнатаўскага): душ, прыбіральня ды гулі роз-ныя пад бокам — кіно, піўбар, дыскатэка... хлопцы разумелі Змітрака, можа, й больш, чымсьці ён іх, але піць не пайшлі. Не паспелі, бо з-за павароту паказаўся натоўп, над якій акрамя пылу віеела песня, разабраць з якое можна было толькі прыпеў, які раз-пораз паўтараўся: «Руеалачку правяду-у-у!..»
Хлопцы збіліся ўбок, да плота, дачакаліся падыходу дзяўчатаў, што няслі вялізны — метраў пяць — вянок, і далучыліся да іх. Свята ўцягнула хлопцаў у свой вір, адбіраючы думкі і навязваючы пачуцці. Натоўп рухаўся наперад і абрастаў бабулькамі з лавачак. Бабулькі да-лучаліся да песні, натхнёна, высока падводзілі «правя-ду-у-у-у-у!» і шчасліва брылі разам са збоем, што плыў па вуліцы павольна, каб ніхто не адстаў. Дзеці ж бегалі ад галавы шэсця да хваста, мітусіліся і надавалі яму да ўрачыстасці — святочнасць...