Наперадзе паказалася машына. Яна прыціснулася да ўзбочыны, з яе выйшлі людзі. Высокі мужчына зняў з галавы капялюш і згарнуў яго ў руках: пэўна, быў мужчына чужы і падумаў, што кагосьці хаваюць. А можа, яно так і было: бабулькі і сапраўды хавалі сваё свята, якое й жыло яшчэ дзякуючы ім і пакуль што, унукам, якіх выпраўлялі яны рваць краскі і плесці вянкі. Бо Змітрок ужо і еам не пойдзе і сваіх дзяцей і ўнукаў выпраўляць не будзе. Не будуць і Сашка з Шуркам, і песняў гэтых яны не ведаюць. Хоць і здзіўляліся зараз хлопцы — колькі іх шмат, і ўсе дарэчы, і ўсе пра свята. Але ні ў кога не варухнулася думка — запісаць іх, каб захаваць для сябе, для нашчадкаў. Навошта... Навошта, калі ёсць Лешчанка і Пугачова, Лявонцьеў і Ратару. Навошта, калі наш адрас Савецкі Саюз... I з мовы вясковае яны ўжо смяяліся ў сваіх Гарадах, калі чулі яе ад іншых, ад тых, хто толькі з вёскі прыехаў...
Русалка дайшла да краю вёскі. Там ужо шугала ў неба бела-сіняе вогнішча. На ўзгорку, ля самага жыта. Праходжваўся ў чаканні побач кульгавы дзед Хведар са стрэльбай — каб прагнаць стрэламі Русалку, якая заманьвае гожых хлопцаў у жыта і там замучвае іх у сваіх ласках да смерці. Людзі стоўпіліся ля вогнішча, і тут нехта з п'яных і нецярплівых не вытрываў і да часу кінуўся да вянка, каб урваць з яго болыны і лепшы кавалак. За ім кінуліся іншыя. Закрычалі, запішчэлі дзяўчаты, што трымалі вянок, разбегліся, і праз якую хвілю перабіралі ягоныя рэшткі бабулі, дзяліліся між сабою: лічылася, што мець пасмы гэтага Русалчынага вянка ў хаце — значыць мець шчасце і дабро. I хавалі-захоўвалі яго за абразом ці ў іншай таемнай мясціне да новае Русалкі.
Свята скончылася, не пачаўшыся. Працягваўся нейкі гвалт, тлум, скокі... Дзед Хведар, як блазен, страляў у неба, вымаючы з адное кішэні патроны і кідаючы міма другой гільзы. Ля ягоных ног круціліся дзеці і падбіралі іх. Моладзь скакала праз вогнішча. Была нядзеля, і сабралася яе, панаехала з далёкіх і блізкіх гарадоў шмат. Захацеў скочыць і Змітрок. Разагнаўся і перад самым вогнішчам зачапіўся за зямлю, за пагорак непрыкметны, і галавою наперад паляцеў у агонь, раскідваючы яго, распырскваючы, як ваду. З завершанага, акуратнага вогнішча амаль нічога не засталося — толькі гарэлі і дымілі на траве галузы. Змітрака выцягнулі з жару з падсмаленымі валасамі і чорным, у сажы, тварам. Ен абтросся троху і сказаў людзям, што абступілі яго:
— Расходзьцеся, хлопцы і дзеўкі, кіна ня будзе!..
Народ пачаў вяртацца ў вёску. А Сашка з Шуркам пайшлі ў ясыта — да Русалкі, да чорта, да д'ябла, да Бога... Да іншага няведамага жыцця, бо гэтае нейк адразу ўстыла, устыла, устыла... Устыла!..
1989
- Ты ня еў смажаных драздоў?.. Ты ня еў смажаных драздоў?.. Ты...
Здзіўленне заклініла Мішку. Адказ «не» ў ягонай галаве не ўмяшчаўся, не знаходзіў месца для разумення. I, як зайграны плыт, ён зноў і зноў паўтараў:
— Ты ня еў смажаных драздоў?..
Голас ягоны нарастаў, большаў, таўсцеў і навісаў над Лёнькам, гатовы абваліцца на яго і раструшчыць. Як стаптаная падэшва — хрушча пад дрэвам.
Лёнька, нібы вінаваты ў нечым ці злоўлены на месцы злачынства, апусціў галаву. Так, ён не еў смажаных драздоў, ён вырас пры развітым і канчатковым, калі ў крамах яшчэ нешта пракідалася і можна было абысціся без лясных прысмакаў.
Але Мішка гэтак далёка не думаў. Уражаны сваім адкрыццём, ён павярнуўся і расчаравана паплёўся ад Лёнькі: маўляў, што з табою тады... Ногі ягоныя цягнуліся па зямлі і пылілі, аднак пыл быў цяжкі і не падымаўся высока.
— Добра,— азірнуўся раптам Мішка,— бяры сваю прапяканку, пойдзем у лес, я цябе драздамі пачастую. Іх, нечапаных, развялося — процьма. I пляшка ў мяне ёсць. Вазьму...
Мішка перажыў пасляваенную галадуху і добра ведаў не толькі смак смажаных драздоў, але і вараных варон, мерзлае бульбы, хваёвае кары. Мо таму і росту яму было дадзена метр, не болей. У свае амаль сорак гадоў быў ён з першакласніка. Маладзейшыя называлі яго ліліпутам, старэйшыя — неданоскам, а ўсе разам — баўтуном і посікам. Але за вочы — хоць і ведаў ён свае мянушкі,— бо паважалі.
З дарослымі Мішка працаваў у калгасных майстэрнях, а круціўся больш сярод дзяцей, і для хлопцаў гадоў дванаццаці-пятнаццаці, якіх найчасцей выбіраў сабе ў сябры, быў ён найвя-лікшым аўтарытэтам, бо шмат ведаў і многае ўмеў. Планы ў такім узросце на дзень наперад не складаюцца, а калі й ёсць яны, дык хутка адмяняюцца новым жаданнем і забываюцца. Лёнька намерыўся купацца, аднак Мішкава прапанова перапыніла яго, ён тут жа вярнуўся дахаты па прапяканку і прыпасы да яе.