Выбрать главу

Зборы занялі няшмат, і праз паўгадзіны кіравалі яны да лесу. Па баку Мішку біла чорная кірзавая школьная кайстра. З яе выглядвала заткнутае папяровым коркам вока пляшкі. Мішка йшоў хутка, як прывык, а Лёнька няспешна, каб не абганяць яго. Быў час у Лёнькі разгледзець раекосае поле, дывановы луг, купку груш-дзічак злева. Хацелася распытаць Мішку пра смажаных драздоў, але той толькі соп часценька ды накручваў дарогу.

Ля першых, прытуленых да лесу кустоў спыніліся. Лёнька прысеў наўколенцы, дастаў з-за пазухі самапал-прапяканку, ашчадна расклаў перад сабою порах у аптэкарскай пляшачцы, шрот і пыжы ў бляшаных пушках. Прапяканка ў Лёнькі была знатная — абабітая бляхаю з-пад балгарскага гарошку, яна бліскацела на сонцы страшнаю цацкай. Мішка згледзеў яе і спытаў:

- Добра б'е?

- З дваццаці крокаў дошку-саракоўку — навылёт... I кучна...

- Двойкаю зараджай,— параіў Мішка,— бо з дразда анічога не застанецца...

Праз рулю Лёнька забіў пачаргова порах, пыжы, шрот, пыжы, прымацаваў як трэба запалкі. I пачалі яны красціся ў лес: ступаць мякка і працяжна, каб не нарабіць шолаху і не распужаць загадзя птушак, а мо й звяроў якіх наземных.

Лес шумеў вершалінамі з густою лістотаю і перашкаджаў слухаць, галіны лезлі ў вочы абламаным цурбаллем і перашкаджалі ўзірацца. Доўга кружлялі паляўнічыя між дрэваў: у Лёнькі ажно рукі закляклі, зрабіліся драўлянымі і непаслухмянымі — чужымі — ад самапала напагатове. I нічога ніякага. I вопыт Мішкаў даўні не дапамагаў. Хоць лес не вельмі замінаў яму і прапяканка рукі не адцягвала. Ішоў ён, галаву падняўшы, вушы наставіўіны і вочы вылупіўшы — як сабака, што ката пачуў ды не ўбачыў яшчэ. Лес радзеў і зноў гушчэў, дарогі, ускілзаныя трактарамі ды вазамі, перабягалі іхні шлях, воглы балотны мох пад нагамі змяняла сухая ігліца, пакручастае леташняе лісцё — вясёлая, коўзкая трава-мучка, недзе зусім по-бач, то справа, то злева, то ззаду, то наперадзе — вакол — спявалі і ціўкалі, радаваліся жыццю бесклапотныя птушкі, аднак ніводная з іх, быццам на смех, так і не паказалася на вочы паляўнічым, як ні кідаліся яны на новы блізкі голас, як ні ўзіраліся ў міжгалінне дрэваў. Адсырэў зацяты ў кулаку карабок з запалкамі, толькі ўніз пазірала ўжо руля прапяканкі. I ледзь сунуліся наперад падагнутыя нязвыклаю хадою ногі.

— Дуплы, дуплы шукай,— раіў Мішка,— дразды па дуплах сяліцца таксама любяць...

Але дрэвы навокал былі маладыя і гонкія, здаровыя, не чапаныя дзятлам. I зноў жа, не тое што драздоў, аніякіх птушак не бачна было, быццам паведамляла ім нейкая контрразведка, што паляваць на іх ідуць.

Кіламетраў за дзесяць ад вёскі ўвайшлі паляўнічыя ў малады, бадзёра-зялёны хвойнік. На вока — гадоў пад пятнаццаць яму, як і Лёньку. Быццам ягоная маці цяжарная гэты хвойнік садзіла. Ростам жа ён — ого-го! — метраў пяць і болей. А знізу ўсё роўна густы, галінамі сухімі ўтырканы: не было каму па іх хадзіць, сучча адмерлае абцерці. Біўся-біўся з ім Мішка, узмакрэў увесь, абліп ігліцаю. Не да драздоў зрабілася. У галаву ўплішчылася адно жаданне: адпачыць. I яно, урэшце, перамагло. Мішка выбраў палянку з трыма бярозкамі сярод хвоек і сказаў:

- Усё, далей ня пойдзем. Перакур...

Селі. Ногі выпрасталі-зыцягнулі. Далёка — ажно да краю палянкі. Падняліся. Наламалі дроў вакол. Сухіх, як пад дахам. Расклалі лёгкае вогнішча — агонь і дым не відаць, сучкі проста на вачах чарнеюць і скручваюцца. Мішка дастаў нож і парэзаў на грудзях хлеб. Потым пакрэмзаў сала, накалоў яго на шкворні і даў Лёньку ў абедзве рукі смажыць. Апошняю, як тоўстая задастая пані ў зялёнай сукенцы ў абцяжку, вылезла пляшка. Амаль да паловы плёхалася ў ёй гарэлка.

Самагонка была пякучая і перасядала ў горле. Лёнька сілаю заганяў яе ў нутро і падпіхваў далей салам. Толькі што з агню, яно сцякала на хлеб тлушчам, апякала сабою губы, пахла дымам — і было найсмачнейшым ежывам у свеце. Пілі і елі не моўчкі, аднак пра што гаманілі — не запаміналася, абцякала яно памяць, як мутная вада слуп у навальніцу. Языкі проста працавалі, каб час заняць.

Пакуль пляшка апусцела — Мішка з Лёнькам ап'янелі. А ці шмат ім, падлетку ды ўкарочанаму напалову мужыку, трэба? Лёнька сядзеў, прыжмурыўшы вочы, лавіў галаву, а яна кружляла і вадзіла вачыма па дрэвах, вогнішчы, Мішку. I было добра ў яго на душы і весела на твары. Потым ён прылёг, ды не заснуў, а слухаў у сабе, як адпачываюць ногі, як па целе расплы-ваецца лёгкасць — хоць у скокі кідайся, быццам і не было да гэтага хвойніку дзесяцікіламетро-вага шляху.

Мішка таксама паляжаў трохі і ўспомніў пра самапал.

- Ану, давай пабачым, які ты стралок цэлкі,— сказаў ён і ўстаў, абняў за рыльца пляшку і, віхляючыся, аднёс яе на недалёкі — метраў на тры — кратовы грудок. Паставіў — пляшка няўмела, нясмела ўпала. Зноў паставіў — нахілілася і, падумаўшы, скацілася пад ногі. I тады Мішка насадзіў яе дзіркаю на невысокі надламаны сук.