Пачалі збірацца. Залілі чым у каго было вогнішча і ўзгадалі пра непасмажаных сайчанят. Знайшлі кайстру. А ў ёй ужо ціха і смярдзіць — нехта з паляўнічых неўпрыкмет сеў на яе і птушанят падушыў. Размазалася слізь і нутраная чарната іхняя па ўсёй кайстры. Мішка вытрас грузкі камяк птушанят пад хваіну, нагою прытаптаў, ігліцы наверх нагарнуў. I доўга пляваўся і мацюкаўся, вычышчаючы травою спаганеную кайстру.
1989
Сёння быў звычайны дзень: сонца, як заўсёды, падала на зямлю жоўтым цяплом; дрэвы старанна, нібы ўлагоджваючы вецер, шапацелі лісцём; людзі бязмэтна і бяздумна — так здавалася ад спякоты — блукалі па вялікім, няўтульным горадзе.
Увечары я ад'язджаў адсюль. Да адыходу цягніка заставалася некалькі гадзін. I я разгублена хадзіў па горадзе, натыкаючыся на знаёмыя мясціны. Я развітваўся з горадам. Калі паветра пачало насычацца сінечай, я пайшоў на вакзал.
У вагоне, ад раптоўнай моцнай стомы і самоты, я залез на верхнюю паліцу і заснуў...
Прыехалі мы надзіва хутка. Калі я прачнуўся, белая пляма акна кідала такое ж белае святло на твары пасажыраў. За акном насустрач цягніку беглі дамы чужога горада. Потым яны спыніліся, у тамбуры правадніца пахіснулася і глуха ўдарылася аб сцяну. На момант яна сцялася, нібы пастарэла ад болю, а затым з лёгкім рыпеннем, якое халадзіла цела, адчыніла дзверы. Пачаргова апускаючыся з прыступкі на прыступку, я сышоў на заліты дажджом да лужынаў перон.
Мяне, вядома, ніхто не сустрэў. Родны дом быў яшчэ далёка, недзе там, у лёгкім тумане памяці. Такім лёгкім, што ад першага подыху ветрыку — іншага ўспаміну — ён мог растаць, знікнуць. Дадому трэба было яшчэ вельмі доўга — цэлыя тры гадзіны — ехаць. Ехаць у аб-шарпаным, чырвоным дызелі, які адным сваім знешнім выглядам выклікаў непрыемныя, нат агідныя пачуцці. Я пайшоў па білет. У вялікім, амаль пустым, памяшканні прыгарадных кас, падкрэсліваючы яго ўбоства, гарэла бляклае святло. Адзінокія пасажыры маркоціліся ля сцен. Білетныя аўтаматы блішчэлі зялёнымі вачыма лямпачак і здаваліся болып жывымі. Вакенцы кас побач з імі сумавалі па вялікіх чэргах.
Праз хвіліну, сціскаючы ў руках ледзь адчувальны білет, я накіраваўся да выхаду. I тут убачыў адзінага чалавека, які яшчэ варушыўся ў гэтай зале. Гэта была бабулька, згорбленая да таго, што плечы, здавалася, уздымаліся вышэй галавы. Яна абыходзіла цені паса-жыраў і нешта гаварыла ім бяззубым шэптам. Часам адтуль, дзе яна спынялася, чуўся звон манет. «Падайце, бога радзі!..» — пачуў я зусім побач. Пачуў і заспяшаўся да выхаду ад нейкага незразумелага жадання сысці адсюль як далей. Толькі не — зразумелага: у мяне раптам хвілінна — праплыло перад вачыма, нібы ўрывак нямога фільма, тое, як бабулька падышла да мяне, паўтарыла свае словы, і я, сарамліва і збянтэжана, нервова і спешна, стаў шукаць у кішэнях, а потым даваць ёй капейкі. Пачуццё чакання, якое чыталася б тады ва ўсёй постаці бабулькі, мне падалося невыносным. Яно абражала мяне...
I толькі на вуліцы я ачуўся. Халаднаваты бэзавы вечар прасвятліў галаву. «Які ж я дурань!» — балюча падумалася.
Я вярнуўся ў залу і стаў на самым бачным месцы. Проста нада мной вісела ўніз галавой лямпачка — цьмяная, заседжаная мухамі да матавасці. Правай рукой я сціскаў у кішэні напагатове жменю манетак. Жаданне, каб бабулька нарэшце падышла да мяне, паступова ператварылася ва ўмольнае падрогванне. Але бабулька, падмятаючы падлогу крысом старога, дзіравага, месцамі працёртага да змены колеру халата, ужо колькі разоў прайшла міма. Кеды, што былі на ёй, бязгучна прыліпалі да склізкіх плітаў, халат прыкрываў ногі, і, здавалася, бабулька ціха плавала вакол мяне ў нейкім незразумелым танцы. Вочы яе, незвычайна пільныя і рухавыя, не спыняліся толькі на мне. Калі яна зноў прайшла-праплыла паўз мяне, занятая сваёй справай — я не вытрываў, падышоў да яе.