Выбрать главу

I тут у галаву яму прыйшла думка, якую бацькі ягоныя чакалі ўсе шэсць пасляінсты-туцкіх гадоў і дзеля якое выменялі яму асобную кватэру. Прыйшла, як гаспадыня, вымеўшы ўсе астатнія за парог. Сяржук здзівіўся ёй, паспрабаваў папрачацца, а потым пагадзіўся: «А й сапраўды: чаму б мне не ажаніцца? Жонка будзе ў чэргах харчы выстойваць і штодзень радаваць чым-небудзь арыгінальным па кулінарным даведніку...» Такая перспектыва спадабалася Сержуку. Ен выгукнуў голасна: «Далоў яешню!» і так ляснуў дзвярыма лядоўні, што яна пакрыўдзілася і адключылася.

Засталася дробязь: выбраць нявесту. Улічваючы, што мае ён кватэру і прапіску, кандыдатак было некалькі. I найперш — Дзіна. Заўсёды з густам падмаляваная, з пульхнымі, смачнымі губамі і — даўганогая, асабліва калі ў кароценькай форменнай спаднічцы. Дзяжурыла яна на станцыі метро «Кастрычніцкая», і паўз яе штораніцы Сяржук кіраваў на працу. Яны віталіся позіркамі, як знаёмыя, і Сержуку, пэўна, не склала б цяжкасці падысці да яе і прапанаваць: «Давай пажэнімся!..»

Сяржук уявіў сабе ранішняе метро, сонны збой таўклівых пасажыраў, шкляны акварыум з Дзінай, а побач... побач стаяў хвосткі сяржанцік у шызай міліцэйскай форме... I як Сяржук пра яго забыўся? Гэта ж ад яго ён пачуў імя дзяўчыны — Дзіна. Пра такія вось пары па Мінску розныя чуткі хадзілі. I пра дзяўчат, з позніх дзяжурстваў у метро. Не, што-што, а класці ў ложак жонку-самадайку, хай сабе і былую, з якіх, як пішуць класікі, якраз і атрымліваюцца добрыя жонкі, Сяржук не хацеў.

Ен вярнуўся да лядоўні, дастаў маргарын. «Няпростая гэта справа — выбраць жонку»,— падсумаваў ціха свой першы пракол, наразаючы на патэльню лусты маргарыну. I прыгадаў Валянціну. Не Валю, а менавіта Валянціну. Сакратарка дырэктара апраналася заўсёды строга — пінжак, галынтук і, зноў жа, модная зараз кароценькая, цесная спаднічка, ад якой рухавік фантазіі заводзіўся ў мужчын з паўпогляду і дамалёўваў астатнія формы. Мікалай Пятровіч клікаў яе гэтак — ласкава і афіцыйна адначасна — Валянціна. Мо каб падкрэсліць іхнія толькі дзелавыя адносіны. Так і прыжылося.

Валянціна таксама вылучала Сержука сярод іншых. I суровы позірк ейны мякчэў і сырэў, калі ён зазіраў у прыёмную.

— Мікалай Пятровіч вас прыме,— абяцала яна загадзя і падымала тэлефонную трубку. Ці, апусціўшы сціпла даўгія, умела падрошчаныя фарбай, вейкі, казала найграна-трапяткім гола-сам:— Пакіньце, Мікалай Пятровіч падпіша...

I Мікалай Пятровіч падпісваў. Улавіўшы гэтую слабасць Валяніцы, Сержуковы калегі часта карысталіся ім, каб здабыць безнадзейны подпіс.

Валянціна была інтэрнатаўскай лімітчыцай. А Сяржук — ці не адзіным халастым ітээраўцам на іхнім невялікім заводзіку са сталым перажэненым калектывам. «Каханне, каханне трэба ставіць на першае месца, а не нейкія меркантыльныя інтарэсы»,— паўшчуваў Сяржук Валянціну. I адрынуў яе. Валянціна, вядома, «пакахае» яго, выйдзе замуж, а праз паўгода выганіць з кватэры, як тая ліса зайца з ягонае хаткі ў казцы. I вернецца да дырэктара.

Другое яйка Сяржук, задумаўшыся, разбіў няўдала. Вызвалены жаўток радасна разбегся на паўпатэльні. А гэтага Сяржук не любіў. Іншым разам хапіла б такога здарэння, каб сапсаваць яму настрой на ўвесь вечар. Аднак зараз галава ягоная была занятая выбарам, і ён сцярпеў непаслухмянае яйка.

«Жанна...» — вылучыў Сяржук наступную кандыдатку ў жонкі. Жыла Жанна на адной лесвічнай пляцоўцы і яшчэ са школы смела пазірала пры еустрэчы ў вочы Сержуку. I быццам чакала ад яго чагосьці. У школьніц гэтакі позірк лічыцца прызнаннем у каханні. Але Сяржук не ведаў гэтых сімвалаў і сам, першым, адводзіў вочы і праходзіў міма. Мыючы ў сваю чаргу лесвічную пляцоўку, Жанна, бессаромна расшпіліўшы халацік, стукалася ў дзверы Сержука і нешта выдуманае пытала. Яго бянтэжылі гэтыя выхадкі дзяўчыны. I толькі.

Так, Жанна была закаханая ў яго са школы. I лепшай жонкі яму не знайсці, калі б... калі б не запланаванае на заўтра яе вяселле. Не дачакалася яна, покуль запросіць Сяржук яе да сябе ў госці, у ложак...

Сяржук паставіў патэльню на стол. Больш кандыдатак у жонкі ў яго не было. «Не густа...» — крыва ўсміхнуўся ён. Неяк раней пра гэта ён не думаў, хапала іншых праблем. Ад пачатку ўцягнуў яго ў сябе вір жыцця: школа, інстытут, малады спецыяліст на заводзе... Здаецца, й азірнуцца не было калі: вучоба — бібліятэка, работа — завод. Ні сяброў, ні сябровак блізкіх. Аднакласнікі, аднакурснікі, калегі... I вось выплюнуў яго раптам вір на бераг — ідзі, жыві, як усе, а ён, аказваецца, зусім не гатовы да такога жыцця. Аднакласніцы ды аднакурсніцы ягоныя даўно павыходзілі замуж і раз'ехаліся па неабсяжнай краіне, сам з дому пасля працы апошнім часам не вылазіў, клуб «Для тых, каму за 30±5» не наведваў. Не патрэбна было яму гэта, не цягнула, не вабіла. Адзіны сябар — тэлевізар, адна сяброўка — канапа былі ягонымі спадарожнікамі. I мужыкі цішком пасмейваліся з яго, казалі: «Ні рыба ні мяса» і дадавалі: «Можа, й знойдзецца якая шалахвостка ды прыжэніць яго на сабе, бо сам не парупіцца...»