Выбрать главу

— Мы не немцы, — стрымана сказаў Рыбак.

— А хто ж вы? Можа, красныя армейцы? Дык красныя армейцы на фронце ваююць, а вы во па завуголлі шастаеце. Ды яшчэ падавай вам… бульбачкі, агурочкаў… Гэлька, вазьмі Лёніка! — крыкнула яна старэйшай, а сама не раздзелася, а пачала прыбіраць ля прыпечка: чыгункі — на прыпек, цабэрак — у парог, венік — у кут.

За сталом пачаў натужліва кашляць Сотнікаў. Яна пакасілася на яго, нахмурылася, але змоўчала, не пакідаючы прыбіраць, — тузанула брудную фіранку над дзіркай у падпечча. Рыбак устаў. Здаецца, ён даў маху — абыходзіцца з ёй, мабыць, трэба было стражэй, з гэтаю сварлівай раззлаванай бабай.

— Дарма, цётка! Мы да вас па-добраму, а вы сварыцеся.

— Хіба я сваруся? Каб я сварылася, вашай бы і нагі тут не было. Цыц вы, халеры! Вас яшчэ не хапала! — шыкнула яна на дзятву, якая церлася ля занавескі. — Гэля, вазьмі Лёніка, сказала! Лёнік, наб'ю!

— А я, мамацка, палцізанаў глядзець буду.

— Я табе пагляджу! — пагрозліва тупанула яна да перагародкі, і дзеці пазнікалі. — Парцізаны! Адно што звання — парцізаны. Лепей бы ўжо дома сядзелі.

Рыбак пільна сачыў за ёй, згадваючы, чаго яна такая ўзлаваная, гэтая Дзёмчыха. У галаве яго праносіліся самыя розныя меркаванні: жонка паліцая, якая радня іх ці, можа, пакрыўджаная чым пры Савецкай уладзе? Але, падумаўшы, ён адкінуў тыя здагадкі — усе яны не надта стасаваліся да гаротнага жыцця гэтай жанчыны.

— А дзе твой Дзёмка? — раптам спытаў Рыбак.

Яна разагнулася і неяк насцярожана, амаль боязна паглядзела на яго.

— А вы скуль Дзёмку ведаеце?

— Ды ўжо ведаем.

— Чаго ж тады пытаецеся? Хіба цяпер жонкі ведаюць, дзе іх мужыкі? Пакідалі во, жыві як хочаш.

Яна ўзяла з парога венік і пачала замятаць ля печы. Усе яе рэзкія і шырокія рухі сведчылі пра злосць і неспакой. Рыбак сядзеў, не ведаючы, як урэшце падступіцца да гэтай Дзёмчыхі з той размовай, дзеля якой ён і чакаў яе.

— Тут бач, цётка, таварыш таго…

Яна зноў разагнулася, зірнула на Сотнікава ў куце. Той варухнуўся, памкнуўся ўстаць і хваравіта перацяў стогн. Дзёмчыха на момант знерухомела з венікам у руках. Рыбак падаўся к таварышу.

— Ось бачыш, кепска яму, — сказаў ён.

Сотнікаў хвіліну курчыўся ад болю ў назе, аберуч трымаючыся за калена і сцяўшы зубы, каб не стагнаць.

— Халера, прыкарэла, мусіць.

— А ты не тузайся, ляжы. Цябе ж не гоняць.

Пакуль Рыбак уладкоўваў нагу ўздоўж лавы, Дзёмчыха хмурылася, але што далей разкаваты выраз яе стомленага твару пачаў мякчэць.

— Падкласці што трэба, — сказала яна і пайшла за перагародку, адкуль неўзабаве вынесла старую, з клоччам шэрае ваты, ватоўку. — На, мякчэй будзе.

«Так, — адзначыў у думках Рыбак. — Гэта ўжо іншая справа. Можа, яшчэ падабрэе гэта злосная кабеціна».

Сотнікаў прыўзняўся, яна паклала ватоўку ў кут пад яго галаву, і ён, пакашліваючы, тут жа апусціўся зноў. Дыханне яго па-ранейшаму было частае і труднае.

— Хворы, — ужо іншым тонам, спакойна сказала Дзёмчыха. — Жар, пэўна. Вунь як гарыць.

— Гэта пройдзе, — махнуў рукой Рыбак. — Гэта не страшна.

— Ну канешне! — зазлавала жанчына. — Вам усё не страшна. І страляюць у вас — не страшна. І што маці гора — не страшна. Нічога не страшна. А нам… Зёлак зварыць нада, напіцца, спацець. А то вунь могілкі побач.

— Могілкі не самае горшае, — праз кашаль сказаў Сотнікаў.

Ён неяк нядобра ажывеў пасля кароткага забыцця, мусіць, ад тэмпературы, ці што. Рыбак проста не пазнаваў яго: рэзка счырванелы твар, ліхаманкавы бляск вачэй і нейкая ненатуральная парывістасць у рухах.

— Што ж яшчэ можа быць горш? — спытала Дзёмчыха, збіраючы са стала талеркі. — Мабыць жа, у пекла не верыце?

— Мы ў рай верым, — сказаў Рыбак.

— Дачакаецеся раю, а як жа.

Гаспадыня забразгала засланкай, палезла ў печ, пачала шоргаць там чыгунамі. Аднак, падобна было, яна ўжо спакойнела, нават дабрэла. Рыбак адчуваў тое і думаў, што, можа, як-небудзь усё яшчэ ўладзіцца.

— Цёплай бы вады рану абмыць. Ранілі яго, цётка.

— Ды ўжо ж бачу — не сабака ўкусіў. Вунь усю ноч ля Стараселля бахалі, — паведаміла яна і абаперлася на вілачнік. — Кажуць, аднаго паліцыянта падстрэлілі. Невядома, ці выжыве.

— Паліцая?

— Ну.

— А хто казаў?

— Бабы казалі.

— Ну, калі бабы, то пэўна, — усміхнуўся на канцы лаўкі Рыбак. — Яны ўсё ведаюць.

Дзёмчыха зласліва азірнулася ад печы.

— А то не? Мабыць, ведаюць. Вы ж во пытаецеся, бо не ведаеце.