Выбрать главу

— Пакулле там! За пакулле лезьце! — падказвала знізу гаспадыня.

Рыбак ступіў па мяккай засыпцы гарышча, тут, як і ў сенцах, панаваў змрок, але з-пад страхі і праз маленькае акенца ў шчытку трохі цадзілася святла, у якім ён убачыў шырокі цагляны слуп коміна, нейкія транты на вешале, зламаны калаўрот у доле. Зводдаль пад дахам грувасцілася ладная куча пакулля.

— Сюды давай!

Сотнікаў, падабраўшы вінтоўку, на кукішках падаўся пад страху ў кут, куды ён паказваў, Рыбак ботам піхнуў на яго пакулле, потым яшчэ. Потым таксама ціснуўся ў падстрэшак за спіну таварыша, слыхам пранікаючы туды, уніз, дзе непадалёк ужо рыпелі на снезе крокі.

Хвіліну яны, замёршы, ляжалі, ледзь утаймоўваючы дыханне. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Ледзьве спраўляючыся з дыханнем, Рыбак з усяе сілы стараўся згадаць па тым, што ўбачыў: ішлі яны менавіта па іхніх слядах ці так проста кіравалі ў вёску. Калі па слядах, тады, вядома, будуць шукаць. Тады наўрад ці ім тут адлежацца. У грудзях Сотнікава рыпела-гуло, гэта перашкаджала слухаць, яны абодва змярцвелі, стараючыся як мага болей учуць. Галасы былі ўжо так блізка, што іх узяў жах — немцы загаварылі з Дзёмчыхай.

— Прывет, фрава! Як жысць?

То былі паліцаі, гэта было зразумела з першага іх слова, яны пратупалі па падворку, здаецца, накіроўваючыся да ганка. Дзёмчыха чагось маўчала, і Рыбак стаіўся ў чаканні, з усяе сілы прагнучы, каб прайшлі міма.

— Што маўчыш? Заві ў госці, — глухавата пачулася на гарышчы.

— Хай вас на могілкі завуць, такіх гасцей.

«Э, не трэба так, — пранеслася ў галаве Рыбака. — Нашто ты задзіраешся!» Пільна слухаючы, ён балюча перажываў грубыя словы гаспадыні і баяўся, што яна дастукаецца ўрэшце бяды.

— Ого! Ты што, недавольна?

— Давольна. Радуюся, а як жа?!

— То-та! Гарэлка ёсць?

— А ў мяне хіба крама?

— А закусь! Ану-ка, гані пару кілбас!

— Ого, чаго захацелі!! З ката я іх вам нараблю? Падсвінка забралі, а цяпер кілбас ім!

— Во як ты нас спатыкаеш! — з'едліва заскрыпеў другі голас. — Партызан дык нябось і смятанкай карміла б!

— Мае дзеці смятаны паўгода не бачылі.

— Так мы табе і паверым!

Ну, вядома, нельга было так злосна і сварліва абыходзіцца з імі, вось яны і не прайшлі міма — іх важкія крокі затупалі ўжо ў сенцах, але, здаецца, дзверы ў хату яшчэ не адчыняліся, і Рыбак аж пахаладзеў ад нечаканага і такога простага цяпер меркавання: а раптам палезуць на гарышча шукаць кілбас? Ды не, пакуль што загрукала ў сенцах, — мусіць, адкінулі века ў скрыні, пасля застукала нешта драбнейшае, нешта ўпала на дол і пакацілася з гучным бляшаным лязгатам. Баючыся скрануцца, Рыбак ціха ляжаў за пакуллем, скоса пазіраючы на змрочны, у павуцінні, бок кроквы з адсталай карыной і думаў: не, прыйшлі не па іх. Шукаюць спажывы — звычайны паліцэйскі занятак у вёсцы, а на могілках, мусіць, пост-засада — будуць пільнаваць дарогу.

Яны яшчэ не скончылі свайго груку ў сенцах, як Сотнікаў побач ненатуральна выпнуўся, спіна яго выгнулася, у грудзях нешта ліхаманкава захадзіла, і Рыбак ажно спалохаўся, што кашляне. Ды ён не кашлянуў, неяк стрымаўся, сціх, а яны там, унізе, ужо бразгалі клямкай, і вось ужо іхнія галасы прыглушана данесліся з хаты.

— Дзе гаспадар? У Маскоўшчыне?

— А я скуль ведаю?

— Не ведаеш? Затое мы ведаем. Стась, скажы, дзе яе мужык?

— Ды, пэўна ж, у войску.

— О, сука, скрывае! Ану, улупі ёй!

— А-яй! Гадаўё вы! — закрычала Дзёмчыха. — Каб вам скруцянець да вечара! Каб вашыя вочы груганы паклявалі! Каб вы дзяцей сваіх не ўбачылі!..

— Ах, во як! Стась!

Невядома, што яны зрабілі з ёй, але ў хаце жахліва закрычала дзятва, загаласіла дзяўчынка, і раптам з напятых грудзей Сотнікава бухнуў кашаль. Бухнуў толькі адзін раз, але ў Рыбака аж пацямнела ўваччу, рукі самі шаснулі ў пакуллі да рота Сотнікава, але той бухнуў і яшчэ. У хаце ўраз усё змоўкла, нібы ўсе выскачылі з яе. Рыбак спазнела сцяў Сотнікаву сківіцы, і той скурчыўся ў сутаргавай нутраной патузе.

— Хто там? — урэшце пачулася з хаты.

— Ды ніхто. Кот у мяне там, прастуджаны, ну, кашляе, — чуваць было, спалохана загаманіла Дзёмчыха, ды яе не надта ўпэўненыя словы, мусіць, нікога не пераканалі.

— Стась! — уладна скамандаваў гучны разлютаваны голас.

Рыбак зацяў дыханне на выдыху, выразна адчуваючы, што вось-вось усё загіне. Мусіць, трэба было абараняцца, страляць, хай бы і яны пагінулі, але невядома адкуль з'явілася апошняя надзея на цуд, падумалася: а раптам пашанцуе, не знойдуць. Ён разумеў, што гэта кволая надзея — сястра роспачы, але іншай у іх не асталося, і ён з усяе сілы прагнуў, каб яна спраўдзілася.