Выбрать главу

— Прывезлі?

— А то як жа! — ахвотна азваўся Стась. — Мы ды каб не прывезлі. Во, прымай галубчыкаў!

Ён лёгка саскочыў з саней, паддаў локцем вінтоўку — тут ужо ў ёй не было пільнай патрэбы, тут не ўцячэш. Пакуль возчык і Рыбак вылазілі з саней, Сотнікаў паныла аглядаў будыніну, дзе, мяркуючы па ўсім, ім хутка давядзецца сербануць ліха: мураваныя сцены, высокі ганак з паддашкам, крутыя прыступкі ў склеп. Адно з закрачаных вокнаў было пабіта, а ніжнія шыбы застаўлены жоўтымі фанерынамі з абрыўкамі нейкага гатычнага надпісу. Усё тут было прыбрана, падмецена. Тым часам паліцай у кіцелі дастаў ключ і па сходках пайшоў уніз да дзвярэй пад ганкам — там на пагрэбчыку віднеўся здаравенны вісячы замок з перакладзінай.

— Давай усіх сюды!

Ужо ўсе павылазілі з саней — Стась, Рыбак з возчыкам, воддаль паліцаі з тых развальнёў і Дзёмчыха, ад выгляду якой у Сотнікава жаласна сцялася сэрца: яе за што? Са звязанымі ззаду рукамі яна згорбілася, угнулася, хусцінка спаўзла на патыліцу, а ў роце дзіка і недарэчна ўсё тырчала суконная рукавіца — відаць, яны не спяшаліся вызваляць яе ад гэтага кляпа.

Сотнікаву аднанож было горш выбрацца з саней; як ні павярніся — заходзілася болем нага. Трываючы той боль, усё ж вылез на снег і трохі скокнуў каля саней. Ён знарок прычакаў Дзёмчыху і, калі тая параўнялася з ім, унікаючы яго позірку, падняў абедзве звязаныя рукі і рвануў за рукавіцу.

— Ты што? Ты што, чмур?! — гыркнулі ззаду, і ў наступнае імгненне ён паляцеў тварам на снег, збіты лютым ударам нечага бота.

Боль у назе абцугамі сцяў яго адчуванне, ён сашчаміў зубы, але не здзівіўся і не пакрыўдзіўся — ён прыняў гэты ўдар як заслужаны. Пакуль ён, кашляючы, узграбаўся на адно калена, недзе побач абурана гудзеў знаёмы бас старшага паліцая:

— Ах ты, вырадак камісарскі! Бач — самаўпраўца! Ану, цягні яго ў штубу! Да Будзілы яго!

Аднак ззаду, выкрыкваючы праклёны Гітлеру, залямантавала Дзёмчыха, і яны там усе разам накінуліся на яе. У іх злоснай хватцы і ў галасах адчувалася набрынялая злая варожасць, якая кожную секунду гатова было выбухнуць з усёй сваёй лютасцю. Тут, вядома, было яшчэ горш, чым там, дзе іх узялі, або ў дарозе, тут на поўную сілу даваў сябе знаць крыважэрны фашысцкі орднунг. Чалавек тут пераставаў быць чалавекам і ператвараўся ў часова жывую істоту, пазбаўленую права і цалкам аддадзеную ва ўладу гэтае банды наймітаў. Апеляваць да справядлівасці ці сумлення тут было бескарысна.

Усё той лёгкі на падхваце Стась падскочыў да яго, дужа хапіў пад паху, тузануў; ён зноў упаў голымі звязанымі рукамі на снег, але бяздушная сіла гэтага паліцая падхапіла-павалакла яго да ганка, пхнула ў дзверы.

Ратуючы хворую нагу, ён дужа ўдарыўся плячом аб вушак. Стась адным дыхам правалок яго па калідоры, шырока расчыніў яшчэ нейкія дзверы і дужым рыўком кінуў на затаптаную, у мокрых слядах падлогу. Сам жа на развітанне вылаяўся, пнуў яго ботам і з сілай грукнуў дзвярыма.

Стала ціха. Было толькі чуваць, як дзесь, нібы з рукамыйніка, капала вада і за сцяной бубніў нейкі голас. Сотнікаў, трываючы боль і задышку, марудна адольваючы слабасць, падняў галаву. У пакоі болей нікога не было, гэта трохі здзівіла. Ён з нечаканай надзеяй зірнуў на акно, але яно было моцна загароджана кратамі з самадзелкавых, прыбітых да вушака прантоў. Не, адсюль не ўцячэш! Зразумеўшы гэта, ён расслаблена апусціўся на падлогу, без цікавасці агледзеўся. Пакой меў звычайны казённы выгляд, здаваўся няўтульным і пуставатым, хоць тут быў засланы шэрай байкавай коўдрай стол, аблезлае крэсла за ім і лёганькае гнутае крэселка ля печы-галандкі, ад чорных круглых бакоў якой ішло густое, такое прыемнае цяпер цяпло. Але ззаду па падлозе цякла з дзвярэй сцюжа. Сотнікаў азябла скалануўся і, стрымліваючы стогн, патроху-памалу з асцярогай выцягнуў убок параненую нагу.

«Ну вось, тут усё і скончыцца! — журботна падумаў ён. — Дай толькі, Божа, стрываць!»

Ён разумеў, што падышоў да свае мяжы, свайго галоўнага рубяжа, а сілы ў яго было дужа мала. І ён найбольш непакоіўся, што можа не стрываць фізічна, — іншага ён не баяўся. Дыхнуўшы цёплага паветра, ён пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве, — самым прывязлівым кашлем, які дапякаў яму другі дзень. Так кепска ён даўно ўжо не кашляў, мабыць, з дзяцінства, калі сваёй прастудай выклікаў нямала трывог у маці, якая бясконца перажывала за яго слабыя лёгкія. Але тады нічога не здарылася, ён перарос хваробу, дажыў да дваццаці шасці год. А цяпер што ж — цяпер здароўе ўжо не мела для яго вялікага значэння. Цяпер было важна іншае.