Выбрать главу

Праз кашаль ён не пачуў, як у пакоі з'явіўся яшчэ нехта, ён толькі ўбачыў боты, не дужа новыя, але дагледжаныя, з падбітымі наскамі і дбайна наваксаванымі халявамі. Сотнікаў падняў голаў.

Насупраць стаяў немалады ўжо мужчына ў цёмным цывільным пінжаку пры гальштуку, павязаным на нясвежую, у палоску кашулю, у ладных, вайсковага крою брыджах. У паглядзе яго маленькіх, але надта пільных вочак было нешта гаспадарскае, спакойнае, у меру заклапочана разважлівае; пад носам тапырылася шчотачка коратка падстрыжаных вусікаў — як у Гітлера. «Будзіла, ці што?» — падумаў Сотнікаў, хоць нічога з таго пагрозліва-звераватага, якое паліцаі прыпісвалі гэтаму чалавеку, у ім не было зусім. Аднак адчувалася, што гэта начальства, і Сотнікаў сеў на падлозе трохі раўней, наколькі гэта дазваляла яго балючая нага.

— Гэта хто вас? Гаманюк? — запытаў чалавек стрыманым начальніцкім тонам.

— Стась ваш, — з неспадзяванай ноткай скаргі сказаў Сотнікаў, тут жа, аднак, пашкадаваўшы, што не стрымаў незалежнасці тону.

Начальнік рашуча расчыніў у калідор дзверы.

— Гаманюка ка мне!

Кашаль у Сотнікава пакрысе суняўся, была толькі слабасць, і надта нязручна было апірацца на звязаныя рукі. Ён пакутаваў, не зусім разумеючы сэнс заступніцкага намеру гэтага чалавека. Тым не менш праз паўхвіліны ў пакой уваліўся той самы Стась і з падкрэсленай услужлівасцю стукнуў абцасамі сваіх франтаватых ботаў.

— Слухаю вас!

Гаспадар пакоя набычыў велікаваты для яго тхарынага тварыка выпуклы, з глыбокімі залысінамі лоб.

— Што такое? Пачаму зноў грубасць? Пачаму на пол? Пачаму без мяне?

— Вінават! — як дураслівы, варухнуў локцямі і яшчэ больш выцягнуўся Стась.

Але па той бяздумнай стараннасці, з якой ён рабіў гэта, таксама як і па бясстраснай строгасці яго начальніка, Сотнікаў адразу западозрыў, што перад ім пачынае разыгрывацца бяздарны імправізаваны фарс.

— Хіба такая была інструкцыя? Так нас вучыць германскае камандаванне? — нібы крывымі цвікамі да падлогі, прыбіваў ён паліцая сваімі пытаннямі, а той з фальшывай бояззю толькі пяў грудзі.

— Вінават! Болей не буду! Вінават!

— Да палонных належаць адпаведныя адносіны. Нямецкія ўлады гатовы шанаваць тых, хто сам здаўся…

Не, годзе! Як нямецкія ўлады шануюць палонных, Сотнікаў ужо ведаў, і не стрымаўся, каб не разбурыць усёй гэтай наіўнай самадзейнасці.

— Дарма стараецеся!

Паліцэйскі трохі паспешліва павярнуўся, азадачана нахмурыў лоб.

— Што вы сказалі?

— Што чулі. Развяжыце рукі. Я не магу так сядзець.

Паліцэйскі нешта разважыў, свідруючы яго насупленым позіркам, але, мусіць, зразумеў, што баяцца няма чаго, і сунуў руку ў кішэню. Падчапіўшы кончыкам нажа тры столкі супоні, ён адным махам перарэзаў яе і схаваў нож. Сотнікаў разняў набрынялыя рукі, на запясцях якіх чырванелі рубцы.

— Што яшчэ?

— Піць! — сказаў Сотнікаў. Ён рашыў, пакуль ёсць магчымасць, пакарыстацца паблажлівасцю гэтага чалавека, каб пасля ўжо трываць.

Паліцай кінуў Гаманюку:

— Дай вады!

Той выскачыў у калідор, а паліцай зайшоў за стол і нетаропка ўмясціўся ў сваё крэсла. Увесь час ён паводзіў сябе падкрэслена стрымана, нібы таіў штось важнае для арыштанта. Позірк яго вострых, чымсь заклапочаных вачэй амаль не сыходзіў з Сотнікава.

— Можаце сесці на стул.

З дапамогай рук Сотнікаў перабраўся да крэсла і прысеў там, адставіўшы ўбок нагу. Хоць трошкі, ды стала зручней, так ужо можна было трываць. Ён уздыхнуў і паглядзеў за печ, у кут ля акна, не адразу зразумеўшы, што шукае не што іншае, як прылады катавання — мусіць жа, яны павінны тут быць. Але нічога здатнага для таго тут не было відаць. Між тым адносіны яго з гэтым паліцаем перайшлі за мяжу ўмоўнасці. Сотнікаў адчуваў: паколькі гульня не ўдалася, неўзабаве пачнецца размова па сутнасці, якая абяцала мала прыемнага. І ён стараўся сабраць свае сілы, падрыхтавацца ўнутрана, каб вытрымаць да канца.

Тым часам Стась Гаманюк прынёс кварту вады, падаў Сотнікаву, і той выпіў усю. Паліцай з-за стала падазрона сачыў за кожным ягоным рухам, нешта ўсё разважаў ці, можа, стараўся што адгадаць.

— Ну, пазнаёмімся, — даволі міралюбна сказаў ён, калі Стась выйшаў. — Маё прозвішча Партноў. Следчы паліцыі. Вось так.

— Маё вам нічога не скажа.

— А ўсё ж?

— Ну Іваноў, дапусцім, — сказаў Сотнікаў праз зубы — балела нага.

— Не настойваю. Хай будзе Іваноў. Так і запішам, — пагадзіўся следчы, хоць нічога і не запісваў. — З якой банды?

Ого, так адразу ўжо і пра банду? Перш чым адказаць на такое больш чым непрыемнае пытанне, Сотнікаў памаўчаў. Партноў, свідруючы яго позіркам, узяў са стала запэцканы чарнілам драўляны прэс, пакруціў у руках. Сотнікаў невідушча пазіраў на яго пальцы і не ведаў, як лепш: гуляць у паддаўкі ці адразу адмовіцца ад паказанняў, каб не блытацца ў хлусні. Тым болей што ў хлусню гэту, мабыць, не надта павераць.