Выбрать главу

— А вы думаеце, я вам скажу праўду?

— Скажаш, — проста і з такой натуральнай упэўненасцю сказаў следчы, што Сотнікаву стала не па сабе, і ён спадылба запытальна паглядзеў на паліцэйскага. — Скажаш!

Пачатак не абяцаў нічога добрага. На гэта пытанне ён, вядома, адказваць не будзе, але і іншыя, мабыць, не будуць лягчэйшыя. Следчы чакаў, гуляючы з прэсам. Рухі ягоных рук былі спакойна-ўпэўненыя і неспяшлівыя, аднак гэтаю самай неспяшлівасцю і выдавалі стоеную да пары напружанасць. Дзіўна, што з выгляду ён быў зусім мала падобны на ката-следчага, які меў на рахунку, відаць, не адно загубленае жыццё, а хутчэй нагадваў сціплага сельскага служачага. І ўсё ж нешта ў ім таілася невядомае, загадкавае і страхавітае. Сотнікаў чакаў, калі яно выбухне з лютасцю, ён толькі не ведаў, за якім пытаннем здарыцца тое.

— Якое мелі заданне? Куды ішлі? З якога часу ў вас агентам гэтая жанчына?

— Ніякі яна не агент. Мы выпадкам зайшлі ў яе хату, узлезлі на гарышча. Яе і дома ў той час не было, — знешне спакойна растлумачыў Сотнікаў.

— Ну вядома, выпадкам. Так усе гавораць. А да лясінаўскага старасты вы таксама зайшлі выпадкам?

Ага, во як! Значыць, ужо дазналіся і пра старасту? Хаця данёс, мабыць, у той самы вечар. Пашкадавалі, называецца, — з непрыемнасцю падумаў ён пра старасту. Аднак выходзіла, што паліцаі ведалі пра іх куды больш, чым яны на тое разлічвалі, і Сотнікаў на хвіліну сумеўся. Мусіць, гэта быў разлічаны ход у допыце. Следчы са з'едлівасцю на твары адзначыў дасягнуты ім эфект, кінуў свой прэс і закурыў. Пасля акуратна прыбраў са стала партабак, запальнічку, крошкі тытуню здзьмухнуў на падлогу. Праз дым уважліва паглядзеў на яго, чакаючы адказу.

— Да, выпадкам, — пасля паўзы цвёрда сказаў Сотнікаў.

— Не арыгінальна. Вы ж разумны чалавек, а хочаце выехаць на такой прымітыўнай хлусні. Трэ было б прыдумаць нешта хітрэйшае. Гэта ў нас не пройдзе.

Не пройдзе, мабыць, так. Але чорт з ім. Быццам ён спадзяваўся, што пройдзе. Ён наогул ні на што не спадзяваўся. Было толькі шкада няшчаснае Дзёмчыхі, якую невядома як было выгарадзіць.

— Вы можаце зрабіць з намі што хочаце, — стараючыся як мага памяркоўней, сказаў Сотнікаў. — Але не чапайце жанчыны. Проста яе хата аказалася з краю. А я не мог ісці далей.

— Дзе паранены?

— У нагу.

— Я не пра тое. Дзе, у якім раёне?

— У лесе. Два дні назад.

— Не пройдзе, — гледзячы ва ўпор, заявіў следчы. — Заліваеце. Не ў лесе, а на бальшаку гэтай ноччу.

Чорт! Ведае пэўна ці ловіць? — апанурыўся Сотнікаў. Але як жа трымацца далей? Няўдала схлусіш у дробязях — не павераць і ў праўду. А праўду пра Дзёмчыху вельмі неабходна было давесці гэтаму прыслужніку, ды ён адчуваў, што давесці яе будзе цяжэй, чым якую хлусню. Сітуацыя ў самым пачатку складвалася самым найгоршым чынам.

— А калі я, напрыклад, пацверджу, вы адпусціце жанчыну? Вы можаце гэта абяцаць?

Вочкі следчага са злосцю, здаецца, пранізалі Сотнікава.

— Я вам нічога не абавязаны абяцаць. Я задаю пытанні, а ваш абавязак адказваць.

Значыць, не ўдасца, паныла думаў Сотнікаў. Вядома, са сваіх рук яны нікога не выпускаюць. Знаёмая завядзёнка. Тады, мабыць, прапала Дзёмчыха.

— Нізашто пагубіце жанчыну. А ў яе трое малых.

— Губім не мы. Губіце вы! Вы яе ў банду ўцягнулі. Чаму тады не думалі пра дзяцей? — жорстка дакараў следчы. — А цяпер позна. Вы ведаеце законы вялікай Германіі?

«Законы! Даўно ты пазнаў іх, пракляты смоўж? — міжвольна падумаў Сотнікаў. — Нядаўна яшчэ, мабыць, зубрыў зусім другія законы, а цяпер вось перакваліфікаваўся, спрытнюга!» Аднак апошняе яго пытанне прагучэла трохі двухсэнсоўна — падобна было, ён нешта хацеў спіхнуць з сябе на плечы вялікай Германіі.

Сотнікаў памаўчаў, а следчы падняўся, адсунуў крэсла і раздумна падышоў да акна з кратамі. Праз акно ён паўзіраўся на двор, дзе чуліся галасы. Зноў ён трымаў у сабе нешта прытоенае, асабліва не напіраў з допытам і ці то думаў, як злавіць яго, ці, можа, разважаў аб чымсь, зусім тут староннім.

У калідоры застукалі боты, пачулася гамана, лаянка, здаецца, некага там вялі ці неслі. Калі гамана перамясцілася на ганак, следчы сказаў энергічна, як чалавек, якому надакучыла займацца нецікавай справай:

— Так, хопіць. Назавіце банду! Яе камандзіра! Сувязных! Колькасны склад! Месца базіравання. Толькі не спрабуйце хлусіць.