Сотнікаў адкашляўся і сумна ўсміхнуўся.
— Надта вы многа ад мяне хочаце.
Неўпрыцям для сябе ён перайшоў на іронію, да якой звычайна звяртаўся ў непрыемных размовах з дурнямі і нахабнікамі. Праўда, для Стася ці яшчэ каго з гэтых запраданцаў іронія яго была далёкая ад разумення — на гэтага ж начальніка яна дзейнічала, здаецца, самым належным чынам. Да пары той, аднак, стрымліваўся, толькі крыва перасмыкнуў вуснамі.
— Куды ішлі?
— Мы заблудзілі.
— Не пройдзе. Хлусня! Даю дзве хвіліны на роздум.
— Не старайцеся. Мабыць, у вас шмат работы.
Тут ён угадаў пэўна. Тхарыны тварык следчага зноў перасмыкнуўся, але, здаецца, ён умеў валодаць сабой. Ён нават не павысіў голасу.
— Жыць хочаш?
— А што вам да майго жыцця? Ужо вы мне яго не даруеце.
Следчы звузіў маленькія вочкі.
— Не даруем! Бандытам не даруем! — сказаў ён і раптам крута павярнуўся ад акна; кавалак попелу з канца яго цыгарэты ўпаў і разбіўся аб насок бота — здаецца, яго вытрымка скончылася. — Расстраляем, гэта безумоўна. Але спярша мы з цябе зробім катлету. Фарш зробім з твайго маладога цела. Павыцягваем усе твае жылы! Паслядоўна пераламаем косці. А пасля аб'явім, што ты выдаў астатніх. Гэта каб цябе там, у лесе, не дужа любілі.
— Не дажджацеся. Не выдам.
— Не выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Паняў? Ну, як?
Сотнікаў маўчаў, яму рабілася млосна. Цела пакрылася потам, стала не да іроніі. Ён адразу адчуў, што гэта не проста пагроза, шантаж — яны здольны на ўсё. Гітлер іх вызваліў ад сумлення, ад людскасці і нават звычайнай чалавечай маралі, іх звярыная сіла ад таго, вядома, пабольшала. Ён жа перад імі толькі чалавек. Ён звязаны дзесяткам абавязкаў перад людзьмі і Радзімай, магчымасць хлусіць і апраўдвацца ў яго не надта вялікая. Так, іх сродкі ў гэтай барацьбе аказаліся няроўныя, перавага была на баку ворага: што выстаўляў Сотнікаў, тое з надзвычайнай лёгкасцю абвяргаў следчы.
Расставіўшы ногі ў абвіслых на каленях брыджах, Партноў упёрся ў яго вострым позіркам і чакаў. Сотнікаву было надта кепска, і ён пакутна падбіраў словы ў адказ, адчуваў — гэта будуць апошнія яго словы, і не знаходзіў нічога. Правая рука следчага асцярожна цягнулася да прэс-пап'е на стале.
— Ну?
— Сволачы!
Следчы трошкі паспешлівей, чым трэба было, схапіў прэс-пап'е і прыстукнуў ім па стале, нібы ставіў апошнюю кропку ў гэтым бяскроўным і тым не меней жахлівым допыце.
— Будзілу ка мне!
У калідоры пачулася зычнае: «Будзілу к спадару следчаму!» — пасля чаго Партноў спакойна абышоў стол і ўсеўся ў сваім крэсле. На Сотнікава ён ужо не глядзеў, нібы яго і не было тут. Ён пачаў закурваць. Здаецца, яго місія была скончана, пачыналася другое аддзяленне допыту.
Сотнікаў увесь напружыўся: урэшце надышоў час таго, кім яго палохалі яшчэ ў вёсцы. І хоць ён ужо не чакаў нічога добрага і гатовы быў да найгоршага, але цяпер аж здрыгануўся, калі дзверы шырока расчыніліся і на парозе з'явіўся Будзіла.
Мусіць, гэта быў тутэйшы паліцэйскі кат — здаравенны бугай на два метры росту, з касцістым, нібы конская морда, тварам і аднавокі. Палохаў увесь яго драпежны медзведзяваты выгляд, асабліва вялізныя касматыя рукі, якія ён нёс, нібы цяжкія, абвіслыя долу рычагі. Таксама, мусіць, па ўсталяванай тут завядзёнцы, увайшоўшы, коса прыцэліўся ў ахвяру сваім цэлым вокам.
— Ану!
Сотнікаў сядзеў, рызыковым непаслушэнствам адцягваючы нешта безумоўна для сябе жахлівае. Тады той з размеранай спаважнасцю падышоў бліжэй і вялізнай пяцярнёй шырока і ўчэпіста згроб на запалых грудзях Сотнікава яго шынелак.
— Ану, бальшавіцкая гніда!..
12
«Дастукаўся!» — паныла, без злосці падумаў Рыбак, калі Стась яшчэ на двары схапіў Сотнікава. Паліцай бесцырымонна павалок таго ў памяшканне, а для іх з Дзёмчыхай адчыніліся ўнізе пад ганкам дзверы ў склеп. Ім развязалі рукі і падвялі да прыступкаў. Дзёмчыху штурхнулі туды сілай, Рыбак пайшоў сам.
У склепе было цёмна, ці, можа, яму здалося так пасля дзённага святла на дварэ. Паліцай, што ішоў спераду, загрукаў, залязгаў жалезнымі засовамі, а ён, упёршыся ў самыя плечы Дзёмчыхі, спыніўся, паціраючы набрынялыя свербам рубцы на руках.
— Марш, марш! Што стаў! — падштурхнуў яго той, што ішоў ззаду.
Аказваецца, наперадзе ўжо адчыніліся новыя дзверы ў цемру. Рыбак праціснуўся каля Дзёмчыхі, угнуў галаву і апынуўся на парозе нейкай затхлай, смярдзючай каморкі. Ён нічога не бачыў тут, маленькае акенца слепа свяціла пад столлю, унізе быў змрок. У нос шыбала чымсь кіслым, нясвежым, цяжкім для грудзей, і ён спыніўся, не ведаючы, куды ступіць ад дзвярэй.