— Рыбак.
— Год нараджэння?
— Дзевяцьсот шаснаццаты.
— Дзе радзіўся?
— Пад Гомелем.
Следчы адышоўся ад акна, сеў у крэсла. Паводзіў ён сябе насцярожана, энергічна, але, здаецца, не надта пагрозліва.
— Сядай!
Рыбак ступіў два крокі і асцярожна апусціўся на рыплівае венскае крэселка насупраць стала.
— Жыць хочаш?
Дзіўнаватае гэта пытанне сваёй нечаканасцю трохі зняло напружання, Рыбаку нават пачулася ў ім нешта ад жарту, і ён ніякавата паварушыўся на крэсле.
— Ну хто ж жыць не хоча! Вядома…
Аднак следчы, здаецца, быў далёкі ад таго, каб жартаваць, і ў ранейшым тэмпе прадаўжаў насядаць з пытаннямі.
— Так! Куды ішлі?
Энергічная пастаноўка пытанняў патрабавала, мусіць, гэткае ж энергіі ў ягоных адказах, але Рыбак не адразу цяміў часам патайнага сэнсу паліцаевых слоў і трохі марудзіў.
— Ішлі па харчы. Трэба было папоўніць запасы, — сказаў ён і падумаў: «Чорт з ім! Хто не знае, што партызаны таксама ядуць. Які тут можа быць сакрэт!»
— Так, праўда. Паверу. Куды ішлі?
Следчы ўвесь аж напяўся за сталом, сочачы за рухам кожнае жылкі на яго твары. Рыбак разгладзіў палу кажушка на калене, паскроб пазногцем нейкую там плямку.
— Дык, гэта, ішлі на хутар, а ён аказаўся спалены. Ну, пайшлі куды вочы глядзяць.
— Які хутар спалены?
— А той, Кульгаёў, ці як яго. Пры лесе.
— Праўда. Кульгаёў спалены. Немцы спалілі. А Кульгай і ўсе кульганяты расстраляны.
«Слава Богу, не давядзецца ўзяць грэх на душу», — задаволена падумаў Рыбак.
— А як апынуліся ў Лясінах?
— Ды так. Напаткалі ўначы, ну і… Зайшлі да старасты.
— Так, так, зразумела, — аб чымсь раздумваючы, прыкінуў следчы. — Значыць, ішлі да старасты?
— Не, чаму? Ішлі на хутар, я ж сказаў…
— На хутар, зразумела. А хто камандзір банды? — раптам запытаў следчы і, поўны ўвагі, замёр, утаропіўшы ў яго жорсткі, уважлівы позірк.
Рыбак падумаў, што тут ужо можна схлусіць — хай праверыць. Хіба што Сотнікаў…
— Камандзір атрада? Ну, гэты… Дубавы.
— Дубавы? — чамусьці здзівіўся следчы, і Рыбак працягла паглядзеў у яго вочы. Але не затым, каб упэўніць следчага ў праўдзівасці свае хлусні, — важней было зразумець, вераць яму або не. Аднак на востранькі, як бураўчык, позірк следчага набег цень задуменнасці.
— Прахвост! Ужо і з Дубавым знюхаўся! Я так і ведаў. Увосень не ўзялі — і вось, калі ласка…
Рыбак не зразумеў, каго ён мае на ўвазе? Старасту? Але як жа тады? Відаць, ён тут штосьці наблытаў… Аднак разважаць не было калі — Партноў імкліва вёў далей допыт.
— Дзе атрад?
— У лесе.
Тут ужо ён адказаў без затрымкі і нават прама і бязгрэшна паглядзеў у сцюдзёна насцярожаныя вочы следчага — хай упэўніцца.
— У Баркоўскім?
— Ну.
(Дурныя яны, ці што, сядзець у Баркоўскім лесе, які хоць і вялікі, ды пасля ўзрыву моста на Іслянцы абложаны з чатырох бакоў. Хопіць таго, што там асталася група гэтага Дубавога, рэшткі ж іхняга атрада перабраліся за шаснаццаць кіламетраў на Гарэлае балота.)
— Колькі чалавек у атрадзе?
— Трыццаць.
— Лжэш! У нас ёсць звесткі, што болей.
Рыбак паблажліва ўсміхнуўся. Ён адчуў патрэбу прадэманстраваць лёгкую пагарду да недасведчанасці следчага.
— Было болей. А цяпер трыццаць. А астатнія выбылі. Ведаеце, баі, страты…
Следчы задаволена паёрзаў у крэсле.
— Што, пашчыпалі? Во-во! Скора пух-пяро паляціць ад усіх вас.
Рыбак памаўчаў. Ягоны настрой пайшоў угору — здаецца, ад Сотнікава яны не многа даведаліся, значыць — можна набаяць баек — хай правяраюць. Зноў жа падобна на тое, што следчы пачаў дабрэць у сваіх адносінах да яго, і Рыбак падумаў, што гэтую добрасць трэба неяк умацаваць, каб можна яшчэ і пакарыстацца ёю.
— Так! — следчы адкінуўся ў крэсле. — А цяпер ты мне скажы, хто з вас двух страляў ноччу? Нашы бачылі — адзін пабег, а другі страляў. Ты?
— Не, не я, — сказаў Рыбак, не надта, аднак, рашуча. Тут ужо яму проста няёмка было апраўдвацца і тым самым перакладваць віну на Сотнікава. Але што ж, браць яе на сябе?
— Значыць, той? Так?
Гэтае пытанне асталося без адказу — Рыбак толькі падумаў: «Каб ты здох, сволач! Так спрытна ловіць». Ды і на самай справе, што ён мог яму сказаць?
Зрэшты, Партноў не надта настойваў.
— Так, так, зразумела. Як яго прозвішча?
— Каго?
— Напарніка.
Прозвішча! Навошта б яно ім здалося, гэтае прозвішча?
Але калі Сотнікаў не назваў сябе, тады нягожа называць яго і яму. Мабыць, трэба было б неяк схлусіць, ды Рыбак не мог знайсці як.