— Не ведаю, — урэшце сказаў ён. — Я нядаўна ў гэтым атрадзе, яшчэ не ўсіх знаю па прозвішчах.
— Так, не ведаеш, — з лёгкай прытворнай прыкрасцю канстатаваў Партноў. — А стараста гэты, кажаш, Сыч? Так ён у вас значыцца?
Рыбак напружыў памяць — здаецца, ён не чуў нават і прозвішча старасты, не толькі ягонай мянушкі.
— А не ведаю. Чуў — у вёсцы яго завуць Пётра.
— Ах, Пётра.
Яму на хвіліну здалося, што Партноў гэты нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго.
— Так, так. Значыць, родам адкуль? З Магілева?
— З-пад Гомеля, — цярпліва паправіў Рыбак. — Рэчыцкі раён.
— Прозвішча?
— Чыё?
— Тваё.
— Рыбак.
— Дзе астатнія з банды?
— На… У Баркоўскім лесе.
— Колькі да яго кіламетраў?
— Адсюль?
— Ну, адкуль жа яшчэ?
— Не ведаю точна. Кіламетраў васемнаццаць будзе.
— Правільна, будзе. Якія вёскі радам?
— Вёскі? Дзягцярня, Уклеіна. Ну і гэта, як яе… Драгуны.
Партноў зазірнуў у паперку, што ляжала перад ім на стале.
— А якія ў вас сувязі з гэтай… Вокунь Аўгінняй?
— Дзёмчыхай? Яй-богу, ніякіх. Проста зайшлі перахавацца, паесці. Ну а вашыя хлопцы…
— А хлопцы і награнулі! Малайцы хлопцы! Дык, кажаш, ніякіх?
— Абсалютна. Аўгіння тут ні пры чым.
Следчы борздзенька ўскочыў за сталом, локцямі смыкнуў угору — мусіць, велікаватыя ў паясніцы штаны.
— Не вінавата! А вас прымала? На гарышча хавала? Што, думаеш, не знала, каго хавала? Добра знала! Пакрывала, значыць. А па законах ваеннага часу за гэта што палагаецца?
Рыбак ужо ведаў, што за гэта палагаецца па законах ваеннага часу, і падумаў, што, мабыць, трэба адмовіцца ад намеру абараніць Дзёмчыху. Было зразумела, што на кожную такую спробу следчы будзе рэагаваць, як бык на чырвоны шкумат. І ён рашыў не дражніцца. Ці да Дзёмчыхі тут, калі невядома яшчэ, як выкараскацца самому.
— Так, добра! — Следчы падышоў да акна і жвава павярнуўся на абцасах, рукі яго былі засунуты ў кішэні штаноў, пінжак на жываце расхінуты. — Мы яшчэ пагаворым. А ўвогуле я скажу: ты хлопец разумны. Магчыма, мы табе пакінем жыццё. Што, не верыш? — Следчы іранічна ўхмыльнуўся. — Мы можам. Гэта Саветы нічога не мелі. А мы можам караць, а можам і мілаваць. Гледзячы каго. Дык вось слухай.
Ён падступіў да Рыбака амаль упрытык, і той, адчуўшы, што допыт на тым, мабыць, канчаецца, зважліва падняўся з крэсла. Следчы быў яму да пляча, і Рыбак падумаў, што з лёгкасцю прыдушыў бы гэтага маламерка. Але, падумаўшы так, ён амаль спалохаўся свае такой недарэчнай цяпер тут думкі і з робленай адданасцю зірнуў у рухавыя, з начальніцкім халадком вочы паліцэйскага.
— Дык вось. Ты нам раскажаш усё. Толькі мы праверым, не думай. Не налжэш — пакінем жыць, уступіш у паліцыю і будзеш служыць вялікай Германіі.
— Я? — не паверыў Рыбак.
Падлога пад ім дзіўным чынам хіснулася, сцены гэтага заплёванага пакоя раздаліся ўшыркі, праз хвілінную збянтэжанасць у сабе ён раптам адчуў недзе волю, прастор, нават подых свежага ветру ў полі. Усё ягонае жыццё пераварочвалася дагары нагамі, але, здаецца, давала надзею выжыць.
— Да, ты. Ці не згодны? Можаш адразу не адказваць. Ідзі падумай. Але помні: альбо пан, альбо прапаў. Гаманюк!
Перш чым ён, ашаломлены і акрыяны адначасна, паспеў зразумець, што будзе далей, дзверы расчыніліся, і на парозе вырас той самы Стась.
— У склеп!
Стась дурасліва цепнуў на следчага сваімі выразнымі вачамі.
— Дык гэта, Будзіла чакае.
— У склеп! — віскнуў следчы. — Ты што, глухі?
Стась трапятнуўся.
— Яволь у склеп! Бітэ, прашу.
Рыбак выйшаў, як і заходзіў, у вялікай разгубленасці, толькі ўжо з другое прычыны. Хоць ён яшчэ не ўсвядоміў усяе складанасці перажытага, але адчуваў востра і радасна — будзе жыць! З'явілася магчымасць жыць — гэта было галоўнае. Іншае — потым.
— Га, значыць, адкладваецца? — тузануў яго за рукаў Стась, калі яны выйшлі на двор.
— Да, адкладваецца! — цвёрда сказаў Рыбак і ўпершыню з выклікам зірнуў у прыгожы, з'едліва-ўсмешысты твар паліцая.
Той рагатнуў хрыпатым, накшталт казлінага бляяння голасам.
— Нікуды не дзенешся! Аддасі! Дабравольна, але абязацельна, вантробы з цябе вон!
«Дурны ці прытвараецца?» — падумаў Рыбак. Але ў яго з'явіўся абаронца, і Стась цяпер мала палохаў, ён быў для яго нястрашны.
13
Сотнікава ратавала ягоная немач: як толькі Будзіла падступаўся да яго са сваімі катаўніцкімі прыладамі, ён хутка траціў прытомнасць. Яго адлівалі, але ненадоўга, змрок небыцця зноў засцілаў свядомасць, цела не рэагавала ні на раменныя церассядзёлкі, ні на стальныя абцугі, якімі Будзіла здзіраў з пальцаў пазногці. Марна павалэндаўшыся так з гадзіну, двое паліцаяў вывалаклі Сотнікава з памяшкання і кінулі ў тую самую камеру да старасты.