Выбрать главу

Нейкі час ён моўчкі ляжаў на саломе ў мокрай ад вады адзежы, з акрываўленымі кісцямі рук і ціха стагнаў. Прытомнасць то вярталася да яго, то прападала. Калі за дзвярамі сціхлі крокі паліцэйскіх, Пётра на каленях падпоўз да жывой яшчэ ахвяры іх допыту.

— Ай-яй! А я і не пазнаў. От што зрабілі…

Сотнікаў учуў новы голас, ён здаўся яму знаёмы, ды толькі спакутаваная яго свядомасць не магла ўзнавіць у памяці, хто гэты чалавек. Але, безумоўна, чалавек быў добразычлівы да яго, Сотнікаў адчуў гэта па голасе і папрасіў:

— Вады!

Чалавек, чутно было, падняўся, ціха, але настойліва пастукаў у дзверы. Пасля зноў — і мацней.

— Чорта! Не чуе ніхто.

Рэшткамі памутнелай свядомасці Сотнікаў сцяміў, што дапамогі не будзе, і нічога больш не прасіў.

Ён дрэнна разумеў ужо, што з ім здарылася і дзе ён, толькі адчуваў, як пякучым болем гараць на руках пальцы, і надта хацеў піць. Нейкі цягучы туман завалокваў усё навакол. Сотнікаў знясілена і без мэты цягнуўся ў ім на ватных нагах, пакуль не ўбачыў ля плота калодзеж з вядром на асверы. Слабымі неслухмянымі рукамі ён пачаў апускаць гэта вядро ў калодзеж, ды раптам з глухой чорнай бездані, напалоханы вядром, з фыркатам кінуўся ў бакі дзікаваты каціны вывадак. Сотнікаў ненавідзеў катоў і з гідлівасцю адхіснуўся, амаль напалоханы. Потым ён неяк апынуўся на вуліцы ў іх колішнім вайсковым гарадку і спаткаўся на вуліцы з Рэдзькіным, яго даваенным ардынарцам, які нёс аднекуль цэлую звязку мокрых, налітых вадою пляшак. Сотнікаў узрадавана схапіўся за адну з іх, але замест пляшкі ў яго руках чамусьці апынулася процівагазная сумка, а ў сумцы якая ж вада…

Праз нейкі час ён усё ж дарваўся да кацялка з вадой і доўга, пакутліва піў. Але вада была цёплая, нясмачная, яна не спатольвала смагі, толькі агідна напаўняла жывот, яму рабілася блага. Пакуты яго павялічыліся. Галаве было надта горача ад паўдзённага сонца; у акопчыку, дзе ён стаяў, скрозь перасыпаўся пясок, тырчала сухая трава і ні кусціка не было побач. Ён зусім яшчэ не напіўся, як за спіной раздаўся вокрык кіраўніка стрэльбаў палкоўніка Логінава: «Тэмп! Тэмп!» Сотнікава гэта здзівіла і збянтэжыла адначасна: як жа ён мог патраціць столькі часу на гэты вадапой пры стральбе? Ён жахнуўся, што не ўкладзецца ў тэмп падачы каманд, які замест 6-10 секунд, мабыць, пераваліў за хвіліну.

Паступова, аднак, ягоныя відовішчы прыглушыліся, сталі меней выразныя, часам перамешваліся з недарэчнымі вобразамі і знікалі. Нязменныя асталіся толькі пакуты…

Калі ў камеру вярнулі Рыбака, Сотнікаў, нібы труп, ціха ляжаў у забыцці, прыкрыты шынелкам. Рыбак адразу апусціўся побач, пацягнуў шынелак, паправіў Сотнікаву руку. Паламаныя яго пальцы зліпліся ў крыві, і Рыбак жахнуўся ад думкі, што гэта ж самае маглі зрабіць і з ім. На першы раз расправа нейкім цудам абмінула яго, але што будзе заўтра?

— Хлопец, тут, гэта, вады трэба! — сказаў з кута Пётра, пакуль Стась упраўляўся з дзвярамі.

— Я табе не хлопец! А пан паліцэйскі! — зверавата выпнуўся Стась.

— Хай паліцэйскі. Звініце. Чалавек от памірае.

— Туды і дарога бандыту. І табе тожа.

З перуновым ударам зачыніліся дзверы, стала цёмна. Пётра, уздыхнуўшы, апусціўся на салому ў куце.

— Звяр'ё!

— Ціха вы, — сказаў Рыбак. — Пачуюць.

— Хай чуюць. Што ўжо баяцца…

Зачыніліся і другія дзверы, на прыступках заглухлі Стасевы крокі. Зрабілася дужа ціха, і стала чутно, як дзесь непадалёк у склепе нехта ціхенька плакаў — кароткія ўсхліпы, паўзы, мабыць, дзіця ці жанчына. На саломе трапянуўся, напружыўся і сціх Сотнікаў.

— Да-а, гэтага знявечылі. Ці выжыве? — сказаў Пётра.

Рыбак падумаў: «Мусіць, не выжыве». І раптам яму дужа выразна і шчасліва адкрылася: калі Сотнікаў памрэ, дык ягоныя шансы выжыць, відаць, павялічацца. Іншых тут сведак няма, можна будзе казаць пра атрад што здасца патрэбным, праверыць не будзе ў каго.

Ён сам разумеў нялюдскасць свайго жадання, але, колькі ні думаў, вяртаўся да высновы, што так будзе лепш. Яму, Рыбаку, ды і самому Сотнікаву, бо пасля ўсяго, што сталася з камбатам, хіба ён жыхар на свеце? А Рыбак, можа б, як выкруціўся і тады ўжо напэўна расквітаўся б з гэтымі свалачамі за ягонае жыццё і за свае страхі таксама. Вядома, ён не збіраўся выдаваць ім партызанскіх сакрэтаў, ні тым болей ісці ў паліцыю, хоць і ведаў, што ўхіліцца ад яе, мабыць, будзе нялёгка. Але яму важна было выйграць час — усё астатняе залежала ад таго, колькі ён пратрымаецца.