Выбрать главу

Сотнікаў цяжка і хрыпата дыхаў, трохі стагнаў, але толькі ледзь-ледзь, і Рыбак падумаў: не выцягне. Тут і з моцным здароўем нядоўга загнуцца, дзе ўжо яму!

— А табе, гляджу, болей пашэнціла, — памяркоўна сказаў стары.

Гэта непрыемна зачапіла Рыбака — якая ягоная справа? Але ён адказаў спакойна:

— Маё ўсё наперадзе.

— Ну ведама ж, наперадзе. Так яны не даруюць.

Рыбак насцярожана паглядзеў у кут — яму не падабаліся няпрошаныя прароцтвы гэтага чалавека: адкуль яму знаць, даруюць ці не. У яго ішоў залік па асобнаму ад іншых рахунку, у дабратворную сілу якога ён ужо амаль што паверыў і стараўся як мага падрабязней усё гэта абдумаць.

Але месца гэтае, мусіць, было не надта прыдатнае на роздум: толькі ён засяродзіўся ўвагай на сваіх клопатах, як на прыступках зноў затупалі крокі. Думаў — каго вядуць, але загрымеў засоў іхніх дзвярэй, і на парозе з'явіўся той самы Стась.

— На вады! Жыва! І каб гэты бандзюга быў да заўтра як штых! А ты, стары падла, марш да Будзілы!

Рыбак патушыў у сэрцы трывогу, пераняў з рук паліцая круглы кацялок са сцюдзёнай вадой. Пётра ў куце няўцямна ўставіўся ў дзверы.

— А навошта, не знаеш?

Стась з непадробнай шчырасцю рагатнуў:

— Знаю: у падкіднога гуляць. Ну, давай, жыва!

Стары падняўся, падабраў з долу кажушок і, угнуўшы голаў, выйшаў з каморкі. Дзверы зноў з грукатам зачыніліся.

Рыбак стаў на калені і пачаў далікатна тармашыць Сотнікава. Той, аднак, толькі стагнаў. Тады ён адною рукой нахіліў кацялок, а другой прыпадняў голаў напарніка і бадай сілком нешта ўліў таму ў рот. Сотнікаў здрыгануўся, але тут жа прыпаў вуснамі да шурпатага берага кацялка, некалькі разоў глытнуў.

— Хто гэта?

— Гэта я. Ну, як ты? Лепей?

— Рыбак? Фу ты! Дай яшчэ.

Рыбак зноў прытрымаў яго галаву. Сотнікаў, лязгаючы зубамі па кацялку, выпіў болей. І пластам аблёг на салому.

— Што, мучылі здорава? — спытаў Рыбак.

— Да, брат. Дасталося, — выдыхнуў Сотнікаў.

Рыбак нацягнуў на яго шынелак, сам прываліўся спіной да цаглянай сцяны, услухоўваючыся ў хрыпатае дыханне таварыша, якое, аднак, патроху выроўнівалася.

— Ну, як пачуваешся?

— Цяпер добра. Лепш. А цябе?

— Што?

— Білі?

Гэтае пытанне застала Рыбака знянацку, ён не знаў, як коратка сказаць таварышу, чаму яго не білі.

— Ды не, не дужа.

Сотнікаў знямогла заплюшчыў вочы, схуднелы, з адрослаю бародкай яго твар ледзь шарэў на саломе, у грудзях хрыпела на адной ноце. І тады Рыбак падумаў, што, мабыць, пакуль ёсць такая магчымасць, ім трэба аб чым-колечы дамовіцца.

— Слухай, я, здаецца, іх абхітру, — шапнуў ён, схіліўшыся да напарніка. Той здзіўлена расплюшчыў вочы — шырокія бялкі ў вачніцах бліснулі адбіткам святла з акенца. — Толькі нам трэба казаць аднолькава. Найперш: ішлі па харчы, хутар спалены, прыбіліся да Лясін, ну і ўзялі авечку.

— Нічога я ім не скажу, — перапыніў яго Сотнікаў.

Рыбак прыслухаўся, ці няма дзе каго паблізу, але, здаецца, скрозь было ціха. Толькі зверху даносіліся галасы і крокі, якраз над іх камерай. Але адтуль яго не пачуюць.

— Ты не дуры, чуеш? Трэба нешта і сказаць. Дык слухай далей. Мы з групы Дубавога, ён цяпер у Баркоўскім лесе. Хай правераць.

Сотнікаў знерухомеў, перацяў дыханне.

— Але атрад Дубавога сапраўды там.

— Ну і што?

Рыбак пачынаў злавацца: от жа незгаворлівы чалавек, ці ў тым справа! Вядома, гэты атрад там, але ад таго, што яны назавуць месца, яму будзе ні холадна ні горача — паліцаям да яго не дабрацца. Іхні ж якраз у куды болей ненадзейным месцы.

— Слухай. Ты паслухай мяне. Калі мы іх не падманем, не схітрым, яны нас закатуюць. Трэба трохі і ў паддаўкі згуляць. Не рваць цераз сілу.

Сотнікаў, чуваць было, быццам насцярожыўся, напяўся, дыханне яго прыглушэла, здаецца, ён нешта думаў.

— Нічога не выйдзе!

— А што ж тады выйдзе? Смерці дастукацца лягчэй за ўсё.

Вот боўдзіла, падумаў Рыбак. Ужо такое дурной упартасці ён ад яго не чакаў. Зрэшты, сам адной нагой у магіле, дык яму што — не хоча нават падумаць, каб не пацягнуць туды і таварыша.

— Ты паслухай! — памаўчаўшы, зашаптаў Рыбак. — Нам нада іх павадзіць. Знаеш, як шчуку на вудзе. Інакш перасіліш, парвеш, і ўсё прапала. Нада прыкінуцца смірнымі. Знаеш, мне прапанавалі ў паліцыю, — неяк, сам не жадаючы таго, сказаў Рыбак.

Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай.

— Во як! І што ж — пабяжыш?

— Не пабягу, не бойся. Я з імі патаргуюся.

— Глядзі, пратаргуешся, — з нядобрасцю прасіпеў Сотнікаў.