Выбрать главу

Сотнікаў на саломе нібы ачнуўся і на момант зацяў дыханне.

— Рыбак!

— Я тут.

— Там вада была.

— Што, піць?

— Дай ёй вады. Ну што ж ты сядзіш!

Намацаўшы пад сцяной кацялок, Рыбак пацягнуўся ў парог да дзяўчынкі.

— Не плач. На вады.

Бася трохі папіла і адразу неяк суцішылася.

— Ідзі да мяне, — паклікаў Пётра. — Тут во месца ёсць. Будзем сядзець. Во ля сцяны дзяржыся.

Дзяўчынка ўстала і, нячутна ступаючы ў цемры босымі нагамі, паслухмяна перайшла да старога. Той трохі пасунуўся, даў ёй месца поруч з сабой.

— Да-а! Папаліся… Што яны яшчэ зробяць з намі?

Рыбак засяроджана маўчаў, не маючы ахвоты падтрымліваць размову; побач ціхенька стагнаў Сотнікаў. Яны чакалі. Уся іх увага цяпер міжвольна засяродзілася на прыступках — адтуль ішла бяда.

І сапраўды, чакаць яе доўга не давялося.

Праз якую гадзіну там затупацелі знаёмыя крокі, пачулася злосная гамонка: «Ідзі, ідзі!» — «Каб цябе так у пекла гналі, нячысцік!» — «Ану, варушыся, а то як дзвіну!» — злосна прагырчаў мужчынскі голас. На прыступках затупалі, замацюкаліся. Сумнення не было — гэта вялі Дзёмчыху.

Але чамусьці яе таксама не пагналі ў ранейшую камеру — крокі спыніліся ля іхніх дзвярэй, загрымеў засоў, і той самы, ужо добра знаёмы ім Стась піхнуў Дзёмчыху цераз парог. Жанчына спатыкнулася, зачапілася за Рыбаковы ногі, упала і голасна залямантавала ў цемры:

— Куды ты піхаеш, нягоднік! Тут мужыкі, а Божачка мой!..

— Давай, давай! Чорт цябе не возьме! — прыкрыкнуў Стась. — Да ранку перабудзеш!

— А ўранку што? — запытаў Рыбак, раптам учуўшы нейкі намёк у голасе паліцая.

Стась ужо прычыніў быў дзверы, але зноў расчыніў іх і гаркнуў у шчыліну:

— А ўранку грос алес капут — во што? Фарштэйн?

«Капут? Як капут?» — трывожна пранеслася ў збянтэжанай свядомасці Рыбака. Але сэнс гэтага слова быў надта выразны, каб доўга сумнявацца ў ім, і гэтая яго выразнасць ударыла, як аглаблёй па галаве. Значыць — уранку канец!

Амаль не адчуваючы сябе, Рыбак механічна падцягнуў ногі, даў прымасціцца ля парога жанчыне, якая ўсё хліпала, смаркалася, нарэшце пачала ўздыхаць — спакойнець…

Хвіліну яны ўсе маўчалі, потым Пётра памяркоўна разважыў:

— Што ж зробіш, калі папаліся. Адкуль ты, жанчынка?

— З Паддуб'я, калі ведаеце.

— Ведаю, а як жа. Чыя ж ты там будзеш?

— Ды Дзёмкі Вокуня жонка.

Імкнучыся як-небудзь прыцяць у сабе нядобрыя прадчуванні, Рыбак пад сцяной пачаў прыслухоўвацца да Дзёмчыхі. Чамусьці ён не хацеў адзывацца, тым болей што Дзёмчыха, мабыць, не пазнала яго ў цемры. Але яны пазнаёміліся ўжо з яе сварлівым характарам, і цяпер, апынуўшыся ў такім становішчы, Рыбак думаў, што гэтая цётка яшчэ ўчыніць ім тут скандал — было за што. Але яна памалу спакойнела, яшчэ раз высмаркалася. Голас яе пакрысе рабіўся цішэйшы, такі, якім яна размаўляла з імі ў вёсцы. Хіба толькі трудныя паўзы між яе адрывістых фраз сведчылі пра яе перажыванні.

— Дзяла, — заклапочана сказаў Пётра. — А Дзёмка ў войску?

— Ну. Дзёмка там недзе горачка прымае, а з мяне тут знушчаюцца. Забралі во! Дзяцей на каго пакінулі? Як яны будуць там без мяне! Ой, дзетачкі мае родненькія!..

Толькі што сціхшы, яна загаласіла-заенчыла зноў, і гэты раз ніхто яе не суцяшаў, не супакойваў — было не да таго. У камеры злавесна гучалі страшныя словы Стася; яны прыгнялі, устрывожылі, змусілі нядобра апанурыцца ўсіх, апроч хіба старасты, які аставаўся знешне спакойны і разважлівы. Між тым Дзёмчыха неяк нечакана, нібы ўсё выплакаўшы, паўздыхала і спакойней ужо зазначыла:

— Во людзі! Як звяры! Глядзі, якім чортам стаў гэты Пронька.

— Партноў, ці што? — падтрымаў размову Пётра.

— Ну. Я ж яго кавалерам памятаю — тады ўсе Пронькам звалі. А пасля на настаўніка вывучыўся. Ягоная ж матка на хутары жыла, дык каждае лета на малако ды на яблычкі прыязджаў. Наглядзелася. Такі ласкавы быў, «дабрыдзень» усё раздаваў, з мужчынамі за ручку здароўкаўся.

— Знаю Партнова, а як жа, — сказаў Пётра. — Супраць Бога, бывала, агітаваў. Ды так складна…

— Вужака ён быў. І ёсць вужака. Не ўсе ведаюць толькі. Культурны.

— А паліцайчык гэты таксама з вашага боку бытта?

— Стась? Наш. Піліпёнак малодшы. За панажоўшчыну пасадзілі, ды вярнуўся, як пачалося гэта. І што вырабляць стаў — страх. У мястэчку ўсё з жыдоў знушчаўся. Біў, казалі, страляў. Дабра нацягаў — Божачка мой! Усю хату заваліў. А цяпер во і да нас, хрышчоных, дабраўся.