Выбрать главу

Ззаду ўсё білася, галасіла, ірвалася з рук паліцаяў Дзёмчыха, нешта сабраўся чытаць па паперцы немец у рудых пальчатках — прыгавор ці, можа, страшыць людзей іхняю карай. Ішлі апошнія секунды жыцця, і Сотнікаў, прыткнуўшыся на цурбане, прагным апошнім позіркам міжвольна ўбіраў у сябе несамавітую аздобу звыклай з дзяцінства местачковай вуліцы з гаротнымі постацямі людзей, хілымі дрэўцамі, паламаным штыкетнікам, гарбячком намёрзлага лёду пад жалезнай калонкай. Праз настылае голле сквера праглядвалі аблупленыя сцены недалёкай цэркаўкі з абадраным счарнелым дахам, без крыжоў на двух аблезлых зеленаватых купалах. Некалькі яе вузкіх акенцаў былі нядбайна забіты неакоранымі аполкамі.

Але вось побач затупаў хтось з паліцаяў, пацягнуўся ўгору да яго вяроўкі; бесцырымонныя рукі ў шызых абшлагах злавілі яе над ім і, абдзіраючы яго балючыя, памарожаныя вушы, насунулі на галаву пад падбародак. Ну, вось і ўсё, міжвольна адзначыў Сотнікаў і апусціў позірк уніз, на людзей. Прырода сама па сабе, яна заўжды без натугі дабром і мірам клалася яму на душу, але цяпер сталі патрэбны людзі — іхнія абліччы, позіркі, іх згодная еднасць ці хоць бы абыякавасць — усё роўна хацелася бачыць людзей. І ён ціхенька павёў развітальным позіркам па іх шчыльным, насцярожаным радзе, у якім болей было жанчын, і толькі зрэдку трапляліся немаладыя мужчыны, падлеткі, дзяўчаты — звычайны тутэйшы люд у кажушках, ватоўках, вайсковых абносках, самаробных світках. Сярод іх бязлікага мноства ягоная ўвага чымсь вылучыла цесненька загорнутую ў чужую, без гузікаў, адзежыну танклявую постаць хлопчыка гадоў дванаццаці з насунутай на галаву старой армейскай будзёнаўкай. Хлопчык азябла ўбіраў счырванелыя рукі ў рукавы, адсюль было бачна, дрыжаў ад сцюжы ці, можа, ад страху і з баязлівай дзіцячай цікаўнасцю ўзіраўся ў жывых яшчэ вісельнікаў. Сустрэўшы ягоны позірк, хлопчык скрывіў у балючай грымасе свой хваравіта белы тварык, на якім раптам адбілася столькі спачувальнае жаласці, што Сотнікаў не ўтрымаўся і ціха, аднымі вачамі ўсміхнуўся малому — нічога, браток!

Болей ужо ён не стаў разглядваць нічога і апусціў позірк, каб лішне не бачыць з боку ад сябе начальства, немцаў, следчага Партнова, Стася, Будзілу. Іх драпежніцкую прысутнасць ён адчуваў і так. Абвяшчэнне прыгавору, здаецца, ужо скончылася, пачулася каманда па-нямецку, потым па-расейску, і ён неўзабаве адчуў, як пагрозліва-напружана варухнулася на шыі вяроўка. Нешта ў тым канцы шыбеніцы тузанулася раз і другі, і адразу ж зусім ужо жахліва закрычала Дзёмчыха:

— А-а-а-ай! Не хачу! Не хачу!!

Яе крык неяк ураз абарваўся, коратка трэснула ўгары намёрзлая папярочына, здушана загаласіла жанчына ў натоўпе. Стала нясцерпна самотна на душы. Нейкая невыдаткаваная яшчэ ўнутраная сіла падмывала рвануцца, закрычаць, як гэтая Дзёмчыха, — дзіка і страшна. Але ён стрымаў сябе, толькі сэрца яго да болю сцялася ад смяротнае роспачы; як найбольшай палёгкі перад канцом, захацелася заплакаць. Замест таго ён раптам усміхнуўся напаследак сваёй, мабыць, жаласнай, вымучанай усмешкай.

З боку ад начальства крыкнулі, відаць, гэта цяпер датычыла яго, цурбан пад нагамі на момант аслаб, нават хіснуўся. Каб не зваліцца, Сотнікаў зірнуў уніз — на яго са скрыўленага, зарослага шчаціннем твару глядзелі разгубленыя вочы яго нядаўняга сябра. Яны не то ўпрошвалі аб чымсь, ці то проста ён не мог саўладаць са сваім страхам, і Сотнікаў ледзь пачуў:

— Даруй, брат.

— Пайшоў к д'яблу!

Трэба было канчаць. Напаследак ён адшукаў позіркам ніцую сцяблінку хлопчыка ў будзёнаўцы. Той стаяў, як і раней, трошкі выпнуўшыся наперад з шэрагу, з шырока расплюшчанымі вачамі. Поўны болю і страху ягоны позірк сунуўся за некім пад вісельняй і вёў так, усё бліжэй і бліжэй да яго. Сотнікаў не ведаў, хто там ішоў, але па твары хлапчука зразумеў усё.

Падстаўка яго кіўнулася ў раптам аслабленых руках Рыбака, які нязграбна курчыўся ўнізе, баючыся і, мабыць, не могучы наважыцца на апошнюю і самую страшную цяпер справу. Недзе ззаду мацюкнуўся Будзіла, і Сотнікаў, каб апярэдзіць непазбежнае, здаровай нагой штурхануў ад сябе цурбан.

19