Выбрать главу

— Смірна!

Паліцаі ў калоне страпянуліся і зноў знерухомелі. Старшы абвёў іх злосным, строгім позіркам і спыніў яго на адзінокай постаці збоч тратуара.

— А ты што? Стаць у строй!

Рыбак схамянуўся. Гэтая каманда абнадзейвала і азадачвала адначасна. Аднак раздумваць не было калі, ён хуценька скочыў на вуліцу і стаў ззаду за ўсімі, побач з нейкім высокім, у чорнай аўчыннай папасе дзецюком, які непрыязна пакасіўся на яго.

— Шагам марш!

І гэта было і зразумела, і звыкла. Рыбак бяздумна ступіў у такт з іншымі, і, калі б не пустыя рукі, якія невядома куды было дзець, можна было б падумаць, што ён зноў у атрадзе, сярод сваіх. І калі б перад вачамі не мільгалі шызыя абшлагі і замусоленыя бела-блакітныя павязкі на рукавах.

Яны пайшлі ўніз той самаю вуліцай, па якой ішлі сюды, аднак гэта была зусім іншая дарога. Побач бурлілі жвавасць і самазадаволенне — ён быў сярод пераможцаў. На паўгода, дзень ці гадзіну, але адчувалі яны сябе куды як бадзёра, падагрэтыя ўсведамленнем здзейсненай помсты ці проста ўдала скончанай працы; некаторыя ціха перагаворваліся, чуліся смяшкі, і ніхто ні разу не азірнуўся назад, на браму. Затое на іх азіраліся ўсе. Тыя, што брылі цяпер з гэтае акцыі пад сценамі платоў і дамовак, з дакорам, страхам і нясхоўнай нянавісцю ў счырванелых ад плачу жаночых вачах праводзілі гэтую зграю здраднікаў. Іх, аднак, тое не клапаціла і не турбавала, мусіць, яны прывыклі, на бяспраўных запалоханых людзей яны проста не звярталі ўвагі.

Рыбак жа апаныў душой і думаў з трывогай: трэба змывацца. Можа, вось там, на паваротцы, скочыць за плот і па-за хляўком перабегчы садок, яшчэ адолець плот і прарвацца з мястэчка? Добра, каб блізка быў які лес ці хоць бы хмызняк або раўчак. Або каб дзе ў двары папаўся пад рукі конь.

Рыпаў снег пад падэшвамі, паліцаі ішлі па-армейску ў нагу, поруч па тратуары крочыў старшы — ладны вайсковец у апярэзаным рамянямі паліцэйскім шынялі. На баку яго целяпаўся нізкавата падвешаны міліцэйскі наган у пацёртай скураной кабуры з меднай праціркай наперадзе. За мастком пярэднія сцішылі крок, нехта там замінаў іх калоне, і старшы пагрозліва крыкнуў. Яны трохі пацясніліся, размінаючыся, — нейкі дзядзька ў пустых развальнях нерастаропна збочваў пад самыя вокны ашалёванай, урослай у зямлю хаціны. І Рыбак раптам аж скалануўся ад рэальнасці свайго жадання кінуцца туды, выхапіць лейцы і ўлупіць па кані — можа б, і вырваўся. Але дзядзька!.. Прытрымліваючы нецярплівага маладога коніка, той азірнуўся на іх начальніка і ўсю іх калону, і, мабыць, міжвольна ў тым яго позірку пыхнула такая нянавісць да іх, што Рыбак зразумеў: не, з гэтым не ўдасца. Але з кім тады ўдасца? І яго нібы абухом па галаве аглушыла нечаканае разуменне, што ўцякаць яму няма куды. Пасля гэтае ліквідацыі — няма куды. З гэтага строю дарогі да ўцёкаў няма.

Ад раптоўнасці гэтага адкрыцця ён збіўся з нагі, спалохана падскочыў, прапускаючы крок, але зноў ступіў не ў лад, і сусед азваўся пагардлівым басам:

— Ты што?

— Анічога.

— Мабуць, без прывычкі? Наву-учышся.

Рыбак, аднак, змоўчаў, усё болей выразна разумеючы, што з уцёкамі скончана, што гэтаю ліквідацыяй яго скруцілі лепш, чым учора супоняй. І хоць пакінулі жывога, але нейкім чынам таксама ліквідавалі.

Так, звароту назад, да ранейшага, цяпер, мабыць, ужо не было — ён гінуў усур'ёз, назусім, і самым неспадзяваным чынам. Цяпер ён скрозь вораг. Усім. І, пэўна, самому сабе таксама.

Узрушаны і анямелы, ён аніяк не мог даўмецца, як гэта сталася і хто ў тым вінаваты. Немцы? Вайна? Паліцыя? Вельмі не хацелася вінаваціць сябе і дужа карцела ўскласці віну на іншых — на час, на абставіны. Ды і сапраўды, у чым быў вінаваты ён сам? Хіба ён выбраў сабе такі лёс? Хіба ён не змагаўся да самага канца? Болей і напружаней, чым нават гэты разумнік Сотнікаў? Зрэшты, з усіх у ягоным няшчасці найболей быў вінаваты Сотнікаў. Калі б ён не захварэў, не падлез пад кулю, не вымусіў столькі валэндацца з сабой, Рыбак, мусіць, даўно быў бы ўжо ў лесе. А цяпер вось таму дык усё роўна ў вяроўцы на браме, а яму як, жывому?..

Усё ўвачавідкі рушылася, гінула, здабытае цаной такіх намаганняў у барацьбе за самае дарагое — жыццё. І на чорта яму цяпер тое жыццё? Каб служыць немцам?

У бязладным цягучым одуме, ад якога блыталася, цьмела свядомасць, Рыбак датупаў з калонай да знаёмых варот паліцыі. На вялікім двары іх спынілі, па камандзе звыкла павярнулі да памяшкання. Ля ганка ўжо стаялі начальнік, следчы Партноў і двое ў нямецкай вайсковай форме. Старшы паліцай зычна далажыў, што каманда з ліквідацыі прыбыла. Начальнік прыдзірліва агледзеў калону.