Словы гэтыя спадабаліся Славіку. Значыць, хлопцы ўсё ж нешта разумеюць, падумаў ён, да чагосьці рыхтуюцца, небяспеку і рызыку пралічваюць… Але ісці ў «сексоты» ён не хацеў.
– Ты ж ведаеш, што не мяне аднаго вярбуюць? Так, я прызнаўся, але знойдуцца тыя, што прамаўчаць. Падпішуцца і будуць рабіць сваю чорную справу. І я нават не буду ведаць, хто за мной сочыць. Я нават не ведаю, хто ты? Чаму я павінен табе верыць?
– Ну вось, пачынаецца... Яны толькі таго і хочуць, каб паміж намі разлад пайшоў. Каб мы перасварыліся, падазраючы адзін аднаго ў тым, чаго няма. Верыць ці не верыць — справа асабістая. Я ж вось табе веру… Не спяшайся. Падумай. На гэта трэба ісці альбо не ісці абсалютна свядома. З халоднай галавою, — Сяржук міжволі ўсміхнуўся, відаць, згадаўшы, каму належаць гэтыя словы. — Ты ўжо адзін раз пацярпеў, не згадзіўшыся. Чым цяпер цябе могуць запалохаць? Другі раз на вайну не пашлюць: няма вайны... Хіба што пачнуць пужаць звальненнем з працы ды іншымі жыццёвымі праблемамі і абяцаць спрыянне, кватэру ды ўсё такое… Але тут кожны сам выбірае… Кар’ера змагара з акупантамі за свабоду свайго краю не самая горшая ў свеце… Ты сам казаў, што гатовы пацярпець за гэта. Ну вось і прыйшоў час выбару…
Сержука ён выслухаў уважліва і з удзячнасцю: сапраўды, канчатковае рашэнне прымаць выключна яму самому. Аднаму яму і больш нікому.
Лёгка сказаць: аднаму. У ім цяпер змагалася як мінімум двое, і перамагаў той, які казаў пра безвыходнасць. Славік ведаў, што такое даць згоду на супрацоўніцтва. І яму да апошняга не хацелася гэтага рабіць.
Ды выбар быў невялікі…
4.
Дні цягнуліся марудна, і чытанне не дапамагала… Але гэта азначала, што Славік стаў адчуваць час, яго хаду — няспешную і запаволеную тут, у інтэрнаце, што было добрым знакам: да яго пачало вяртацца пачуццё жыцця. Блукаючы па інтэрнацкім дворыку, які толькі напачатку падаўся яму невялікім, ён знайшоў у ім яшчэ некалькі файных мясцінак. У адным з кустоў акацыі ён заўважыў прыхаванае між галінак гняздзечка невядомай птушкі, у якім ужо вывеліся маленькія. Ён затойваўся і падоўгу назіраў, як яны ў чаканні бацькоў таўкуцца ў цеснаце і разяўляюць да неба чырвоныя з жоўтым роцікі. У куце двара, пад высокім інтэрнацкім плотам, ён знайшоў чмялінае кубельца — проста дзірку ў зямлі, з якой з тоўстым гудам выляталі і ў якую вярталіся нечым заклапочаныя прыгожыя пухнатыя стварэнні. Ён мог падоўгу назіраць за імі не стамляючыся. Нешта гэта яму нагадвала. І аднойчы раптам ён згадаў — ясна і ярка, што некалі даўно, у дзяцінстве, яны з хлопцамі гэтаксама назіралі за чмялямі, а потым вырашылі паспрабаваць здабыць чмялінага мёду. Падказаў ім, як зрабіць тое, дзед. Каб выкурыць чмялёў з іхняе схованкі, яны над выхадам у зямлі расклалі цяпельца. Адны чмялі кружлялі над сваім домам і не маглі патрапіць у яго, а іншыя, што былі ў ім, гінулі ад агню і дыму. Потым хлопцы раскапалі гарачую зямлю над чмяліным сховішчам і дасталі соты, падобныя да маленькіх бочачак, і елі, высмоктвалі з іх духмяны мёд, жавалі і выплёўвалі вязкі воск… Славік так ясна згадаў той выпадак, што нават адчуў у роце смак чмялінага мёду. Ён гэтак захапіўся ўспамінам, што і не адзначыў для сябе важны момант: ён упершыню ўспомніў штосьці не ў паўсне, а на яве…
…Але больш за ўсё ўпадабаў ён сядзець на адной лаўцы, з усіх бакоў затуленай маладымі дрэўцамі акацыі, дзе можна было падумаць на адзіноце. Ён сядаў на яе, даставаў прыхаваны дубчык і маляваў-чыркаў ім перад сабой на пяску розныя фігуркі ды літары. Гэта не перашкаджала яму, а наадварот, дапамагала складваць асобныя кавалачкі мазаікі ўспамінаў у цэльныя малюнкі. За ўсё лета на Палессі прайшло толькі некалькі кароткіх дажджоў. І тыя прашумелі ноччу. А таму пясок быў сыпкі, лёгка прымаў на сябе ягоныя крамзолі, і гэтак жа лёгка, нагой, яны сціраліся-раўняліся, і зноў можна было нешта крэсліць… Занятак бясконцы, заварожвальны сваёй паўтаральнасцю. Славік згадаў, што ў адным часопісе ён чытаў артыкул-дыскусію: ці ўмеў Ісус Хрыстос пісаць, ці быў ён пісьменным? Звестак пра гэта няма. Ёсць толькі ў Новым Запавеце, у Евангеллі ад Яна, згадка, што калі кніжнікі ды фарысеі прывялі да Хрыста жанчыну, спайманую на чужаложстве, каб асудзіў яе, ён сядзеў і нешта пісаў «пярстом» на пяску. Ісус сказаў ім словы, якія ведаюць многія: «Хто з вас без граху — хай першы кіне ў яе камень…» — і зноў, нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі. Што: літары ці нейкія знакі — ніхто не бачыў…