Але і адмоўчвацца немагчыма, бо здагадаюцца, што ён штосьці ўспомніў і хітруе — трымае ў сабе, утойвае. Трэба заставацца для ўсіх нібыта гранічна шчырым, наіўным, як малое дзіцё, як Сашка. Добра, што ў Славіка была магчымасць паназіраць за ім, і ён цяпер ведаў, як трэба сябе паводзіць і які выраз твару мець, каб паверылі ў шчырасць… А таму Славік распавёў Станіславу Сцяпанавічу, што яму пачалі сніцца-мроіцца выпадкі з чыйгосьці жыцця, мажліва, і ягонага былога. І пераказаў свой успамін-сон пра Афган. Бой за вышыню, крыкі ды стогны сяброў, якія і сапраўды, нават цяпер, калі расказваў, стаялі ў ягоных вушах: ён абхапіў рукамі галаву, каб не чуць іх, і заплюшчыў вочы... Доктар задаволена пасміхаўся, гледзячы, як ён перажывае, ківаў галавой і казаў:
– Вось-вось... Так і павінна быць... Усё нармальна… На пачатку і будзе згадвацца самае яркае з перажытага. Не хвалюйся. Значыць, ты выздараўліваеш... — хоць сам і не паверыў, што Славік быў у Афгане. Падумаў: наслухаўся ў інтэрнаце размоваў інвалідаў, сярод якіх было папулярна выдаваць сябе за герояў, за «афганцаў», таму і трызніць. Можа, і сніць нешта, але пад уражаннем чужога, пачутага тут, бо свайго — няма…
Але, тым не менш, пачаў заходзіць да Славіка з роспытамі часцей. Славіку ж, які не мог яму адмовіць у гутарцы, стала ўсё цяжэй і цяжэй утойваць згаданае і аднеквацца на пытанні. Адно хіба супакойвала яго: у гэтым інтэрнаце быў ён не адзін такі, хто не памятаў свайго мінулага. Наколькі ён зразумеў, былі яшчэ дзве жанчыны і сем ці восем мужчынаў, большасць з якіх жылі тут ужо не адзін год, але так нічога пра сябе і не ўспомнілі: ні месца, адкуль яны, ні імя, ні родных. Трымаліся яны адасоблена, паводзілі сябе ціха, нібыта хацелі быць незаўважнымі: як цені соваліся па паверхах, па двары, усе ў саміх сабе, часам нешта мармычучы пад нос, і нагадвалі нейкіх манахаў і манашак, што ходзяць, шэпчучы малітвы... Розум у большасці з іх аднавіўся да ўзроўню двух-трох ці пяці-шасцігадовых дзяцей. Яны нават хадзілі як дзеці і былі сарамлівыя, крыўдлівыя ды плаксівыя.
Славік неўпрыкмет паназіраў за імі дзеля таго, каб асабліва не вылучацца і не выдаць сябе. Аднак хутка зразумеў, што цяпер ужо гэта позна: ён не мог ды і не хацеў быць падобным да іх. Падабенства заставалася толькі ў адным: ён таксама любіў адзіноту і на самоце праводзіў большую частку дня. У астатнім ад пачатку ён рэзка адрозніваўся ад гэтых людзей: лёгка ішоў на кантакт, на размову, яго любілі тут, і… ён нешта ды змог згадаць са свайго з перажытага расказаць Станіславу Сцяпанавічу.
«Не вылучацца» — гэта яму так думалася. На самай справе Славік ад першых дзён, як ачуўся, і асабліва як акрыяў і пачаў хадзіць, зрабіўся ў інтэрнаце даволі папулярнай асобай, да якой цягнуліся іншыя. А калі ён прадказаў будучыню і вылечыў бабу Маню, слава пра яго як пра экстрасэнса — а слова гэтае пачалі шырока ўжываць і ў вёсках пасля тэлетрансляцыяў Чумака ды Кашпіроўскага: адзін зараджаў ваду, а другі рассмоктваў шнары ад ранаў — пайшла гуляць па інтэрнаце і далей. Як ні дзіўна, ад пачатку не аспрэчыў магчымасць ягоных здольнасцяў і Станіслаў Сцяпанавіч, які сказаў, што, улічваючы атрыманыя Славікам траўмы і ягонае доўгае знаходжанне ў коме, гэта абсалютна рэальна. Такія прыклады ў медыцыне ёсць. Больш за тое, менавіта ў гэткіх выпадках, пасля клінічнай смерці, падобных траўмаў ці стрэсаў, і адкрываюцца ў людзей нейкія звышздольнасці, як у той жа Вангі…
Да Славіка пацякла ручаінка людзей са сваімі бедамі, хваробамі і клопатамі, прыпыніць якую пасля некалькіх удалых прадказанняў пра зніклых сваякоў, якіх знайшлі там, дзе ён сказаў, ды некалькіх вылечванняў цяжкахворых стала немагчыма. З раніцы ля ўваходу ў інтэрнат пачала збірацца чарга з тых, хто хацеў патрапіць «на прыём» да Славіка. Ручаінка гэтая не перасыхала ні на хвіліну і паступова стала ператварацца ў рачулку: гора людскога разліта па зямлі шмат... Сталі прыязджаць ужо і з суседніх раёнаў.
Станіслаў Сцяпанавіч, з мэтай паназіраць за Славікам зблізку, не тое каб дазваляў яму «прымаць» у дзень не больш за дзесяць чалавек, а нават прымушаў гэта рабіць. Больш Славік і не мог: хутка стамляўся. Але ён і не здагадваўся, што Станіслаў Сцяпанавіч збірае з людзей за «кансультацыі» грошы, бо сам Славік рабіць гэта катэгарычна адмаўляўся. Праўда, Станіслаў Сцяпанавіч браў не сабе, а на патрэбы інтэрната — афармляў як дабрачынную дапамогу і купляў прадукты, абсталяванне, мэблю.