Выбрать главу

Мой «атэіст» разгубіўся не на жарты. Я хоць маю Бога, а ён сваю логіку, якая трашчыць. Быў у мужа адзін харошы пацыент, якому ў свой час многа зрабілася, пан Дворжак, быў ён загадчыкам нейкага спартыўнага клюбу. Пайшлі мы ўтраіх да яго, каб ён нас нейк пераправіў у Пльзэнь, гдзе былі гуманныя, разумныя амэрыканцы, якія калі й саджалі людзей, дык не са зьдзеку, але вінаватых сапраўды. Такое мы чулі праз іх, а ў нас жа віны ніякае! Сьняцца мне тыя амэрыканцы начамі як адзіны ратунак нашай няшчаснай сямейкі.

Вось мы і ў пана Дворжака. Дзянёк позьні, летні, сонечны-сонечны. Ходзяць сабе людзі, шчасьлівыя людзі, ах, якія ж шчасьлівыя — іх заўтра ня будуць красьці… Пан Дворжак ня можа нам памагчы, ён захварэў, выйоаў да нас і так сказаў, што ня можа. Ня мог сапраўды, цераз два тыдні памёр на апэрацыйным стале ад раку мачавога пухіра… Што ж, бліжыцца нейкая непазьбежнасьць… Мне прыпомніўся верш мой адзін з апошніх: «Дай адкупіць мне цярпеньнем паэта долю і волю, і шчасьце народу…»

У нас яшчэ ёсьць добры чалавек пан Чада, ён чэх. Хочацца выратаваць хоць Янку. Звонім яму ад пана Дворжака, і Янка едзе да яго. На трамвай сядае ля сквэру, Я з жудасьцю бачу яўрэя Вольфсана, якога мы выратавалі ў часе вайны. Ён з-за дрэва сочыць за намі… Божа мой, а нас жа маглі з-за яго парасстрэльваць… Ну й сьвет, ну й людзі ў гэтым «сацыялістычным сьвеце»… Дамоў ідзем з Юраю, ён мая сіла. Добра, што хоць Янка ў бясьпецы, удар будзе па нас дваіх, і мы вытрымаем! Бог з намі. Я зьбіраю ўсе мае сілы, і ўсю маю веру, і ўсю маю любоў да маяго народу — я вытрымаю! Сын, мае хлапчане, пры мне, і ён усе дасканала разумее. Праўда, ён нейк нам сказаў, што хто быў на версе, той цяпер на нізе й наадварот і як добра, што мы былі й засталіся пасярэдзіне. Цяпер мы выходзім з усіх гэтых рамак, нас узялі на мушку.

Вось мы з сынам у хаце, звоніць тэлефон, то чэх адзін пытаецца, ці мы ўдома… Знача, яшчэ адна загадка раскрываецца. Гэты чэх убіўся нейк у наш дом вайною, каб мы памаглі яму ў складаньні нейкага агульнаславянскага слоўніка. Некалі ён быў консулам у Югаславіі, так, прынамсі, нам рэкамэндаваўся. А мы дурні (я, я), яшчэ кармілі гада ў цяжкі ваенны час… Чорт вас бяры са шпіёнамі, плюю на вас!

Нас з сыночкам чакае бой, добра, што хоць муж у бясьпецы. Калі мяне злапалі на могілках, я з адчаю напісала ліста прэзыдэнту Бэнэшу, каб ён мяне ратаваў, бо ж і я ад яго ў свой час не адраклася. Так непрыстойна пісаць свае «заслугі», але што рабіць, калі трэба ратаваць сям’ю. Думаю аб гэтым цяпер.

Мы з сынам дваіх у маёй пасьцелі чытаем Евангельле па-беларуску, молімся горача Богу. Двое няшчасных супраць сталінскага заядлага апарату, двое самотных беларусаў — Божа, Божа, ратуй нас. Так мы й паснулі, пагасіўшы сьвет.

Разбудзіў мяне бесьперапынны званок і трэск дзьвярэй у сенях. Што робіцца, казалі ж, што дзьвярэй не ламацімуць! Выходжу, а там голас за дзьвярыма: «Мамачка, пусьці мяне, гэта я, твой Янка, я хачу быць разам з вамі, ці ўжо жыць, ці ўмерці…» Адчыняю дзьверы, пан Чада прывёў маяго «галубочка» на маё гора… Мне ж самой было б спакайней. Ну й лёс… Хутка паслала яму пасьцель і падумала сабе, што ўсе ж ён шляхотнейшы, чымсьці я сабе думала…

У нас былі прыгатаваныя тры ўколы, калі б нас бралі на зьдзекі, адныя ці другія — дык мы пастанавілі лепш траім памерці. Уколы ляжалі яшчэ з вайны.

У хаце ў мяне ўсе больш-менш ёсьць, нават сухая бульба. Ходзім па хаце на цыпачках, як духі, больш ляжымо. Панядзелак. Калі ж ужо будуць нас красьці? Вокны завешаныя, і ніхто ня ведае, што мы ўдома. Ведае толькі той пан Зіка, быўшы югаслаўскі консул, пацук аблезлы, каб ён скруціўся да раніцы… Дзень прайшоў сяк-так. Хлопцаў сваіх я накарміла. Гаворым мы мала, болей думаем. Я яшчэ не чытала «Графа Монтэ-Крыста» Дзюма, вось цяпер пачала чытаць. А няхай яго, ну й літаратура мне трапіла на гэты час… Што ж, і мы тут як на тым востраве Іф…

Я хварэла ўвесь час на язву страўніка, і ад такога перажываньня вельмі пачало мне балець пад ложачкай. Звычайна ссда мне памагала. Было ўжо надвечар, ціха кругом. Я ўстала босая, з распушчанымі косамі да пояса, у доўгім, да зямлі, халаце, узяла шкляначку тонкую венскую й замяшала ложачкаю соду, каб выпіць, як раптам пачаў званіць званок, але так званіць, што я ня выпіла той соды і, трымаючы ложачку рукою ў шклянцы, каб ня бразнула крый Божа, падышла да дзьвярэй і падперла іх моцна плячом. За дзьвярыма гутарка, як на кірмашы, а я стаю, не баюся, вось толькі каб тая ложачка ня бразнула. Мне здаецца, я лекачу. Не, няхай яны ня ведаюць, што мы ўдома… Галосны наш званок грыміць, не перастае. Цямнее. Я на цыпачках іду на сваё ложка. Муж ляжыць, як нежывы, маўчыць, бо й што скажаш? Мераю вокам адлегласьць да вакна. Затрашчаць дзьверы, дык выскачу галавою ўніз, я ведаю, што я ім патрэбная, як і ўся мая кулацкая сямейка. Не, я жывая ня дамся! Званок звоніць, і звоніць, і звоніць да першае гадзіны ўначы. Пасьля мы паснулі.

Ранак быў сонечны, мы хадзілі, елі ціхенечко, амаль ня дыхалі. Была пошта, нехта званіў, але мы нікому не адчынялі. Юрачка, наш неспакойны, як жывое срэбра, сынок, цэлымі днямі сядзеў пад сталом на дыване й ставіў вежы з падушак, што на канапе. Надзіва спакойны малы. «Сынок, ты, напэўна, хочаш на двор, такая ж пагода?» — «Не, мама, што мне з таго, каб быў я на дварэ й ня меў татачка й мамачкі, лепш я пасяджу пад сталом і буду мець мамачку й татачка», — мудра надзіва сказала хітрае наша дзіця.

У мяне заўсёды нейкія запасы ежы. Я сялянка. Вось цяпер гэта ўсё прыдалося. Юры падабаецца есьці смачныя кампоты штодня… Так мы праседзелі тыдзень аж да суботы. У суботу мы выйшлі. У хату наляцела людзей, плачуць, цалуюць нас, прынесьлі ежу й кветкі. Адныя думалі, што мы ўцяклі, другія баяліся, што нежывыя.

Знача, пад наіп вялікі дом прыехаў грузавік з «асвабадзіцелямі», і салдаты пад нашымі вокнамі трымалі расьцягнутыя брэзэнты, а начальнікі званілі, але пад дом наш зышлася ўся часьць горада, гдзе мы жылі, увесь квартал, і паднялі крык, што не аддадуць «пані доктарову», што мы іх людзі, харошыя людзі! Цікава, што найбольш крычалі й лаяліся камуністы. Што ж, людзі працы ня раз адчувалі маю спагаду, і не адзін сэкрэт з часоў вайны быў паміж намі. Добрыя людзі, яны крычалі, што бяз чэскай паліцыі ніхто ня мае права чапаць нас, а тут было якраз без паліцыі. Наш зямляк, якога мы ратавалі вайною, інг. Жук памагаў шукаць нас. Ён вадзіў знамянітую «экспэдыцыю» па хатах, па кватэрах (кватэраў болей як 30), вадзіў і ў склеп, а ў дзвярох паставілі патрулёў. Так да першай гадзіны ўначы. Болей не паказаліся. «Экспэдыцыя» закончылася. Павезьлі Петру, налапалі яшчэ кандыдатаў у лагеры ў Комі. I на гэты раз ім зноў не ўдалося схапіць нас. Бог даў нам яшчэ тры гады чалавечага жыцьця, праўда — трывожнага…

Муж быў бледны, хістаўся, адзін цень. Ён пабег недзе пратэставаць у камендатуру, але дэлегацыя з нашага квартала ўжо пабывала ў галоўнай савецкай камендатуры ў горадзе Лысай над Лабаю. Бедныя, добрыя, яны ўжо нас і там ратавалі…

Я яшчэ раз напісала прэзыдэнту рэспублікі й на гэты раз напісала яшчэ паслу амэрыканскаму ў Празе, Лоўрэнсу Стайнгарту. Я верыла толькі яму. Чэхі дасталі паперы з маімі ініцыяламі, перапісалі маяго ліста на машынцы па-чэску, і цераз адну асобу, добра ёй заплаціўшы, я паслала гэтага ліста ў самае амэрыканскае пасольства.

На трэці дзень харошы Стайнгарт ужо паведамляў мяне, што гаварыў з чэскім урадам і пакуль што каб я была спакойная. Я цалавала таго ліста, і здавалася мне, што небясьпека амаль мінула. Яна не мінула, але тры гады, ад 45-га да 48-га, гэта былі самыя страшныя гады, калі людзі мерлі ў лагерох, як мухі, іх проста нішчылі «велікадушныя» пераможцы абедзьвюма рукамі, асабліва нацыянальна ідэйных. З яўна нямецкімі прыслужнікамі яны адразу знаходзілі супольную мову й рабілі іх правай рукою ў вынішчэньні ўсяго беларускага. Людзі, каб захаваць жыцьце, падлелі неймаверна, каяліся нат у тым, чаго ніколі не рабілі. Кляліся ў вернасьці Сталіну й камунізму, страшнае называлі — гуманным, дурное — мудрым, сваё добрае хрысьцілі паганым, ад беларускага з болем сэрца шарахаліся, як ад агню, згубіўшы надзею, што наагул ажывем калі-небудзь.

Усе залівала матушка-Русь. Недабітыя бедныя ўласаўцы прагаа выслужваліся, як культуртрэгеры на нашых землях, каб толькі іх не пасылалі дамоў, гдзе добра іх ведалі… Вось яны й партызаны ня нашага народу стаялі цяпер на стражы й пільна сачылі, каб не прачнулася Беларусь тая адвечная са сваёю гісторыяй, з Пагоняю любай, з роднаю мовай, з народнаю песьняй і з каханьнем да старога сваяго народу.