Пасьля трох тыдняў нашага прабываньня ў Львове гатавалі далёкі этап. Валька папярэдзіў нас, што паедзем. Ля нас была камера маладых людзей, якія дабравольна перабеглі ў Саветы. Я аднойчы пачула, як адзін з яўрэяў даводзіў, што ўсе яны шпіены. Ніяк не мясьцілася яму ў галаве, што нехта нармальны можа ехаць сюды з іншых меркаваньняў. Былі тут расейцы, украінцы й нават нейкі француз. Маці Марта палажыла мяне ля сваіх ног, і я заснула, а яна шыла мне мяшок, бо, ведаючы варункі на этапах, баялася за мае чамаданы. Дала яна з сабою торбачку сухароў, дзесяць рублеў, і я выменяла яшчэ ў нейкай дзяўчынкі кусочак сала за нешта з адзежы. Старшая камеры маўчала, і я толькі сьцерагла рэчаў, каб яна зноў не паквапілася на нешта «загранічненькае». Маці Марце я пакінула цёплую даўгую кашульку на ноч і цёмную хустачку на памяць. Мы сардэчна разьвіталіся з ёю, і я добра запамятавала яе адрас у Львове. На падворку перад этапам падышоў яшчэ да нас надзірацель-яўрэй і даў мне некалькі пачак папяросаў ад Маці Марты, за што забраў у мяне апошнюю дзесятку, хоць, як відно, на папяросы Маці Марта яму грошы дала. Дала й за фатыгу.
Зноў сядзелі мы ў закратаваных, спэцыяльных купэ. За мною сядзелі жанчыны, якіх адвозілі недзе на Поўнач, адкуль яны паўцякалі. Рэчаў у іх не было, толькі крыху прадуктаў, вялікая любоў да Украіны й надзея вярнуцца дамоў. Як жа ненавідзелі яны чужую зямлю, куды валаклі іх сілай, усе ім забраўшы, да жабрацкіх мяшкоў. У савецкіх цягнікоў было заўсёды некалькі вагонаў для зьняволеных. Вагоны гэтыя былі падзеленыя на добра закратаваныя камеры, у якіх на нізе й на версе вязьлі бітком набіта людзей. На пачатку вагону туалет, у які пушчалі людзей не паводле іх патрэбаў, але паводле капрызу канваіраў, для якіх мукі зьняволеных былі дзікай разрыўкай. Так жа, паводле сваяго капрызу, дзялілі яны воду людзям, і людзі часам аж душыліся са смагі, а з калёшаў ад валенак карысталі як з туалету. На другім канцы вагону быў яшчэ карцар, туды хавалі незадаволеных, над якімі асабліва зьдзекаваліся. Там недзе былі й «апартамэнты» для канваіраў.
Колькасьць зьняволеных, перавозка іх, пункты перасылак, бані і т. п. — гэта было добра з’арганізаванае прадпрыемства, запланаванае ў вялікіх маштабах як нейкая часьць дзяржаўнай дзейнасьці й неабходнасьці «мудрага» марксізму. Ад гэтага станавілася і жудасна, і сьмешна, нават крыху радасна з таго, як нізка скаціўся вораг усяго чалавечага ў сваіх мэтадах нішчэньня людзкасьці. Такое ня мае, ня можа мець будучыні, бо вынішчаныя людзі ня моўкнуць са сьмерцю, а голасна крычаць да сумленьня ўсяго сьвету, гдзе ўзровень чалавека на вышыні. Усе, што сталася ўжо нармальным для абслугі гэтага прадпрыемства й для ўсіх заправілаў гэтай дзяржавы, нармальнаму эўрапейцу сьціскала горла вялікім болем людзкім, бяскарна пралітай крывёю нявінных. Канваіры, нядаўнія «пераможцы» Эўропы, зьвярталіся да сваяго, нядаўна мучанага немцамі народу з такой нечалавечай лаянкай, што скура шэрхла ад іх жудасных, рафінавана брудных слоў, у якіх мяшалі і Бога, і сваю маці, і ўсё, што для нармальнага чалавека застаецца заўсёды сьвятым. Незразумелы садызм распасьціраўся ад Сталіна да канваіраў, і ўзаемным мучэньням у гэтай краіне, здавалася, няма канца й меры. Калі ўжо мяне асуджаную вязьлі далей на поўнач, я пабачыла цэлыя цягнікі з т. зв. «вагонзакаў» і тысячы лагероў ля жалезнай дарогі на Варкуту. Над абсечанымі паўночнымі вятрамі ўбогімі ялінамі ўздымаліся вышкі, вышкі й больш нічога як вышкі.
Ну а пакуль што вязьлі нас у Менск. Пад вечар мы ўжо былі ў Баранавічах, і нейкі начальнік, убачыўшы нас, крыкнуў: «Чамаданнае настраеніе». Гэта ён убачыў не мяшкі на вяровачцы, а сапраўды чамаданы й з гэтага дзіва мусяў крыкнуць.
У Баранавічах вязьніца была вялікая, дзеравяная. Усё тут было з дрэва: і дзежка на ваду, і праславутая савецкая параша. Сховішча на рэчы там не было, так як усе савецкія парадкі яшчэ не былі заведзеныя, і мае рэчы пасьля шмону далі мне ў камеру. Сядзела там ужо некалькі жанчын, пераважна маладых. Адна з іх рэкамэндавалася партызанкай. Мова яе была настолькі пераплеценая нецэнзурнымі словамі, што здавалася, гэта асаблівая мова, «дыялект» партызанскі, і толькі брала дзіва, як гэта мог чуць падобнае стары беларускі лес… Жанчыны ўсё ў мяне выпытвалі, а позна ўвечары пачалі памалу нападаць на мяне, рысавацца сваёй партызаншчынай і паглядаць у бок маіх чамаданаў. Нарэшце, адзначыўшы ўсе свае «заслугі» перад савецкай уладай, яны сабраліся дзяліць між сабой мае рэчы, як ваенны трафей, але нейкі таварыш адчыніў акенца й моцна на іх прыкрыкнуў. Ён загадаў ім не чапаць мяне, і яны адсталі. Абманутыя, яны бурчалі, як кошкі, але я па дабраце душы свае дала ім нейкія драбніцы, і настрой іх адразу зьмяніўся. Перад сном яшчэ яны пасьпелі даць мне нязгоршы партызанскі канцэрт, які я з цікавасьцю выслухала. Я толькі думала сабе, што там з маім мужам? Раненько, яшчэ не развіднело, нас адпраўлялі далей. Было нас пад 50 чалавек. Дзялілі нам па куску хлеба, па сырой рыбіне й па капельцы цукру. Цікава было тое, што нейкі афіцэр папытаўся, цi няма ў мяне хустачкі? Хустачка была, і ён усыпаў мне ў яе місачку цукру. Гэта быў каралеўскі жэст з яго боку! Я ўвесь той цукер аддала мужу, але ўдзячнасьць за яго доўга саладзіла маё сэрца. Пагналі нас строем, з сабакамі недзе аж пад горку, гдзе загадалі прысесьці на зямлі, каб нас не было відно. Канвой быў нейкі нязлосны, свойскі, і мы прыпалі да зямлі, як курапаты. Пасьля прыйшоў цягнік, і зноў нас пагрузілі ў зьвярыныя клетачкі, мужа, на гэты раз, недалёка ад мяне, і павезьлі нас у Менск. Мы ехалі Беларусьсю. На станцыях спыняўся цягнік і шчодра папаўняліся нашыя клеткі. Заводзілі па-вясковаму бабы, а іх сыны з торбачкамі мужаліся й панура залазілі ў клеткі. «Мамачка, — казаў муж, — дык мы ўжо ў Беларусі, паглянь, няўжо не адчуваеш сваяго паветра?» — «Адчуваю, — кажу, — аж надта, але чую, што яшчэ больш буду яго адчуваць, таму мне хацелася б быць цяпер як найдалей ад гэтага паветра, на другім канцы зямнога шару».
У Менск прыехалі мы рана. Ля цягніка зноў паявіліся канваіры з сабакамі, і тыя цюцькі вельмі варожа на нас паглядалі, паблісквалі толькі іх завостраныя клыкі. Нам зноў загадалі прысесьці й нахіліць голавы, а пасьля павялі ў іншы вагон, гдзе мы праседзелі да позьняга вечара. Гутарылі мы праз сьценку з мужам, прашчаліся. Я хацела прыгатаваць яго, каб ня лішне спалохаўся — калі будзе зацяжка й не стрываю зьдзекаваньня, дык пастараюся ня жыць. Ён так зьбянтэжыўся, так спалохаўся, што ледзь не памёр адразу, і я абяцала яму, што выжыву. Яшчэ раз папрашчаліся мы з ім у «чорным воране». Вуліца была асьвечаная, хадзілі людзі, і нас хутка ўвялі за браму менскай вязьніцы, т. зв. «амэрыканкі». Тэатральна ветліва прывітаў нас нейкі турэмны начальнік, які вельмі зьдзівіўся, што няма з намі сына, і шчыра аб гэтым пашкадаваў… Ад яго слоў холад пайшоў мне па целе й нядобрае прадчуваньне сьціснула сэрца… Нас разьдзялілі з мужам. Мяне павялі ў нейкі павук. Я вельмі напалохалася, а пасьля пхнулі ў камеру, якая мела форму гроба з прыкаваным сталом і такімі ж прыкаванымі й адложанымі нарамі з бакоў. Узор на гэтую турму запазычылі саветы ў Амэрыцы, як мне пасьля сказалі, і не адна сотня, і не адна тысяча беларусаў у безнадзеі й муках пазнавала тут сутнасьць марксізму-ленінізму з яго першапачатковых жарол… Увесь Менск разьбілі бязьлітасна, наступаючы, немцы, а вось гэтай клятай будыніны не кранула ні адна бомба на нашу бяду! Праседзеўшы там некалькі месяцаў, я абдумвала плян, як з гэтага месца чалавечых мукаў зрабіць некалі музэй ці капліцу, гдзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на задушныя дні.