Выбрать главу

А мяне зноў цягаюць. На гэты раз зноў нейкі яўрэй, нейкі важны начальнік, відно. Угаворвае падобраму напісаць памілаваньне ці жалабу, каб нарэшце пусьцілі мяне. «Сколько можно порядочным людям сидеть?» — крычыць мне, што пусьцяць нас у Чэхаславакію ці сюды, толькі каб я напісала, ён хоча ведаць, што ўгаварыў мяне. Не, не і яшчэ раз не! Я ні за што сядзела, і няхай у мяне просяць, каб даравала! Плачу і ўцякаю. Праз увесь лагер няма ў мяне просьбаў да іх! Мяне ня мелі права судзіць, і яны гэта ведаюць і няхай дадуць мяне туды, скуль узялі! Што тут робіцца, чаго яны хочуць? Шкадаваць яны нікога не шкадуюць, і гэта я ведаю, яны хочуць мяне абмануць, знача, хочуць мяне тут пакінуць, выпусьціць на маю просьбу, ага, так яно выглядае… Трэба рабіць так, каб адвезьлі ў Эўропу, там сын, людзі болей чалавечыя й няма Комі. Ах, якія ж шчасьлівыя немкі і ўсе, каму ўдалося вырвацца згэтуль. Сталіна няма, але яны тут родзяцца, як грыбы, і хто ведае, ці зноў з якога духоўнага семінарыста ня вылупіцца падобны чорт? Не, не, толькі ўпарта старацца, каб як далей згэтуль! Мы, беларусы, сэнтымэнтальныя скрыпкі, раскісаем без Радзімы й ляцімо да яе на загубу. Нас можна так вылушчыць да апошняга, ап’яненых любоўю да сёлаў! Трэба жыць розумам, а сьвятасьць пачуцьцяў захаваць аж на дно душы. Тут галоўнае быць і застацца чалавекам, пасьля ўжо быць сацыялістам, пралетарам ці кім хто хоча, але чалавекам трэба быць перад усім, а тут нельга!

Раны ў душы пякуць, як агонь, муж не загіне, ён піша, што цяпер працуе лекарам і гэта жыць можна, але вось сын мой у горы, малы мой сын… «Мама, я піў гарэлку, я быў як нелюдзь, — скажа ён мне пасьля, — іначай яны мяне ня выпусьцілі б…» Так, яны выпускаюць толькі, калі заб’юць у людзей сумленьне, а заграніцу — дык толькі запэўненых сваіх стукачоў, усе зьнекуль ведаю, але ведаю гэта напэўна. Перахітрыць ворага й ня быць у яго крывавых руках прыладзьдзем да яго спраў. Мяне яны ўжо не абмануць, а вось як мой муж? Гэта непакоіць мяне, і я ўжо хацела б забыцца аб ім, бо чую з яго лістоў, што мы розныя людзі. Ён піша аб Варкуце, аб сустрэчы, аб шчасьці тут, на Поўначы… Якое, чалавек, шчасьце, калі ўсё тут на абмане, на трупах і патрэбная барацьба!