Выбрать главу

Адкасіўшыся, я сядзеў у завозні — перацягваў хамут, ушываў старыя аброці. Хоць было і лета, дырэктар сабраў усіх настаўнікаў. На канікулы ніхто не раз’язджаўся, бо не пускала гаспадарка: соткі, гароды, дровы, сена. Я здзівіўся. Відаць, нешта тэрміновае. Праз паўгадзіны Яўген Паўлавіч зайшоў да мяне. Патаптаўся, паглядзеў на маю работу і неяк збянтэжана загаварыў: «Ведаеце, толькі што ў газетах апублікавана выдатная праца таварыша Сталіна: «Марксізм і пытанні мовазнаўства», і ёсць загад райана тэрмінова вывучыць яе і прымяняць пры выкладанні ўсіх прадметаў. Мы чыталі, чыталі і заблыталіся ў гэтых індаеўрапейскіх мовах, у тэорыі Мара. Я — гісторык. Гэтага мы не праходзілі. Можа, вы дапаможаце разабрацца ў гэтых прамудрасцях? Хадзем. Там ужо чакаюць настаўнікі». Я паглядзеў на разгубленага дырэктара і з усмешкаю спытаў: «Не баіцеся, што саб’ю вас з марксісцкіх пазіцый? Я якраз вывучаў мовазнаўства па Мару». — «Не ўдасца, — усміхнуўся Яўген Паўлавіч, — марксізм я ведаю добра. Калі трэба, падпраўлю».

Я прызнаўся, што працу Сталіна прачытаў уважліва і самае істотнае падкрэсліў. З-пад бэлькі дастаў газету, і мы пайшлі ў настаўніцкую спасцігаць глыбіні новых адкрыццяў у мовазнаўстве. Нават Наталля Іванаўна глядзела на мяне не так пагардліва і калюча. Усе слухалі ўважліва мае каментарыі, але ніхто не ўяўляў, як увязаць мовазнаўства з батанікай, фізікай, хіміяй, з табліцай множання. А інструкцыя патрабавала безагаворачных увязак.

Не ведаю, правільна ці не я сказаў, што сувязь мовазнаўства з любым прадметам вымагае высокай культуры мовы кожнага настаўніка, а значыць, і вучня, шырокага мыслення, дасканалага валодання прадметам, агульнага моўнага і арфаграфічнага рэжыму.

Чатыры слупы да сустрэчы

Лісты з дому прыходзіді даволі часта. Хоць дзе той быў дом? Дачка з дзедам гаравалі ў катушку, выгараджаным на кухні колішняй нашай кватэры, жонка за дваццаць кіламетраў ад іх кватаравала ў бурклівай адзінокай бабулькі, таксама ўдавы 37-га года.

Не дом быў, а сапраўднае раскіданае гняздо.

Жонка суцяшала і абяцала ў канцы ліпеня ці пачатку жніўня адведаць мяне. Я лічыў дні. Паштоўкаю паведаміў адрас у райцэнтры, дзе яна можа знайсці прытулак і ўвагу. Паштоўкі ішлі хутчэй і меней цікавілі нашых шэфаў.

Дні складаліся ў тыдні, але не было ні маёй госці, ні вестак з дарогі. Бяссонныя ночы высушвалі душу і мазгі. Якія жахі толькі не вярзліся! Колькі бясследна знікала людзей у дарозе? Успомнілася, як Алю ледзь не скінулі бандыты з цягніка, калі ехала пасля вайны да мяне ў лагер. Таму ні спаць, ні піць, ні есці не мог. Ад пакутлівых думак можна рэхнуцца. Кожную раніцу глядзеў на неба і маліў у яго літасці, бо, як толькі задажджыць, раскіснуць таежныя дарогі, у наш бярлог ніякімі сіламі не прабіцца.

Пакуль стаяла пагода, яшчэ верылася ў сустрэчу. На тыдзень згадзіў пакойчык у ветлівай і ласкавай бабкі Вяткінай, а яна кожны дзень дапытвалася: «Какие новостя-то есть, сказывай. Матри, паря, поди, увел твою беленькую какой ни на есть чорный кабказец». I падкідала мне новую пакуту: пасля Айчыннай вайны па амністыі распаўзліся па краіне крымінальнікі, шасталі па цягніках, рабавалі, забівалі, скідалі з падножак.

А як задажджыла, я ўпаў духам зусім. Напаўзлі нізкія цёмнашэрыя хмары з раскалмачанымі закрайкамі. Бясконца цадзіў і цадзіў нудны і спорны дождж. Ён заліў маю апошнюю надзею.

Знясілены ад дум і трывог, коўзаючыся нібы па намыленай сцежцы, я ішоў у сваю завозню. Нечакана нехта моцна пастукаў у раму. Праз адчыненую фортачку гукнуў паштавік Мікалай Рэдзькін: «Толькі што з райцэнтра званіла ваша жонка. Яна там чакае на пошце». Я аслупянеў. Як у такую залеву і бездараж яна магла дабрацца? Доўга не думаючы, пайшоў ёй насустрач. Я не ішоў, а бег па калюжынах і выбоінах гразкай і ліпкай дарогі. Абапал пад дажджом шапацела намоклае лісце, ігліца лістоўніц і елак іскрылася дробнымі каралямі дажджынак. У скронях татахкала ад хвалявання і шпаркай хады, думкі круціліся, як на калаўроце, не верылася, што сёння сустрэну сваю «дзекабрыстку», думаў, як дабярэмся да Біязы. Трывогі змянілі ўспаміны — перад вачыма праходзіла маё кароткае, такое заблытанае і цяжкае жыццё. Не пакідала адна думка: за што? Няўжо да скону гараваць у гэтай глушэчы з кляймом палітычнага злачынцы пад пільным наглядам жорсткасці і недаверу?