Самае крыўднае — адчуваць бездапаможнасць, пераканаць людзей, знаёмых, якія цябе ведалі і верылі табе, што ты ні ў чым не вінаваты.
Следчыя, пракуроры, суддзі даўно ўпэўніліся ў гэтым, але страх за сваю шкуру штурхае на злачынства, на здзекі, на знішчэнне сумленных людзей. У нашай планавай гаспадарцы і яны маюць свой план, і выконваюць яго сабе на радасць, людзям на гора.
На дарозе — ніводнай жывой душы. Гарланяць на дождж вялізныя мокрыя вароны, часам прашалясціць у траве змяя. Гэта ж непадалёк адсюль, у даспелых малінніках, мядзведзь адгрыз сабе лапу. А чалавек здольны на такое? I ўспомніўся наш даваенны лясны лагер: дзень на павале, ноч грузім пульманаўскія вагоны шпаламі і дрыўмі, сёрбаем баланду з атрубей і турнэпсу, дахадзягі б’юцца каля памыйніц за гнілыя галовы траскі. Над варотамі лозунг: «Лучковая пила и канадский топор — кратчайший путь к освобождению!» Пад ім праходзяць змардаваныя панурыя брыгады з піламі і сякерамі. Да агароджы ступіў яшчэ дужы бялявы і ціхі Вася Буянаў, паклаў левую далонь на слупок і з усяе сілы секануў вострым тапаром. Кісць адскочыла на мокры пясок, і пальцы сціснуліся ў кулак. Буянава забралі ў санчасць, а потым у цэнтральны ізалятар, судзілі за «членовредительство» і да неадбытага тэрміну дадалі яшчэ дзесяць гадоў. Ён страціў руку, але затое выжыў, адседзеў да «званка», вызваліўся і быў рэабілітаваны не пасмяротна.
Я не магу адкараскацца ад страшных успамінаў. Хоць бы дзе жывая душа, хоць бы фурманка ўслед або насустрач. У такую нягоду ніхто не паедзе: на колы наліпае столькі чарназёму, што яны перастаюць круціцца, конь ідзе, як на катурнах, і можа скруціць нагу. А я іду подбежкам і сам дзіўлюся, як хутка мінаю і мінаю прыдарожныя слупы. Наперадзе іх застаецца чатыры. Чатыры слупы да сустрэчы.
Нейкі тупат насцярожыў. Азірнуўся і ледзь не ўмлеў: па ўтравянелай абочыне ў лёгкім вазку на знаёмым рыжым стаенніку ехалі двое ў зялёных плашч-палатках з нізка насунутымі капюшонамі. Першая думка — скокнуць у лес, але позна: мяне ўжо ўбачылі. Так, гэта мае гаспадары. Пазнаю нашага ранейшага ўпаўнаважанага лейтэнанта Траццякова і маладзенькага Пушыкава. Сэрца збіваецца з рытму. «Тп-рр-у!» Параўняліся. Стаю, хачу прывітацца, а язык шорсткі, як суконка, не слухаецца. Усё ж нешта прамармытаў. Замест адказу Траццякоў пытаецца: «Куды спяшаемся?» Я лепячу, што прыехала жонка і недзе чакае пад дажджом. «А хто дазволіў?» Уключаецца Пушыкаў: «Вам вядома, што самавольная адлучка з месца пасялення лічыцца ўцёкамі, а за гэта… вас папярэджвалі?.. Правільна, 25 гадоў катаргі. Спяшаецеся за калючы дрот? Што будзем рабіць, таварыш лейтэнант?» Дзе мая была душа і ці была наогул, не памятаю, а Пушыкаў усё насядаў: «Ну што жа, вернемся, яго — у КПЗ і аформім справу, каб іншыя не бегалі».
Доўгае маўчанне. Стаю, як над прорваю. Спіхнуць ці ўтрымаюся? «Так і быць, — марудна цэдзіць Траццякоў, — ідзіце. Толькі адразу — у райаддзел да дзяжурнага. Скажаце, я дазволіў. Хай зробіць адзнаку ў дакуменце. Запомніце, гэта першы і апошні раз. Но-о-о!» — хвастануў каня ляйчынаю, і каламажка пакацілася па ўтравянелай абочыне.
Я адразу не мог сысці з месца. Глядзеў ім услед, і не верылася, што бяда мінавала і я вось-вось убачу сваю Алю.
Тайга парадзела. Абапал дарогі густыя зараснікі тальніку, ракітніку і глогу. Вось ужо відны нізкія берагі і павольная плынь шырокай ракі. Дарога крута ўзнімаецца на доўгі драўляны мост з пазелянелымі ад моху парэнчамі. Прыбаўляю хаду, амаль бягу, у мітульзе стаіць нейкая маленькая постаць. Ці не прывід? Яна! Яна! Вось ужо ўсміхаецца і бяжыць мне насустрач. Падхапіў яе на рукі, маленькую, лёгенькую, як дзіця. Мы плачам абое, тулячыся мокрымі халоднымі шчокамі, і вусны адразу не знаходзяць вуснаў. Яна ад валасоў да падэшваў мокрая і настылая, рукі дрыжаць, а пабляклыя вусны шэпчуць нешта блытанае і пяшчотнае. Я расшпіліў сваю мокрую целагрэйку, з яе ідзе пара, і затуляю вузкія плечы, каб хоць трошкі іх адагрэць.