Раніцай я паспяшаўся ў райана. Ім загадваў добры педагог Іосіф Нічыпаравіч Маеўскі, нашчадак даўніх перасяленцаў з Беларусі. Я моўчкі падаў яму сваю выратавальную паперку. Ён пакруціў яе з усіх бакоў, утаропіўся ў мяне. «Што ж, загад ёсць загад. Яго мы абавязаны выконваць… А вы ведаеце, якая ў вас будзе нагрузка? Пяць гадзін на тыдзень. З такою нагрузкаю трымаць адзінку, самі разумееце, мы не можам. Дзіўна, што аблана гэтага не ведае».
Я стаяў знямелы. Вось табе і радасць. Сэрца зайшлося, кроў ударыла ў скроні. Ці ж трэба было абіваць парогі прыёмных, плакаць, выпрошваць літасці, суткамі адной пад дажджом ісці па тайзе, рызыкаваць жыццём, каб атрымаць паперку, якая нічога не мяняе ў нашым пакутніцкім лёсе?
Маеўскі заўважыў мой адчай. «Т-э-э-кс… Што ж з вамі рабіць? Якую замежную мову вывучалі ў інстытуце? Нямецкую? У Біязе ніколі не выкладалася замежная мова. Па сетцы гадзіны ёсць. Яны прападаюць. Але самі вырашыць мы не можам. Калі дазволіць аблана, пярэчыць не будзем». I ён мне падаў мой звялы загад.
Я кінуўся на пошту. Заказаў размову з таварышам Кулагіным. Хвіліны чакання здаваліся вечнасцю. Некалькі разоў тэлефон быў заняты, то не адказваў. Нарэшце, па абедзе, пачуў у трубцы прыемны барытон. «Так, так. Добра. Зразумела. Папрасіце тэлефаністку пераключыць мяне на Маеўскага і самі ідзіце да яго». Я акрыяў. Дзе там ісці, бег бегма. Потым многа разоў, калі мяне здымалі, таварыш Кулагін мяне пазнаваў па голасе і заўсёды ратаваў.
Толькі па дарозе ў райана я заўважыў, што неба ачысцілася ад хмар, свяціла сонца, падсохлі сцежкі, і на душы пасвятлела.
Маеўскі мне сказаў, што выкладанне нямецкай мовы прыйдзецца пачынаць з алфавіта ва ўсіх класах, а цяпер я яму нарабіў клопату — здабываць падручнікі і праграмы. Ён даў мне копію загада для дырэктара школы і развітаўся без асаблівай ветлівасці.
Не абыходзячы лужыны, пераскокваючы праз канаўкі, я бег да сваіх з радаснаю навіною. Мяне заўважылі праз акно, і ўсе выйшлі насустрач. Важны быў прэцэдэнт — ссыльнаму дазволілі працаваць у школе, і ўжо з’яўляліся надзеі, строіліся меркаванні на «пацяпленне», на палёгкі ў рэжыме. Усе арыштанты жывуць суцяшэннямі і спадзяваннямі, нават засуджаныя да смерці і ў апошнюю хвіліну яшчэ разлічваюць на літасць.
На мяне з надзеяю глядзелі тры жанчыны. Я падняў загад, напісаны ад рукі загадчыкам райана. Навіна стала агульнай радасцю. «Дзякаваць Богу, лёд крануўся. Калі яны ўсіх настаўнікаў, што возяць сілас і рэжуць дровы, пашлюць у школы, будуць шчаслівыя дзеці і багацейшаю на адукаваных людзей Сібір», — з імпэтам сказала Лідзія Яўсееўна. Уяўляю, якая б ад яе аднае была карысць у любой школе, а для яе — найвялікшы ратунак.
Вера Міхайлаўна некага ўгледзела на вуліцы, пастукала ў шыбу і памахала рукою. Сагнуўшыся ў нізкіх дзвярах, увайшоў высокі сутулаваты мужчына ў вышыванай кашулі і светлай кепцы. Шырока расстаўленыя вочы глядзелі пранікліва і іранічна, ніжняя губа вытыркалася наперад, нібы ён заўсёды ўсміхаецца. Нас пазнаёмілі: Іван Андрыянавіч Дзеравянка дваццаць пяць гадоў выкладаў мову і літаратуру ў школе Данбаса. За тое, што нешта расказаў цікаўным вучням пра Хвылёвага і Васіля Блакітнага, прыслалі сюды на перавыхаванне. Яго з адным лёгкім у калгас не ўзялі. Пасланяўся па сяле без работы і прыстроіўся ў арцелі накшталт нашага «Прагрэса». Называў ён яе не інакш як «Рогі і капыты». Былі ў арцелі трактары і грузавікі, лесарубы недзе пляжылі тайгу, а летам сплаўлялі па Тартасе, няблага зараблялі, а начальнік вытворчасці і старшыня арцелі кожны дзень набіраліся да немачы. Не маглі распісацца ў нарадзе і зводцы. Іван Андрыянавіч ім параіў заказаць факсіміле, дык і тое яны часам ставілі дагары. Іван Андрыянавіч быў нарміроўшчыкам і пісарам, складаў «дутыя» справаздачы і расказваў пра сваю «шарагу» з едкім гумарам.
Да майго прызначэння Дзеравянка паставіўся скептычна: «Можа, гэта паказуха, гульня ў справядлівасць. Яны ж гавораць, што карыстаемся грамадзянскімі правамі, хоць за рэчку схадзіць без дазволу «не положено». А калі даведаўся, што мой лёс вырашыла паперка пра зняцце судзімасці, развёў рукамі: «У наш дэмакратычны і самы шчаслівы век усё вырашае паперка, а чалавек — прышпілены да яе скрэпкаю, дадатак. Праўду кажуць: без бумажкі ты букашка, а з бумажкай чалавек. У мяне здымаць не было чаго, ніхто не судзіў. Паперка, меншая за гэтую, — «слухалі… пастанавілі саслаць навечна». I саслалі. Вось і хаваю канцы злачынстваў п’яніц, пакуль разам з імі не пасадзяць. Вось тады будзе за што. Але наўрад іх зачэпяць, з пракурорам у рыбу разам ездзяць. А я, між намі кажучы, прашуся вартаўніком у другую шарашкіну кантору». Калі загаварылі пра вечную ссылку, Іван Андрыянавіч прыжмурыўся, азірнуўся і ціха сказаў: «Як толькі гэты (ён указальным пальцам правёў па верхняй губе) адправіцца ў пекла, настане «фініта ля камедыя». От пабачыце. Мы яшчэ будзем людзьмі. Важна цяпер нічога не растраціць чалавечага. Таму не думаю тут асталёўвацца. Уважліва слухаю радыё і чакаю, калі ён захлынецца крывёю і зайграюць жалобны марш».