Аля была катэгарычнаю ў сваіх намерах: наступным летам з дачкою і бацькам пераехаць сюды зусім. Няхай сабе і навечна.
Вечарамі мы заседжваліся ў Элы Рыгораўны і Ганны Якаўлеўны. Яны былі асабліва ўважлівыя і ласкавыя з Аляю. Чаго толькі не ўспаміналі, пра што не гаварылі ў тыя вечары! Абедзве некалі былі заўзятыя тэатралкі і ахвотна расказвалі пра спектаклі Станіслаўскага, Меерхольда, Таірава і Зубава, пра баталіі Маякоўскага ў Політэхнічным музеі, распытвалі пра сённяшнюю Маскву і жыццё на волі.
Жнівень ішоў на спад, канчаліся канікулы. Аля збіралася ў Беларусь. Я не кажу — дадому. Дому ні я, ні яна не мелі. Былі толькі тапчаны ў чужых кутках. Нас гнаў па свеце вецер нягоды, а мы цягнуліся адно да аднаго і не логікай, а інтуіцыяй верылі ў нейкае далёкае шчасце. Без веры жыць не варта і немагчыма. Мы думалі адно і тое ж, а гаварылі пра нейкія будзённыя дробязі, радаваліся сіняму-сіняму небу, ласкаваму сонцу, шэлесту надрэчнага тальніку і чаромушніку, павольнай плыні, што кацілася да берагоў далёкага Іртыша. Бачыць і чуць зямную прыгажосць — вялікае шчасце, а быць поруч з адданым, любімым і шчырым чалавекам — шчасце ўдвая. Але з кожным днём набліжалася расстанне. На колькі? Ніхто не ведаў.
Я дамовіўся з тым жа Іванам Макаравым, што ён, едучы па генератар для калгаснай электрастанцыі, давязе да Барабінска і маю жонку. Ён яшчэ пажартаваў: «Давязу, калі зноў не ўцячэ». Ужо быў складзены чамаданчык, і мы прыліплі да акна ў чаканні машыны. У дзевяць гадзін, як дамовіліся, яе не было, не прыйшла ў дзесяць і ў адзінаццаць. Ужо не сядзелася, і я пабег на калгасны двор. Іван вазіў на тачок збожжа. Тым часам дарожны пыл, як воспінамі, пабілі буйныя кроплі дажджу. Яны капалі спарней і спарней. Я ўжо не ішоў, а хутка бег на ток, каб пабачыць шафёра. На паўдарозе ён прытармазіў машыну: «Нічога, браце, не будзе. Зранку на ток, а цяпер сам бачыш, — ён тыцнуў чорным пальцам у хмарнае неба, — зноў кукаваць на дарозе. Няхай пагуляе, пакуль распагодзіцца».
Я павольна паплёўся ў сяло. Сцежкі сталі ліпкія і коўзкія ад спорнага дажджу. Не спяшаўся, каб прытрымаць гэтую горкую навіну. Аля сустрэла яе спакойна: як толькі забарабаніў дождж, самае неабходнае склала ў сетачку, надзела плашч і чакала мяне развітацца. Мне адняло мову ад яе намеру. Угаворваў, упрошваў, трымаў сілаю. Яна хапалася за клямку і тлумачыла: калі спозніцца на працу, звольняць і яе, загінем з голаду, а дарога знаёмая — дайшла сюды, дойдзе і назад. «Пусці! Дарэмна трацім час. Можа, дзе-небудзь пад’еду», — суцяшала мяне. Так правалэндаліся да паўдня, а дождж ліў як з луба. Аля сядзела каля акна ў плашчы з сетачкаю на каленях. Мы толькі паціху ўздыхалі. Калі адсюль удасца выбрацца, не ведаў і сам бог. На Урэччы засталася пяцігадовая дачушка з дзедам на яго мізэрнай пенсіі, у мяне пакуль што ніякіх заработкаў не было, наш адзіны заработчык застраў тут на няпэўны час. Можа страціць работу там і не знайсці тут. Што будзем рабіць? Як жыць? Апрача калгаса, няма за што зашчаміць рукі, а плата там вядомая. I ўсё ж я затрымаў сваю няўмольную госцю і ўгаварыў пайсці да дырэктара школы даведацца, ці знойдзецца тут хоць гадзін васемнаццаць для яе матэматыкі.
Ісці было ўжо амаль немагчыма. Коўзкі чарназём, як смала, засмоктваў падэшвы і наліпаў на абцасы. Выбраліся на ўтравянелую паскоціну і пайшлі задамі. Нізкае хмарнае неба, нудны дождж, убогія шэрыя хаты з землянымі стрэхамі, крывыя, абы-як скіданыя платы, ніводнай прысады, ніводнага дрэўца ў сяле — усё наганяла такі сум, што хацелася галасіць і бегчы куды вочы глядзяць.
Яўген Паўлавіч выслухаў нашу бяду і пачаў цярпліва дазвоньвацца да райана. Пагаварыўшы з Маеўскім, перадаў яго згоду даць работу матэматыкам, калі будзе адмацаванне і дакументы з ранейшай школы. Развіталіся мы з дырэктарам без асаблівага энтузіязму. «Хто ж мяне там адпусціць? Амаль усе школы не ўкамплектаваныя. Сама, можа б, яшчэ адпрасілася, а пісаць… дарэмна». I тут я ўхапіўся за апошнюю саломінку: у Старобіне даўно працуе доктарам мая стрыечная сястра. А хто ў раёне не ўважыць доктару? Зайшлі на пошту, і я адбіў у Старобін падрабязную тэлеграму.
Казаць, як мы жылі, што думалі, як суцяшалі адно аднаго, проста немагчыма. Часцей моўчкі ўздыхалі, а думы былі самыя чорныя: ну, адпусцяць, тут возьмуць на работу, а як жыць? У нас — ні пасцелі, ні міскі, ні лыжкі, і нідзе нічога не купіш, ды і купіла таго не было.