Вярталіся позна цёмнаю завейнаю вуліцаю, правальваліся ў сумётах, церлі рукавіцамі шчокі, каб не абмарозіць. Ад сцюжы патрэсквалі вуглы і платы, паміж хмар прабіваліся буйныя калючыя зоркі, пад імі іскрыўся цёмна-сіні снег. Каб не рыпаць настылым ганкам, мы на дыбачках прабіраліся ў свой пакой, грэліся каля пліты і, не запальваючы лямпу, клаліся на тапчан і ўздыхалі.
Нарэшце прыйшла тэлеграма з Барабінска: «Прыехалі. Чакаем багаж». Мы адразу павесялелі, але трывога не пакідала: завея паперамятала дарогі. Іх прабівалі гусенічныя трактары вялізным клінам з тоўстага, акаванага бярвення, а завея праз якую гадзіну замятала і гэты след.
Новы год
Усе школьныя лямпы знеслі ў селавы клуб. Тут звычайна праводзілі калгасныя і святочныя сходы, разы тры на месяц прывозіў кінаперасоўку доўгі і шыракаплечы, з устойлівым пахам бражкі і цыбулі Молат Казлоў. Тады з канца ў канец вуліцы ішлі два хлапчукі і бесперапынку на ўвесь голас крычалі: «На кіна ў клуб. Карціна гукавая «Секлятар райкома». Дарослым па рублю, дзіцячы — пяцьдзесят капеек». Клуб заўсёды быў поўны: многія ішлі са сваімі лаўкамі, стаялі каля сцен, дзеці сядзелі на падлозе перад экранам. Здаралася — сеанс расцягваўся на два вечары: на вялікім марозе глух і замярзаў рухавічок, тады механік збіраў у гледачоў парцянкі, падкладаў пад рухавік, абліваў бензінам і падпальваў. З паўгадзіны ішоў фільм, і зноў тухла святло. Калі больш парцянак не было, сеанс пераносіўся на другі вечар. Часам Молат у цёмным клубе пераказваў, чым канчаюцца «Кубанскія казакі» і «Падзенне Берліна» або «Сакратар райкама». Яго пераказ быў варты пяра самага вынаходлівага сатырыка.
Пад Новы, 1951 год у клуб сышлося ледзь не ўсё сяло. Дзеці ўвялі ў вушы бацькам, што будзе нешта незвычайнае з іх удзелам, і паваліў народ. Пасярэдзіне стаяла вялікая прыбраная ёлка, са школы прынеслі батарэйны прыёмнік, і ён грымеў на поўную магутнасць. Упараная ў кажухах і плюшаўках публіка патрабавала пачынаць. Дырэктар тлумачыў, што Новы год сустракаюць роўна ў поўнач.
I вось нарэшце дачакаліся. Спецыяльна для Сібіры куранты прабілі поўнач. Расчыніліся дзверы, і ў белых воблаках пары паказаліся тры конскія галавы — накрытыя папонамі белыя стаеннікі ўвезлі ў клуб сані, а на іх стаяў у чырвоным адзенні, усыпаным зіхатлівымі зоркамі, Дзед Мароз і ўся ў белым, з каронаю на галаве Снягурачка. Белабароды і чырванашчокі Дзед Мароз гучна сказаў вершаванае прывітанне і даручыў Снягурачцы запаліць ёлку. Яна ўключыла падвешаныя на галінкі, сабраныя з усяго сяла электрычныя ліхтарыкі. З’явіўся былінны рыцар у блішчастым шаломе, круціўся і падскокваў доўгабароды Чарнамор, вакол ёлкі заскакалі зайцы, лісы, а калі ўваліўся калматы мядзведзь, малыя паднялі лямант. У футры, цалкам знятым з мядзведзя, скакаў і куляўся сямікласнік Міша Іваноў. Маскі ўцягвалі ў карагод вучняў і дарослых, спявалі песні і частушкі, дэкламавалі вершы і байкі. Такога свята Біяза яшчэ ніколі не бачыла.
Разыходзіліся далёка за поўнач. Я быў стомлены ад клопатаў і напружанага хвалявання, каб усё было добра. Старшыня сельсавета і парторг дзякавалі дырэктару школы, сціплы Яўген Паўлавіч шчасліва ўсміхаўся і ківаў у мой бок, але гэтага ніхто не заўважаў. Непрымірымая Наталля Іванаўна і тая голасна захаплялася: «А коні, коні, як жывыя. I Дзеда Мароза ледзьве пазнала». Толькі дырэктар дзіцячага дома паціснуў мне руку і паабяцаў дапамогу нашаму драмгуртку. Праз тыдзень у раённай газеце «Сталинский призыв» з’явілася заметка: «Незвычайная сустрэча Новага года ў Біязе». Пералічылі амаль усіх удзельнікаў вечара. Невядома толькі было, хто яго рыхтаваў.
Бацькі і мацяркі «артыстаў» спынялі мяне на вуліцы і дзякавалі, што ўбачылі, якія здатныя іх дзеці. «Пецька-то мой, язви его, дома сурок сурком, а тута ишь как разошелся. Свое-то чадо не враз признал, а он как рявкнет: «Колдун несет… этава, как его, что саблей помахивал… во-вот, богатыря». Ну, спасибо, учитель, потешили. Тако баско у нас отродясь не было».
Дзякавалі і настаўнікі. Казалі, дырэктар хацеў абвясціць падзяку загадам, але яго своечасова «паправілі». Бугаёва, Міронава і Самушкіна зіркалі на мяне як на асабістага ворага. Чаму? За што? Нарэшце дайшло: хачу іх засланіць, прынізіць іх усталяваныя аўтарытэты, раблю кар’еру. I хто? Нейкі там ссыльны контрык. Падумаеш, нарабіў цацак з леташніх сшыткаў і дзетдомаўскай старызны. Даходзіла да мяне, што і дырэктара яны папярэджвалі: «Яшчэ невядома, якую свінню ён можа падкласці. Аславіць на ўвесь раён. Глядзіце, мы сігналізавалі». Яўген Паўлавіч лагодна іх супакойваў, але і не змяніў адносін да мяне.