Выбрать главу

Як кажуць тэатралы, спектакль прайшоў «на ўра», пад доўгія воплескі зняволеных, а «вальняшкам» апладзіраваць было забаронена. Парываліся папляскаць некаторыя жанчыны, але мужы хапалі іх за руку, а адною не пляснеш. Пасля спектакля затрымаўся начальнік. Ад яго, як заўсёды, несла пракіслым перагарам, але трымаўся ён роўна, толькі часцей моргаў пачырванелымі павекамі. Паклікаў старшага кухара: «Лудзін, накармі артыстаў ад пуза». Кіўнуў кандзейшчыку, які чакаў Крэчата, каб весці ў камеру. «Вадап’янава адпусці. А ты, артыст, глядзі, каб у бараку быў парадак і ніякага крадзяжу».

Пасля спектакля так не хацелася здымаць усё цывільнае і зноў нацягваць абшарпаныя і прапацелыя лагерныя транты. Узбуджаныя, шчаслівыя ад поспеху, што парадавалі забыццём сваіх таварышаў, сядзелі мы за доўгім сталом і малацілі густую баланду і кашу з ячнай сечкі.

Назаўтра зранку хвастаў касы дождж з сіберным ветрам. Мы моклі і дрыжалі на вахце. Адны падхвальвалі мяне, іншыя зубаскалілі: «Ну, артыст пагарэлага тэатра, колькі кубікаў паставіш за начальнікаву баланду? Гы-гы-гы».

Я пілаваў і калоў, як заўсёды, а ў галаве круціліся рэплікі з «Платона Крэчата», гучала скрыпка і мелодыя, напэўна, прыдуманая самім Вадап’янавым. Пасля паўдня дождж сціх, а рэзкі вецер ударыў нясцерпным холадам. Мокрая адзежа зашэрхла; як зашклёныя, не гнуліся рукавы, але трэба было варушыцца, каб не зайсціся зусім. Языкі вогнішчаў круціў вецер і раздзімаў іскры. Яны падалі на целагрэйкі, і жалела вата, што ледзь паспявалі тушыць. Бярозы і хвоі гнуліся і гулі, слабейшыя вецер выварочваў з карэннем. Думалася: так і чалавек — дужы трымаецца, а слабы падае ніц. Змяркалася, а адбою ўсё яшчэ не было.

Сагнутыя, раскудлачаныя ветрам, як вароны ў навальніцу, доўга яшчэ дрыжалі і туліліся адзін за аднаго на вахце, пакуль начальнік канвою пералічваў брыгады і здымаў з трасы стралкоў. Абледзянелыя бушлаты і целагрэйкі аж трашчалі на згібах, ногі ў лапцях на новенькую парцяначку былі як чужыя. Я суцяшаў сябе, што прастуджуся, да раніцы падскочыць, дасць бог, тэмпература і, можа, лекпом вызваліць ад работы. Але ўсе спадзяванні былі марныя: колькі ні мерзлі, колькі ні моклі, тэмпература не падымалася.

На вахце ў збітай на вуха кубанцы стаяў сам Вахонін. Тварам ён мне чамусьці нагадваў партрэты самадзержца Паўла I — кірпаты, з пукатымі вачыма і адвіслымі шчокамі. Ён, заўсёды на лёгкім падпітку, трымаў на шворцы лютую аўчарку з натапыранымі вушамі, вываленым чырвоным языком і вострымі вялізнымі ікламі. Значыць, сёння начальнічак будзе пацяшацца. Ён прапусціў доўгую калону лесарубаў, асядлаў каня, даўжэй адпусціў павадок і паехаў за апошняй брыгадай. Ззаду звычайна ледзьве калываюцца дахадзягі. «Ану, падцягніся, маць вашу туды-сюды, контрыкі!» — крычыць начальнік і пускае аўчарку. Яна збівае з ног апошняга, шкуматае яго рыззё; Вахонін хвошча няшчаснага бізуном і весела рагоча. Гэта была любімая забава начальніка-садыста. Казалі, што ён спрабаваў спакусіць Вольгу Рыгораўну, а ёй падабаўся прыгожы ленінградскі інжынер Паша Баярскі. Вахонін нічога не дамогся, а Баярскі загрымеў на штрафны лагпункт. Адзінага доктара адправіць на павал ён не мог. Хто б тады лячыў зняволеных і вольных? Ён лаяўся і тупаў нагамі на Вольгу Рыгораўну, што многа вызваляе ад работы лесарубаў, а зусім нямоглых адпраўляе ў слабасільную каманду. Дакторка цярпліва тлумачыла: калі будзе пасылаць у лес хворых, павялічыцца смяротнасць, а за гэта не пахваляць ні начальніка, ні санчасць.

Я ўсё яшчэ хадзіў вечарамі на санпаёк і трохі акрыяў і падужэў. Часам мілая Валянціна Міхайлаўна казала: «Зайдзіце ў амбулаторыю». Я ціха стукаўся ў дзверы. У прыёмным пакоі перад расчыненымі дзверцамі грубкі глядзела на агонь Вольга Рыгораўна. Яна распытвала, як я жыву, задавала балючае пытанне, ці пішуць з дому. Я расказваў, што ў Мінску засталася маладая жонка з хлопчыкам, народжаным пасля арышту. Ведаю, што іх выселілі з кватэры, Таню выключылі з інстытута. На першым часе прыходзілі лісты, а вось ужо другі год — ні слыху ні дыху. Дзе яны, што з імі, нічога не ведаю. А невядомасць — самая страшная пакута: ці не пасадзілі і іх, ці жывыя яны? Вольга Рыгораўна, як магла, суцяшала, а каб забыцца, прасіла чытаць вершы. Мая маладая памяць іх трымала мноства. Я чытаў Блока і Ясеніна, Багрыцкага і Пастарнака, «Про это» Маякоўскага і лірыку Пушкіна. Не называючы аўтара, я прачытаў:

Мы с тобой сидели рядом у погасшего огня, И в тиши печальным взглядом Ты смотрела на меня.