Неяк на пагрузцы наша брыгада стаяла побач з Саўчуковаю. Пакуль выводзілі загружаны састаў, усе разам паселі вакол вогнішча. Грузчыкам прывезлі дзежку застылай на марозе баланды з турнэпса і вотруб’я. Значыць, зноў грузіць усю ноч, а раніцай ісці на павал. Цяпер успамінаю, і не верыцца, што гэта мог вытрываць галодны чалавек, хоць і вытрымлівалі адзінкі. Мы пракліналі чыгунку, што самі пабудавалі, глядзелі на бясконцы склад — і апаноўваў жах, што ўсё гэта суджана нам перацягаць на ўласных гарбах. Звалімся, вывезуць за вахту, прыгоняць новых, і на іх долю хопіць.
Каля вогнішча побач са мною сядзеў, відаць, некалі прыгожы, з сумнымі вачыма малады малдаванін Рубежу. Сёрбаў ён баланду неяк далікатна, не хапаючы, не давячыся. Заўсёды быў маўклівы і стрыманы, нават калі яго лаялі, маўчаў і ўсміхаўся. Я пацікавіўся, чым ён займаўся на волі. «Літаратурай». Прызнаўся і я сваёй адданасці прыгожаму пісьменству. Хутка мы разгаварыліся. Рубежу добра гаварыў па-руску і расказаў, што доўгі час збіраў матэрыялы пра службу Пушкіна ў Малдавіі, пра вытокі яго «Цыган» і вершаў, калісьці напісаных у Кішынёве. Расказваў ён павольна, узважваючы кожнае слова, успамінаў асабліва любімыя строфы і чытаў свае пераклады іх на малдаўскую мову.
Пасля гэтай пагрузкі мы ўжо не абміноўвалі адзін аднаго: затрымліваліся хоць на некалькі хвілін. Рубежу быў лепшым лесарубам і грузчыкам у брыгадзе Саўчука. Ён, мабыць, паверыў, што сапраўды «лучковая піла і канадскі тапор — карацейшы шлях да вызвалення», авалодаў лучковай пілою, спрытна валіў дрэвы з пня, раскражоўваў, калоў, словам, выкладаўся, не шкадуючы сілы, абы зарабіць большую пайку і залікі, у якія некаторыя па наіўнасці яшчэ верылі.
Напрадвесні пабольшалі дні, на ўзлобках падтаваў снег, рудзелі праталіны, на іх, як аладкі, ляжалі колцы з адмецінамі, пазразаныя з шасціметровых бярвенняў, — сляды зімовай туфты.
У многіх лагернікаў крываточылі дзёсны, выпадалі зубы, пачыналіся паносы, малдаване іх звалі «дзіарыя», а медыкі — цынга. Даўжэй за ўсіх трымаўся Рубежу.
З павалу вярталіся яшчэ завідна. Неба ачысцілася ад воблакаў, праз цёмныя верхавіны лесу мігцела, драбілася іскрамі вялікае сонца. Прадвесне радавала цяплом, зялёнаю травою, саладкаватымі дудкамі, а летам — чарнічкаю і сыраежкаю. Арыштанты, як трусы, елі ўсё, што расло ў лесе, і ратаваліся ад цынгі і страшэннай пелагры.
Наша парадзелая, абшарпаная і саслабелая брыгада ўваходзіла ў зону апошняю. Ладны, падцягнуты вахцёр у хромавых ботах, сініх брыджах, перацягнутай папругаю гімнасцёрцы, нібы лапаткаю, фанернаю дошчачкаю адграбаў пары і запісваў, колькі вярнулася з лесу. Я толькі ступіў у зону, бачу — прыткнуўшыся да сцяны вахты, сядзіць Ангел Рубежу. Каля ног — закураны кацялок. Я азваўся: «Уставай, Ангел, прастынеш». А ён маўчыць, галава звісла на грудзі. Дакрануўся да пляча, цела паволі хіліцца на правы бок. У твары — ні крывінкі, вусны пасінелі, збялеў кончык носа. Няўжо Ангел адляцеў у лепшы свет? А раптам можна яшчэ выратаваць.
Пабег у санчасць, прывёў лекпома. Той прыадкрыў павекі і спакойна сказаў: «Група «Д». Прыйшлі санітары з насілкамі, і знікла яшчэ адна добрая душа. У гэты дзень Рубежу выканаў паўтары нормы і не дайшоў да барака. Параліч сэрца. Колькі іх спынілася, колькі разарвалася ад пякельнай работы, крыўды і гора?
Група «Д» расла з кожным днём, а брыгады адпаведна радзелі. У начальства быў план, і яно патрабавала ў ГУЛАГа новай і новай рабсілы (сапраўды, сіла была рабская), ГУЛАГ даваў заяўкі аператыўным органам, значыць, зноў начамі шасталі «чорныя вораны», круціўся няспынны канвеер у следчых кабінетах, і на Поўнач ішлі эшалоны з закратаванымі люкамі, стогнамі: «Ва-а-ады-ы!» «Хле-ба!» Везлі будучых лесарубаў і кандыдатаў у групу «Д». Памятаю — у пачатку месяца на работу выходзіла каля шасцісот чалавек, а праз два месяцы — толькі шэсцьдзесят. Так з малдаўскага этапу к вясне астаўся жывы адзін брыгадзір Саўчук. I ён дайшоў: высокі, як тычка, тонкі, звонкі і празрысты, з ацёчнымі нагамі, вадзяністым тварам і патухлымі вачыма трапіў у «слабкаманду» — гэтую перасылку на той свет.
Глухата
За некалькі месяцаў у нядзелю выпаў першы выхадны дзень. Дзіўна: не падалі ніводнага паражняка. Людзі ў бараках латалі свае транты, у каго ў капцёрцы вялося нешта ў пасылцы, — у кіпяцілцы, на маленькіх вогнішчах у гліняных кар’ерах каля цагельні, у закураных кацялках варылі прасяную або панцаковую кашу, іншыя адсыпаліся за ўсе бяссонныя ночы.