«Вы ж ведаеце, што мы ў бухгалтэрыі часта заседжваемся дапазна, пакуль у кабінеце начальнік. Раптам ён мне дае тэрміновае заданне падрыхтаваць нікому не патрэбныя звесткі. Выклікае да сябе, гаворыць кампліменты, частуе смажанаю бульбай і чаем з белым хлебам. Хоць і глытаю слінкі, але настойліва адмаўляюся ад начальніцкай ласкі. А ён сыпле двухсэнсоўныя жарцікі і настойліва прапануе свае любошчы. Я кажу, што рабыня не можа палюбіць нават Апалона, а тут гэта пагражае вялікаю караю. Ён прапануе стаць загадчыцай лазні, жыць у асобным пакойчыку. Я ад усяго адмаўляюся. Лепш загіну, а не стану палюбоўніцай свайго турэмшчыка. Парайце, што мне рабіць. Сказаць, што паскарджуся ўпаўнаважанаму, ён толькі пасмяецца, бо яны ж сябры, аднолькавыя нахабнікі і каты».
Што я мог ёй параіць, як засцерагчы ад гвалту і знявагі? Яна прытулілася да мяне, гарачыя рукі дрыжалі, шчокі палалі чырванню. Я асцярожна прытуліў яе да сябе. Яна горача загаварыла: «Лепш належаць блатняку, чым гэтаму кату з жывёльным інстынктам. Тых, каго вывозяць за вахту, губяць ён і яго апрычнікі. Як я іх ненавіджу. Адзін дотык — знявага памяці ўсяго чыстага мінулага. Не дзівіцеся, чаму даверыла вам сваю споведзь. Прачытала ў вашых вачах такі сум, такі боль і падумала, што зразумееце мяне. Дык што вы скажаце?»
Я параіў не здавацца, каб не пакутаваць усё жыццё ад знявагі і бруду, берагчы сябе. Ёй жа заставалася пакутаваць яшчэ чатыры гады, верылася, што будзе воля, усе правы і новае жыццё. Пасля гэтай сустрэчы мы часта сыходзіліся з Соф’яй Іванаўнай, перайшлі на «ты», і тайна сустрэч належала толькі нам.
Неўзабаве па загадзе Фамічова яе знялі з работы ў бухгалтэрыі і паслалі ў лес на акорку. Апрача чаравічак, сукеначкі і клятчастага паліто з волі, у яе нічога не было. А да лесасекі ісці кіламетраў пяць па гразкай ухабістай дарозе. Першы дзень яна на работу не пайшла. З паверкі яе з уркаганамі і адпетымі шалашоўкамі пагналі ў кандзей. Яна з гонарам трымала сваю прыгожую беленькую галоўку. Жанчыны з бухгалтэрыі і абслугі любілі і паважалі яе, глядзелі ўслед і выціралі слёзы. Фамічоў адваліў ёй дзесяць сутак без вываду на работу: камера, параша, голыя нары, пацукі і трыста грамаў хлеба на дзень. Загадваў кандзеем кульгавы Валодзя Лісоўскі. Ехалі мы з ім у адным этапе і сустракаліся цяпер як даўнія знаёмыя. З выгляду ён быў суровы і няўмольны, а ў душы спагадлівы і мяккі. Пры начальстве крычаў на сваіх «падапечных», а на кухні выпрошваў для іх некалькі лішніх порцый баланды не па штрафным, а па другім катле, цішком перадаваў махорку, або кавалак хлеба…
Папрасіў я Валодзю не саджаць Соф’ю Іванаўну разам з шалашоўкамі і прыняць перадачу: хлебарэз даў ладную гарбушку, кухар наклаў паўкацялка густое кашы. Аднойчы Валодзя пусціў мяне ў цёмную халодную камеру. На голых нарах, укруціўшыся ў сваё клятчастае пальцечка, ляжала Соф’я Іванаўна. Уяўляю, што яна перадумала, што ўспомніла за гэтыя дні зняволення ў зняволенні. Яна ўзрадавалася нечаканаму прыходу, прытулілася і ціха заплакала: «Не ад крыўды плачу, ад радасці, што не забыў мяне… Усё ж я перамагла. Лепш загінуць, чым належаць нягодніку. Цяпер мне нічога не страшна».
Лісоўскі прыспешваў. Я пацалаваў маленькую халодную руку і сам ледзь стрымаў слёзы.
Пад восень у глыбіні тайгі пачалі будаваць новы, 24 лагпункт. Укапалі некалькі шулаў, ашалявалі іх аполкамі, зверху прыкідалі яловаю карою, збілі нары. Кара пакарабацілася, і над галавою было шэрае неба, закратаванае лагамі і кроквамі. Нары прыкідалі яловым лапнікам і прыгналі сюды на акорку рудстойкі непаслухмяных і зацятых манашак, свавольных шалашовак і ў лапцях на босую нагу з торбачкаю за спінай Соф’ю Іванаўну.
Пачаліся зацяжныя дажджы. У будане без падлогі ператварылася ў жудаль размешаная нагамі зямля. Зверху ліло, у шчылінах свістаў вецер, на мокрым лапніку ўлежаць было немагчыма. З-пад дажджу выганялі на дождж няшчасных пакутніц, прымушалі цяжкімі акорачнымі лапаткамі пралышваць рудстойкі. Адзіны ратунак быў каля вогнішча, ды і тое з адсырэлага ламачча не гарэла, а толькі дыміла. З выгляду далікатны, шчыгульны, наадэкалонены Фамічоў кінуў жанчын на пагібель. У іх апухлі твары і раз’едзеныя тванню ногі, душыў кашаль, днём і ноччу калацілі дрыжыкі.