Выбрать главу

Месяцы праз тры загад усё ж адмянілі, бо тупыя, лютыя, нацкаваныя на так званых «ворагаў народа» камандзіры ўзводаў маглі адстраляць больш, чым планаваў сам Лаўрэнцій Паўлавіч. Хто б тады валіў лес, часаў ружэйную балванку, грузіў эшалоны. Планы былі жалезныя, іх трэба перавыконваць, як казаў начальнік вытворчасці Бойчанка, ідучы па трупах.

Змрок

У вайну нават сонечныя дні здаваліся змрочнымі і чорнымі. На лагер наваліўся голад. Кармілі турнэпсам і вотруб’ем, нормы раслі, а пайка меншала, лесасекі адступалі далей і далей. Пакуль дабрыдзеш у ачапленне, не хапае сіл на работу, а варушыцца мусіш, і не абы-як. Хоць расцягніся, а норму дай.

Маім напарнікам на павале быў варонежскі калгаснік, дробненькі, заўсёды з мокрым носам Ваня Тарасенка. Хоць не надта дужы, але вельмі цягавіты і старанны мужычок.

Каб выканаць план, у канцы месяца начальнік выганяў на павал «прыдуркаў». Побач з намі пілавалі новы лекпом і кіеўскі цырульнік Пецька Самойлік. Ён звычайна праводзіў «санапрацоўку» новых этапаў і брыгад, прыгнаных у лазню, — аднолькава галіў пад пахамі і лабкі мужчынам і жанчынам. Нават такой знявагаю напаміналі, што ты не чалавек, не асоба, а толькі рабсіла.

Па выкліку начальніка Пецька бегаў да яго ў кабінет: стрыг, брыў, рабіў масаж і цешыў «кліента» непрыстойнымі анекдотамі і скаромнымі жарцікамі. За старанне яму хапала хлеба і да хлеба. Ён быў класны майстра з брытваю і зусім бездапаможны з пілою. Але калі прыгналі ў лес, хочаш не хочаш, варушыся. Пачаў ён з лекпомам пілаваць елку, а яна крутнулася на пні і пайшла не ў той бок, прашумела калматым веццем і завісла на гонкай бярозе. Стаяць, пазіраюць няздатныя лесарубы і не ведаюць, што рабіць. Пытаюць рады ў мяне. «А вельмі проста: спусціце асінку, яна саб’е елку, і будзе зручна пілаваць». Паслухалі, спусцілі, а яна зачапілася за яловае сучча і вісіць. Прыгнулася бяроза, патрэсквае, ад ствала на згібе адшчапіліся доўгія стрэмкі, а ўсё адно стаіць і трымае два дрэвы. «Пускайце на іх бярозку, яна, пэўна, саб’е гэты будан». Спусцілі, а бярэзіна стаіць і трымае ўсю навісь. Непадалёк пілуюць лесарубы, ды і можа падысці дзесятнік, бяроза не вытрымае і накрые яго.

Мартынюк і Самойлік просяць памагчы. Што тут зробіш? Адзіны ратунак — падсекчы бярозу і паспець адскочыць, пакуль упадуць усе счэпленыя дрэвы. А калі не паспееш? Але гэтым прыдуркам трэба паказаць, чаго варты сапраўдны лесаруб. Рызыка. Чым я, уласна кажучы, рызыкую? Жыццём? А навошта яно, каму трэба? Не сёння, дык заўтра загнешся. Сунешся, як той Ангел Рубежу каля вахты, і канцы, горай жыўцом дагніваць у пелагрозным бараку, вывезуць за конбазу з біркаю на назе, і ніхто не дазнаецца, калі ты і куды знік, бо нікому ты ўжо не патрэбен — адзіная блізкая душа выраклася даўно, не ўберагла сына, і самую, калі жывая яшчэ, недзе закруціла вайна. Прасіўся на фронт, і там не патрэбен. Дык навошта пакутаваць і дарэмна цягнуць лямку? Усё гэта прамільгнула ў галаве, пакуль глядзеў на будан завіслых дрэў на гонкай, але трывушчай бярозе. Няўдалыя лесарубы з апаскаю пазіралі на сваё «збудаванне» і з надзеяй на мяне. Хочаш не хочаш, а зваліць трэба гэтую пастку.

Адступаць не было як. Мой напарнік спалохана буркнуў: «Не лезь, дурань, заб’е. Давай дарэжам сваю бярозу, а тая сама ўпадзе». Мяне пад’юджваў нейкі дурны азарт: калі не заб’е, дык трохі паламае рэбры, а трапіць на бальнічны ложак — мара кожнага арыштанта. «Па тры закруткі махоркі з кожнага і звалю», — прапанаваў свае ўмовы. «Валі. Дамо па чатыры».

Я ўзяў вострую сякеру і пайшоў пад навісь да сагнутай і патрэсканай бярозы. Пад цяжарам на ёй паадставала бяроста, паадколваліся доўгія белыя паскі. Камель каравы і тоўсты. Яму рады не дасі. Значыць, падсякаць трэба вышэй, насупроць надлому. Пастаяў, памеркаваў, а бяроза патрэсквае, пагойдваецца разам з навіссю. Хоць ты перахрысціся. Узяўся за тапарышча, зірнуў на Ваню, Мартынюка і Самойліка, прыжмурыўся на сонца, зайшоў з другога боку, размахнуўся з усяе сілы, секануў, а яна стаіць. Яшчэ секануў, зарыпела, а не падае. Апанаваў страх. «Кідай! Уцякай!» — крычыць лекпом. Я прымеркаваў, калі падаць, дык побач з камлём, і секануў яшчэ раз. Бяроза хіснулася, затрашчала, нахілілася і пайшла, па ёй з шоргатам папаўзлі завіслыя дрэвы, я накрыў галаву рукамі і каля самага камля ўціснуўся ў мох. Мяне хвастала колкае яловае вецце, сук прыціснуў плечы. Высока падсечаная бяроза звалілася, але камлём яшчэ трымалася на пні. Яна і ўратавала мяне. Я расплюшчыў вочы. Жывы. Ные і шчыміць схвастаная спіна, і нешта трымае зверху. Мартынюк з маім напарнікам абламвалі нада мною вецце, я паварушыўся і пачаў выцярэбвацца з завалу. «Жывы! Жывы! Давай руку!» — мітусіўся каля мяне Мартынюк, а маленькі, нечым падобны на гноміка, цырульнік толькі лыпаў вачыма і шлёпаў збялелымі губамі.