Яе ўгаварылі выступіць у лагерным канцэрце, ды і сама, мабыць, «застаялася» ў вакальным маўчанні. Ні раней, ні пасля такога артыстызму выканання я больш нідзе і ніколі не чуў. Яна пераўвасаблялася ў любой песні. Кожны нумар быў маленькім спектаклем. У рускіх і ўкраінскіх народных песнях яна ляпіла вобразы мімікай, жэстам, інтанацыяй, і ажываў то «замерзающий ямщик», то сваволіў падпіты Яўтух, то гарэтніца-салдатка. У оперных арыях адчуваліся веліч, гонар, высакародства. Яна, відаць, не магла не спяваць і ахвотна выступала ў лагерных канцэртах. Слухалі яе і забываліся, хто мы, што мы, дзе мы. Воплескам і крыкам «брава» і «біс» не было канца-краю, а вальняшкі толькі круцілі галовамі ды цмокалі языкамі. Спяваючы «Яўтушэ, мій дружэ», яна так пераўвасаблялася, што здавалася, на сцэне стаіць маленькі, няўклюды ўкраінскі дзядок: яна паменела ростам, скуколілася, міміка змяніла твар да непазнавальнасці.
Артыстку доўга не адпускалі са сцэны, і яна спявала ахвотна і натхнёна. Мабыць, песня гаіла яе спакутаваную душу, і хацелася суцешыць няшчасных, абшарпаных, з галоднымі вачыма лагернікаў. З нечыяй літасці Варламаву прызначылі разам з інвалідкамі і дзвюма манашкамі латаць старыя бушлаты, бахілы і целагрэйкі. Пра такую «блатную» работу пад дахам і ў цяпле марыла кожная жанчына. Некаторыя зайздросніцы паролі вочы Герце Карлаўне, што «такая цяліца» прыдурваецца з інвалідкамі, а ёй бы стаўляць кубікі. Яна маўчала і толькі чырванела, баялася, каб не выперлі з цёплага закутка. А прыхільнікам яе таленту хацелася хоць чым-небудзь падтрымаць гэтую незвычайную спявачку.
Часцей за ўсіх з дробнымі патрэбамі пачаў захаджваць у майстэрню бесканвойны механік электрастанцыі Жэня Іваноў, невысокі далікатны хлопец гадоў дваццаці васьмі. З пропускам ён часта хадзіў на падсобную гаспадарку, каб разжыцца гурком, морквінаю або рэпаю. На конбазе часам перападаў кавалак пячонкі або сцегняка ад прырэзанай клячы. На пякарні ставіў разетку, і яму «абломваўся» кавалак белага хлеба з начальнікавага рэзерву. Свае набыткі ён аддаваў Герце Карлаўне, прыпраўляючы далікатнымі жарцікамі. Яна напачатку аднеквалася ад дарункаў, але голад не цётка, і яна перастала «заўважаць» Жэнькавы скрутачкі. У іх яна знаходзіла пяшчотныя запісачкі. Вольны ад дзяжурства, ён чакаў швачку і праводзіў да жаночага барака. Тады ён яшчэ не быў адгароджаны ад агульнай зоны.
Маральную прыстойнасць зняволеных ахоўваў вольнанаёмны дзяжурны, губасты, юрлівы стралок Мацвей Капітонаў. Ён некалькі разоў за ноч абыходзіў баракі, каб, барані божа, на адных нарах не тырчала чатыры нагі і не пуставала месца ў жаночым бараку. Ён не вельмі налягаў на службу. Часам на месцы жанчыны ляжала набітая трантамі лялька, а яна начавала ў «кабінцы» якога-небудзь прыдурка. Капітонаў ведаў, хто да каго ходзіць, і браў з таго «кантрыбуцыю». Сам пасля абходу тушыў ліхтар, пракрадаўся ў выгараджаны посцілкамі закутак да тэлефаністкі Маруські Мікалаевай і цешыўся да пад’ёму. Гэта ведалі ўсе, апрача начальства, а каб дазналася, Капітонаў загрымеў бы ў далёкі запалярны лагер, а Маруська — на штрафны лагпункт. За сувязь вольных з лагерніцамі належала суровая кара. Сувязей хапала, а вось пакаранняў нешта не прыпомню. Усе былі замазаныя. Канспірацыя была на вышэйшай ступені вынаходніцтва. Чаго толькі не прыдумлялі, як ні хаваліся, але нехта нешта бачыў, ведаў і маўчаў.
Чалавек, упрэжаны ў штодзённую лямку, у безнадзейным горы і бядзе, часам прагне ласкавага слова, клопату, увагі, жаночага дотыку і ласкі. I жанкі нудзіліся без апекі і падтрымкі, без заступніцтва аднаго дужага, каб не зацерціся, не размяняцца, не гібець у адзіноце. Забароненая, крадзеная любоў у лагеры часта была трывалаю. Там маглі скласціся моцныя сем’і на ўсё жыццё, каб начальнікі знарок не разганялі закаханых у розныя этапы. Колькі было слёз, і пакут, і незваротных страт. Раскіданыя нават у адным лагеры рэдка маглі знайсці адно аднаго. Каб толькі пабыць разам, пасёрбаць з аднаго кацялка, людзі пускаліся на самыя вытанчаныя хітрыкі.
Не была выключэннем і Герта Карлаўна. Яшчэ не дабітая непасільнаю працаю, яна часам сустракалася з Жэнькам Івановым. На некага з іх Капітонаў «меў зуб», «папутаў», абаіх загнаў у кандзей і раніцай далажыў начальніку. Ён выклікаў «выгнаных з раю грэшнікаў», бессаромна смакуючы, здзекаваўся з іх і на першы раз выпісаў ордэр на пяць сутак з вывадам на работу. Без вячэры яны кожную ноч «астывалі», па формуле начальніка, на голых нарах. Толькі маглі перастуквацца праз сцяну і ганяць нахабных рудых пацукоў. Пасля другога прыводу начальнік адправіў Герту Карлаўну ў лес.