Выбрать главу

Пачалася лютая і завірушная зіма. Ні бушлата, ні целагрэйкі на Варламаву нельга было падабраць. Яна хадзіла на лесасеку ў сваім абшарпаным скураным паліце, берэт абвязвала хусткаю, на боцікі накручвала парцянкі і нацягвала лапці. Пра норму на павале не было чаго і думаць. А яна была аднолькавая на кожную адзінку спісачнага складу. Герта Карлаўна паліла сучча і часцей сядзела каля вогнішча. Іскры папрапальвалі хустку, рукі і шчокі былі ў сажы і ў попеле. Яе вялікія вочы пабляклі і яшчэ пабольшалі. Яна ўжо не іграла скуколенага Яўтуха, а сама высахла, на твары і шыі абвісла пасінелая скура, неасэнсаваны погляд, здавалася, нічога не бачыў. Яна стала маўкліваю і абыякаваю да ўсяго. Адзіны быў клопат — есці. Іванова перакінулі на другі лагпункт, і ёй ніхто болей не прыносіў скрутачкі.

Болей чатырохсоткі, рэдзенькай баланды і лыжкі запаранага вотруб’я Герта Карлаўна не зарабляла. Даведзены да галоднага псіхозу чалавек траціць сорам і пачуццё годнасці, і пайшла выдатная спявачка Варламава збіраць у сталовай пустыя міскі і выскрабаць з іх падонкі брудным пальцам. Пасля арыштанта ў той драўлянай лаханцы і мыш наўрад ці што знайшла б. Яна хадзіла зашушканая ў нейкае рыззё, нямытая, недагледжаная, з непрыемным пахам гнілі і мёрзлай бульбы. У гэты час прыйшоў ліст ад сястры, што яе ўпарта расшуквае Галівуд для ўдзелу ў нейкім шматсерыйным фільме. Шукалі яе ў Харбіне, потым у Маскве, натрапілі на сястру. Тая паведаміла незвычайны адрас: «п/я 286, олп 24». Калі дайшоў адказ, дык і ў Галівудзе знайшліся кемлівыя людзі і не сталі больш шукаць патрэбную ім артыстку, каб яшчэ больш не нашкодзіць ёй.

Хутка зусім знясіленую Варламаву перавялі ў «слабасілку» — асобны барак для бездапаможных дахадзяг. Ад цынгі высыпаліся некалі белыя, як часнок, зубы, пасекліся густыя залацістыя валасы і тырчалі нейкімі тыфознымі касмыкамі. Яна моўчкі глядзела на сцяну ў клапіных разводах, не скардзілася, не енчыла, не стагнала. Са «слабасілкі» яе забралі ў стацыянар. Там адбывала свае дзесяць гадоў маладая дакторка Вольга Мантэйфель, далікатная, чулая маскоўская інтэлігентка. Яна рабіла ўсё магчымае ў яе становішчы, каб выратаваць Герту Карлаўну. Паклала ў асобную баковачку, выпісала дадатковае харчаванне, але і яно было настолькі поснае і мізэрнае, што не магло вярнуць сілы змардаванаму целу і разбудзіць спакутаваную душу.

Я некалькі разоў заходзіў у тую маленькую палату. Варламава ляжала, утаропіўшыся ў шэрую сцяну адсутным поглядам. Яна баялася цемнаты. Калі тушылі святло, яна прасіла доктара хоць што засвяціць у яе палаце. Мабыць, верыла, што святло ўтрымае яе на гэтым свеце. Ад каганца ляцела сажа. Мантэйфель дастала некалькі свечак. З апошняю згасла і Герта Карлаўна.

Пра гэта я даведаўся, калі на наступную ноч яе вывезлі за зону. Аплакаў і напісаў верш на рускай мове, каб зразумелі доктар і мае сябры.

Февральские ветры свистят, как когда-то, За стеклами бьются испуганной птицей. На смятой постели холодной палаты, Метаясь в бреду, умирала певица. На стенах колеблются желтые тени, И только слезится свеча до рассвета, А звуки, как стебли бессильных растений, Пробиться пытаются в марево это. Мешаются строчки из разных поэтов, Звучат величавые звуки сонаты, И грезится тихое теплое лето, Прибой и на море дорожка заката. И падают клавиш усталые капли, И песня дрожит в обессиленном горле, Прозрачные руки до боли озябли, И вспомнились полузабытые роли. Проносятся тени оранжевым шаром, Ключицы стучат, как стучат кастаньеты, Волшебные звуки классических арий Врываются в уши живого скелета, — И музыка, музыка, музыки звуки Безудержным вихрем гремят и стенают О радостях встреч и о горе разлуки И в мрачной палате опять умирают. Не видно восторженных лиц и оваций, И нету поклонников прежних с цветами, А снежные хлопья, как грозди акаций, Стучат до рассвета в оконные рамы. Храпят санитары в прихожей больницы, Задернуты шторы в кабинке врача. Светает. На тумбочке бывшей певицы Слезится и гаснет кривая свеча.
(24.11.44 г.) 

Аднакласнічак

Часта ў бухгалтэрыі і ў кабінеце начальніка даводзілася чуць: «Калі ўпросім, калі ўгаворым, калі ўламаем таварыша Сушкова, будзем з вагонкаю, з абразным брусам». «Сушкоў, Сушкоў», — паўтаралася на кожнай нарадзе.