Выбрать главу

На станцыі Лапшанга, пры шаснаццатым лагпункце, была галоўная лагерная пільня, і ёю камандаваў нейкі ўсемагутны Сушкоў. Усе лагпункты залежалі ад яго. А піламатэрыялы былі патрэбны пазарэз — будаваць новыя баракі на новых лагпунктах. Лагер разрастаўся ўздоўж чыгункі і ў глыб тайгі. Ушчэнт спляжаныя тысячы дзялянак зарасталі хмызняком, дагнівала сучча, шумелі і падалі адзінокія семеннікі. На новыя, яшчэ не дабудаваныя лагпункты прыбывалі і прыбывалі свежыя этапы. Хоць якія яны там былі «свежыя»? Худыя, змардаваныя ў турмах, на следствах і ў перасылках людзі яшчэ трохі рухаліся, а без вопыту і сілы пра нормы на павале не было чаго і гаварыць.

З’явіліся «акружэнцы» ў абмотках, у пакарочаных шынялях без хлясцікаў, пятліц і папруг. Прыбывалі старасты і паліцаі з вызваленай Варонежчыны, прыгажуні з адбітых у немцаў гарадоў Крыма. Часова ставілі палаткі і неяк рассялялі новы «кантынгент», а начальства зноў стукалася да Сушкова з нарадамі і лімітамі ўпраўлення, а ён іх бязлітасна скарачаў і крэсліў. Відаць, эвакуіраваныя ўжо не месціліся ў гарадах і паселішчах вобласці. I пачалі з’яўляцца ў лагеры падлечаныя франтавікі і жанчыны з акупіраванай тэрыторыі. На першым часе яны губляліся ў незразумелых акалічнасцях, не ведалі, як з кім абыходзіцца. Часам бывалі далікатныя са старэйшымі інтэлігентнымі зэкамі. Для вольнанаёмных прыдумлялі розныя пасады, якіх раней не было. Увялі цэлы ўзвод наглядчыкаў за выкананнем унутранага рэжыму, яны па начах шасталі з барака ў барак, стаялі на варце «манастырскай» маралі, сачылі, каб пасля адбою па зоне ніхто не хадзіў, каб не было крадзяжу. Чым пільней сачылі наглядчыкі, тым больш было парушэнняў, нават з’явіўся спартыўны інтарэс абвесці вакол пальца «вертухаяў».

За быт адказваў намеснік начальніка, малодшы лейтэнант Надзеждзін, маленькі, з выцягнутым вяснушкавым тварам і качынаю дзюбкаю чалавечак. Ён кульгаў на правую нагу і яшчэ не навучыўся лаяцца шматпавярховымі мацюкамі, але неўзабаве авалодаў і гэтаю неабходнаю ў лагеры якасцю. Асабліва ашчадна ён насіў новенькія блішчастыя пагоны і чэкісцкую фуражку з блакітным верхам. Я доўга не мог прывыкнуць да пагонаў, бо помніў той час, калі «залатапагоннікаў» ставілі да сценкі або пагоны рассякалі шабляю разам з афіцэрскім тулавам.

Туманным адліжным надвячоркам дзяжурны прывёў мяне ў маленькі цьмяны пакойчык Надзеждзіна. Па дарозе ніяк не мог здагадацца, чым я правініўся і якая кара чакае мяне. Я зайшоў і па форме далажыў: «Па вашым выкліку зняволены такі-та з’явіўся». У кабінеціку было цёмна. Надзеждзін сядзеў на фоне акна, як заўсёды ў шапцы, за прыстаўным столікам былі відны абрысы незнаёмага. Толькі мільгала іскрынка яго цыгарэткі. Незнаёмы перапытаў: «Дык як ваша прозвішча?» Я па складах паўтараў яго. «Адкуль вы?» — і на гэта я адказаў. «У якія гады вучыліся ў школе?» Допыт і зварот на «вы» нічога добрага не абяцаў і пачынаў мяне злаваць. «А сваіх аднакласнікаў помніш?» — «А якое гэта мае дачыненне? Ды і выбілі ўсе імёны з памяці». — «Хто выбіў?» — наскочыў Надзеждзін. «Блатары і бандыты на этапе і ў шалмане», — схітраваў я.

«Успомні, Сяргей, з кім вучыўся», — здзівіў мяне такім зваротам незнаёмы. Падумалася, ці не новы «кум» з мяне нешта цягне. Нават на следстве мае школьныя сябры нікога не цікавілі. Няўжо нехта з іх засыпаўся і назваў мяне?

Незнаёмы ўстаў, пстрыкнуў выключальнікам, я зажмурыўся ад яскравага святла, прыкрыў вочы, каб агледзецца. Насупраць стаяў невысокі шыракатвары чалавек з пукатымі вачыма, у суконнай гімнасцёрцы з шырокім адкладным каўняром, глядзеў на мяне і ўсміхаўся. «Мяне ты хоць пазнаеш?» — «Здаецца, некалі бачыў, але дзе і калі, не прыпомню. Не ведаю, што ад мяне трэба». — «Тут пытанні задаём мы. А твой абавязак сумленна адказваць», — умяшаўся Надзеждзін. «Ведаю, чыстасардэчнае прызнанне і гэтак далей. У народзе гэта называюць: «кось-кось, пакуль у аглоблі». — «Эх, Сяргей, Сяргей! Як табе не сорамна? Хто цябе зацягнуў у гэтае балота контррэвалюцыі?» — «Следчыя Даўгаленка і Серашаў, а суддзя Карпік пацвердзіў і пачапіў тэрмін». — «Ну, ты даеш! Ха-ха-ха!» — зарагатаў мой субяседнік. «А Паўла Сушко помніш?» — «А як жа! Самы актывіст быў у школе, «авангардам» яго дражнілі, і сястру яго Анюту помню». — «I цяпер не пазнаеш? Я ж — Павел. Ніколі не думаў, што трапіш сюды. Ты ж быў такі прамоўца. Усе зайздросцілі табе. Значыць, ворагі не абмінулі цябе. I ты паддаўся. Эх, Сяргей, Сяргей. Мне сорамна за цябе». — «А мне няма чаго саромецца. Я і цяпер такі, як і тады ў камсамоле, такім і памру. А следчыя на маёй бядзе выканалі план, зарабілі павышэнне, а можа, і ардзянок… Я магу ісці?» — «Пачакай». — «Калі вам, грамадзянін Сушко, захацелася пацешыцца з гора пакутніка, дык у вас на лагпункце такіх і без мяне хапае». Звярнуўся да Надзеждзіна: «Дазвольце мне ісці, грамадзянін начальнік, бо прапушчу вячэру». — «Пазнаю твой характар. Ты і ў школе быў ганарысты. Вершыкі састаўляў, на сцэне іграў, задаваўся перад намі. А цяпер памяняліся ролі». Я перабіў яго: «Вязень і — турэмшчык». — «Э-э-э, не забывайся. Я не турэмшчык. Я вольны інжынер у сістэме ГУЛАГа». — «Мяне паклёп загнаў сюды, а ты па ўласным жаданні палез за калючы дрот і кожны дзень бачыш пакуты сумленных людзей».