«Маўчаць! — гыркнуў Надзеждзін. — У ізалятар захацеў?» — «Затым і выклікалі, што там не поўны камплект?» — «Заткніся! I тут прапаганду вядзеш!» — «Не трэба, Хрысанф Міканоравіч. Як-ніяк, а мой былы аднакласнічак. Пачуў знаёмае прозвішча і вушам не паверыў. Няўжо ён? I не памыліўся. Выходзіць, і ты са сваімі сцішкамі дастукаўся. Справай трэба было займацца і не думаць пра глупства. Ну што ж, ідзі, сумленна скупляй сваю віну».
Я не развітваючыся выйшаў. Сэрца закалацілася, і татахкала ў вушах. Дык вось хто той недасяжны таварыш Сушкоў? Колішні троечнік Паўлік. У школе ён хадзіў у ботах, сваёй работы суконных галіфэ і фрэнчы з накладнымі кішэнямі. На камсамольскіх сходах распінаў дзяцей «заможных бацькоў», а яго маці — Аміля Сушко была на ўвесь раён дэлегаткаю, на ўсіх мітынгах выступала. Хадзіла яна ў хромавых ботах, чырвонай касынцы, з «казлінаю ножкаю» ў зубах. Яна граміла шляхецкія засценкі, раскулачвала непаслухмяных суседзяў, на пачатку калектывізацыі ёй выдалі наган. Брахалі, што яна з ім і спала, баючыся нападу варожых элементаў. Граматы хапала на подпіс: «Суш…», а замест «ко» ставіла загагуліну. Але яна вельмі хутка засвойвала ўсе патрэбныя лозунгі і палітыку «настаяшчага мамента», ведала, хто галоўны вораг, хто падпявала, каго і як трэба знішчаць. Кожную прамову пачынала: «Таварышы, граждане і вы, несазнацельная маса! У настаяшчы мамент у кожнай шчыліне затаіўся вораг нашай савецкай улады». I ў імя сусветнай рэвалюцыі галодных жанок за жменьку каласкоў па ўказе ад сёмага жніўня 1932 года здавала на дзесяць гадоў, а іх дзетак выпраўляла жабраваць. Калектывізацыю яна праводзіла не меней як на 102 працэнты. Мужчыны цішком кпілі: «Амілька і нябожчыкаў абагуліла».
Я тады яшчэ не ведаў, што і Амілю разам з раённым начальствам пасадзілі, судзілі ў нардоме, і знікла яна разам з усімі. А Паўлік, відаць, падчысціў анкету, дадаў да прозвішча «ов» і схаваўся ў гэтай смяротнай сістэме. А сустрэцца з ім давялося яшчэ раз. Гэта ўжо на волі, пасля маёй рэабілітацыі. Вяртаўся з Дубултаў, і на Рыжскім вакзале нехта меня гукнуў. Я азіраўся на ўсе бакі і нікога не пазнаваў. Праз натоўп праціснуўся Павел Сушко, падаў руку і памкнуўся абняць, а я нагнуўся, нібыта завязаць на чаравіку шнурок, а трэба было сказаць усё, што думаў пра яго. Пашкадаваў ці пасаромеўся. Ён нібы «радаваўся» за мяне, распытваў, як жыву. «Перавыхоўваюся. Па тваёй парадзе «искупляю» віну». — «Ты, брат, не гневайся. Такі быў час. I мне было не лёгка. А стала яшчэ цяжэй: у нас цяпер адны крымінальнікі, а з імі, сам ведаеш, як упраўляцца. Чуў, што ты зноў за сцішкі ўзяўся. Брось! Прыязджай да нас, вазьму загадчыкам піларамы. Аклад — во-о! Кватэра, харч, бясплатнае абмундзіраванне. Цяпер вашага брата бяруць». Я ўсміхнуўся: «Кажаш, бяруць? Яны бралі і раней, на пэўны тэрмін, а ты ў лагеры па прымусу ці па ўласнай волі? А як жыве твая маці?» Павел заліўся чырванню, пазаікаўся і схлусіў: «Загінула ў часе вайны». — «О, у вайну асабліва ходка сыпаўся наш брат. Мабыць, і яна, пакутніца, недзе хвойкаю ўзышла». Ён нічога не паспеў адказаць, — за рукаў тузанула кароткая азызлая кабета: «Балбочаш тут, а там чарга падыходзіць» — і павалакла майго колішняга аднакласнічка да касы.
Праз некалькі гадоў мой зямляк расказаў, што па дарозе з санаторыя Павел Сушко раптоўна памёр на тым жа Рыжскім вакзале. Мне стала шкада гэтую невідушчую ахвяру нашага часу.
Непаўналеткі
У лагер прыгналі дзяцей. I іх папярэджвалі суровыя канваіры: «Крок улева, крок управа…» Да вахты беглі жанчыны — думалі, можа, і іх дзеткі трапілі ў гэтае пекла. Глядзелі на маленькіх спалоханых арыштантаў і выціралі слёзы. Кожнай, відаць, успаміналіся свае асірацелыя сынкі і дачушкі. А яны ў нейкіх невядомых дзіцячых дамах страцілі свае прозвішчы, забываліся абліччы бацькоў і мацярок, баяліся прызнацца, чые яны і адкуль. Так выхоўваўся страх і комплекс непаўнацэннасці. Пільныя выхавацелі ведалі іх радаслоўную, зневажалі як маглі, прыціскалі дзе толькі можна, каб сцвердзіць сваю адданасць і класавую непрымірымасць.