Толькі я пад’ехаў да канавязі, з вахты выйшлі з цяжкімі партфелямі ўпаўнаважаны оперчэкісцкага аддзела Марозкін і Шылаў, селі ў сёдлы і загадалі ехаць следам. Марозкін хвастануў буланага стаенніка, закурыў пыл, і ён знік у гушчары лясной дарогі. Мы ехалі павольней. Відаць, Шылаву раненне давала сябе знаць на сядле.
Хутка пачуліся ў лесе галасы, гул і трэск спіленых сосен, пахла дымам лаўжоў. Налева ад дарогі была дзялянка «вольных» грэкаў.
Мы прыехалі ў кержацкую вёску Пруды. Марозкін ужо рассядлаў каня і чакаў нас каля вялікага, на два паверхі, дома. Унізе былі стайня, катухі для свіней, курэй і авечак, свіронак і кладоўка. Некалькі прыступак вялі ў хату. Сцены з чэсаных векавых соснаў адлівалі бурштынаваю жаўцізною, вышараваная да бляску падлога, пабеленая печ з умазаным люстэркам, мноства вазонаў здзівілі мяне чысцінёю і акуратнасцю.
Мае начальнікі пабралі партфелі, і мы пайшлі праз сталочаны кароўмі і коньмі выган. Быў пачатак верасня, дзьмуў сіверны вецер, неба засцілалі нізкія хмары, часам паміж іх бліскала і знікала сонца. Перад намі была шырокая з крутымі берагамі лясная рака Кержанец. Вада здавалася свінцова-сіняю, узвіхраныя хвалі біліся ў глеістыя берагі. За ракою стаялі скіты і каплічкі колішніх раскольнікаў. Вось чаму многіх старавераў завуць «кержакамі». Яны гэтую назву прынеслі і ў Сібір.
Марозкін загадаў мне распранацца. Дзеля чаго, я адразу не мог уцяміць. «Казалі, што ты добра плаваеш, вось і паплавай на агульную карысць. Цяпер закурвай». Закурылі і яны, дасталі з партфеля тры пляшкі з нейкім жаўтаватым парашком і правадкамі, уткнутымі ў рыльцы. Адну пляшку далі і мне. «Як толькі загарыцца шнур, кідай далей пляшку ў ваду». Папяросамі падпалілі запалы, і паляцелі пляшкі ў рэчку. Над хвалямі пагайдаліся тры дымкі, магутны выбух скалануў берагі, пасярэдзіне ўзняўся высокі фантан мутнай вады, і хвалі ўкрыліся белымі чэравамі вялізных ляшчоў, лінёў і акунёў. «Хутчэй плыві і выкідай на бераг!» Я кінуўся ў сцюдзёную ваду, хапаў коўзкія рыбіны, а яны, недаглушаныя, выкоўзваліся з рук. Штук пяць-шэсць паспяваў выкінуць на бераг, астатніх зносіла хуткая плынь.
Дрыжучы, выбіраўся з ракі, браў прыкураную папяросу, і зноў ляцелі ў ваду пляшкі з толам. Вада пакрывалася глушанаю рыбаю, я стараўся вылавіць як мага больш, але набытак быў невялікі. Больш ішло ў глум. Марозкін мацюкаўся і камандаваў: «Хапай вунь тую! Пад жабры яе! Ты што як нежывы паварочваешся?! Трымай шчупака!» Пасля апошняй закідкі я ледзьве выпаўз на бераг — біла ліхаманка, з рота лілася вада, ссінелае цела ўкрылася пупышкамі.
Невялікі набытак склалі ў дзве торбы. Прадзьмутыя ветрам, дрыжалі і мае начальнікі. Подбежкам выправіліся ў вёску.
Марозкін загадаў гаспадыні смажыць рыбу, кінуў на стол некалькі рублёў, каб дзе хоча дастала гарэлкі. «На чем-то жарить, начальник? Жиров нетути никаких. На сметане разве?» — «Давай на чем хошь!» Самагонку гаспадыня прынесла ў паўлітровым слоіку. На прыпечку на трынозе з трэскам смажылася рыба. Я ўсё яшчэ калаціўся пасля прымусовага купання. Марозкін разліў самагонку ў кантовыя шклянкі, адну падсунуў мне: «Погрейся и не дрожи, как шелудивый щенок, да не вякни, что уполномоченный подносил».
З непрывычкі хата і мае начальнікі паплылі кругам. Калі даелі рыбу, Марозкін захапіў свой партфель, спрытна ўскочыў у сядло і паехаў наперад. Мы з мокрымі торбамі рыбы ехалі павольна.
Я пацікавіўся ў Шылава, куды столькі рыбы. Ён змоўчаў. «Можа, ударніцам на прэмблюда?» — «Бач, чаго захацеў. Пачтароў прыязджае з праверкаю. Ён, кажуць, вельмі любіць свежую рыбу. Я сыду каля дома, а ты торбы занясеш начальніку».
Далей ехалі моўчкі. Шылаў звярнуў на разбітую лясную дарогу, і мы прыехалі да грэкаў. У іх ужо было некалькі зямлянак і шчыльных буданоў, пад стрэшкаю — кухня і сталоўка з двума доўгімі сталамі і лавамі.
Гэтыя напалову вольныя лесарубы лічыліся атрадам, а брыгадзір — камандзірам. Да нас падышоў невысокі, ладны, зарослы густою шчэццю капітан з многімі баявымі ўзнагародамі. З Шылавым ён гаварыў неахвотна, на пытанні адказваў абыякава, ды і не было ім пра што гаварыць. «А жывецца нармальна. Усім задаволены, толькі з богам не ў ладах — часта нас палівае, а мы не расцём, больш згінаемся». Гукнуў некага з лесарубаў, казырнуў і пайшоў на лесасеку.
Салдаты ў прасмоленых да хрусту гімнасцёрках, падраных на каленях штанах і брыджах, зарослыя і змрочныя, валілі векавыя сосны, церабілі іх і скочвалі ў штабелі піловачнік. Пайкі ім давалі трохі большыя, чым нам, у лазню прыводзілі два разы на месяц, але ніхто з іх не хацеў галіцца.