Выбрать главу

Канвою ў іх не было, але не было і ніякіх дакументаў. Хадзіць ім дазвалялася не далей вахты і вёскі Пруды. Прадукцыю іх прымаў вольнанаёмны дзесятнік, пайкі налічала лагерная бухгалтэрыя, хворых стралок прыводзіў у нашу санчасць. Так яны пакутавалі, пакуль не ўдарылі маразы і не закруцілі мяцеліцы. I зніклі сыны Элады гэтак жа нечакана, як і з’явіліся. А куды, ніхто не чуў і не ведаў.

Федзя Беляноў

Прыбыў вялікі этап з варонежскай турмы. Пераважна былыя старасты і паліцаі. Адносіны ў нас да іх былі аднолькавыя — пагарда і нянавісць. Лёсы нашых родных на акупіраванай тэрыторыі былі трагічныя, таму фашысцкіх паслугачоў ніхто не хацеў прымаць у сваю брыгаду, не хацелі з імі жыць у адным бараку, паселеных сілком заганялі пад нары, не адказвалі на пытанні.

Было ў этапе некалькі вайскоўцаў. Хто трапіў за непаслушэнства, хто за неабачліва сказанае слова, за празмерна праўдзівы ліст. Працавалі яны на шырпатрэбе і трымаліся ад варонежцаў асобна. Былы капітан, малады, інтэлігентны Федзя Беляноў на цыркулярцы раскройваў дошкі на плінтусы, на карнізы і вузенькія рэйкі. Аднойчы піла выбіла брусок, левая рука сарвалася і… далонь звалілася на станіну. У дваццаць пяць гадоў Федзя стаў інвалідам. Пасля бальніцы паставілі днявальным у сталоўцы. Ён па чарзе запускаў брыгады, сачыў, каб не выносілі міскі, потым іх збіраў на лано і адносіў мыць. Ганяў «шакалаў», каб не шасталі сярод рабацяг, не кралі пайкі і прэмблюды. Асабліва нахабны быў малы, гугнявы, з тварам, як цвікамі, пабітым чорнымі вуграмі Пеця Петухоў. Федзя быў старанны і сумленны днявальны. Рабацягі яго слухаліся і паважалі, а «шакалы» баяліся і ненавідзелі. Пры сталоўцы Федзя добра ад’еўся, пакруглеў, пачырванеў. Убачыў яго на абходзе начальнік і загадаў адправіць на шырпатрэб у сушылку. Работа там не цяжкая: падкінуў у печ абрэзкаў і пілавіння, сядзі і грэйся, пакуль не прагарыць.

Зменшчыкам у Белянова быў той самы «шакал» Петухоў. Гаварыць ім не прыходзілася: адзін здаў, другі прыняў змену, і разышліся. Трэцім сушыльшчыкам быў стары, з губернатарскаю, расчэсанаю на два бакі, сіваю барадою Віктар Шахаўцоў. Ён сябраваў з Беляновым, калі той яшчэ стаяў пры дзвярах, а Віктар качаў ваду і насіў дровы на кухню.

Аднаго разу пасля разводу мне сустрэўся спалоханы і задыханы Шахаўцоў. Я пацікавіўся, куды ён так ляціць. «На вахту, на вахту. Бяда ў нас у сушылцы». I стары расказаў: прыйшоў ён змяніць Петухова, а той не ідзе з сушылкі, нешта цягне, марудзіць, загаворвае зубы, а далей і кажа, каб не браў пілавіння з вялікай кучы, бо… там ляжыць… забіты Беляноў. Ноччу, кажа, прыйдзе на змену і да раніцы спаліць Федзю. Старому прыгразіў качаргою, а калі пікне, і ён будзе ў кучы пілавіння. Шахаўцоў думаў, што жартуе Пеця, грабянуў пілавінне, аж і праўда — тырчыць закручаная ў брудны бінт Федзева кукса. Кінуў сушылку і пабег на вахту. Я аслупянеў ад такой навіны. Здаецца, пара была прывыкнуць да смярцей, забойстваў, самарубаў, а тут страшнае было наперадзе.

Калі разгрэблі пілавінне, мяккія месцы на Белянове былі паабразаны, а каля печы валяўся тоўсты дрот і з загнутым канцом. На ім Петухоў смажыў шашлык са свайго зменшчыка. Божа, да чаго мы дажылі, што зрабілася з людзьмі? Дый ці людзі гэта? Петухова забралі ў цэнтральны ізалятар. Ён нічога не адмаўляў, прызнаўся, што даўно хацеў адпомсціць Белянову за тое, што ганяў яго ад сталоўкі, а сам быў сыты. Далі Петухову дзесяць гадоў «с поглощением неотбытого срока». Фактычна ён страціў адзін адбыты год. Чаму б не забіваць пасля такога пакарання адзін аднаго на шашлыкі?

Праз месяц насупраць вахты спынілася маладая жанчына ў зграбным шынялі з лейтэнанцкімі пагонамі, у хромавых ботах і берэце з зорачкаю. Ад станцыі яна ішла пехатою з ладным чамаданчыкам. Зазірнула ў адчыненую інструменталку і пачала распытваць у пілаправаў, ці не ведаюць яе брата. Тыя адварочваліся, глядзелі ў дол і казалі, што не чулі такога. Побач з інструменталкаю быў ларок для вольных. Пайшлі па хлеб жонкі стралкоў. Убачылі маладзічку ў вайсковым, загаварылі, узяліся распытваць, што чуваць на волі, ці хутка даб’юць немцаў, ці не да мужа прыехала. «Не, — кажа, — да брата. Ён адважна ваяваў, быў узнагароджаны, ды нейкі стукач загнаў за гэты калючы дрот. Можа, чулі, Федзя Беляноў?» Жанчыны змоўклі, а самая гаваркая ляснула рукамі і завойкала: «Спазнілася, маладзічка…» У гэты час з вахты выйшаў начальнік. Франтавічка падышла да яго, прадставілася па ўсёй форме, падала дазвол на асабістае спатканне з братам. Начальнік доўга ўчытваўся ў вузенькую паперку, кусаў губы, нарэшце прамармытаў: «Няма на лагпункце вашага брата. Адправілі яго па спецнарадзе, а ў другім аддзеле, відаць, не паспелі адзначыць. Прабачце. Спяшаюся», — і пабег у бок казармы ўзброенай аховы. А тая языкатая не ўтрымалася і расказала ўсю праўду пра гібель яе брата. Жанчына захлыналася слязьмі і істэрычным крыкам кляла ўсіх і ўсё на свеце: «Звяры, звяры! Гэта вас трэба трымаць за калючым дротам замест сумленных людзей. Фашысцкая куля абмінула майго братачку, дык тут паліцаі даканалі!»