Выбрать главу

Жанкі суцяшалі яе, угаворвалі як умелі. Але хіба можна суцешыць у такім горы? Начальнік загадаў адвезці на яго стаенніку сястру Белянова на станцыю, а сам так і не адважыўся падысці да яе.

Тры палкоўнікі i ўзвод баптыстаў

Чаго толькі не было на трэцім лагпункце! Апрача цэхаў шырпатрэбу і швейнай фабрыкі была даволі вялікая цагельня, падсобная гаспадарка з цяпліцаю і парнікамі, бульбяным і капусным полем, конбаза, а за ёю гарбарня. Засуджаны на восем гадоў за забойства жонкі (за анекдот давалі дзесяць), высокі, прыгожы і шчыгульны Дзмітрый Белакапытаў вырабляў хром і шаўро на паліто для начальнікаў і іх жонак. Іх абшывалі лепшыя ленінградскія майстры Саша Крылоў і Вася Рамашкін. Побач з гарбарняю была адзіная ў лагеры ветэрынарная лячэбніца і біялагічная лабараторыя. Іх узначальваў мой аднакамернік па магілёўскай турме, былы дацэнт Віцебскага ветінстытута Міхаіл Васільевіч Капітанакі. Некалі ў камеры ўсе паўтаралі яго вершык: «Паечка, паечка, как же ты мила, паечка, паечка, как же ты мала».

Пасля многіх гадоў разлукі мы з Мішам сустракаліся як браты, асабліва калі я атрымаў пропуск. У лабараторыю часта прывозілі на аналізы вантробы, мяса выбракаваных коней і кароў. Пасля даследавання Капітанакі варыў іх і рабіў катлеты, часта дзяліўся і са мною. На палявыя работы, на конбазу і цагельню трэба былі людзі, кожны дзень выгружалі метраж і загружалі вагоны прадукцыяй фабрыкі.

Пад весну з невялікім этапам прыбылі тры палкоўнікі — былы начальнік аддзела бронетанкавага ўпраўлення Генеральнага штаба Іосіф Аляксандравіч Матуль, палкоўнік хімічных войск Герман Пятровіч Арцем’еў і інжынер-палкоўнік Георгій Іванавіч Гускін.

Удзельнік грамадзянскай вайны Матуль даношваў злінялую гімнасцёрку з цьмянымі слядамі садраных ордэнаў. Высокі, статны, са светлымі вусікамі і выразным шырокім тварам, вабіў стрыманасцю і сапраўднай інтэлігентнасцю. Гускіна паслалі на шырпатрэб нешта будаваць, хіміка Арцем’ева — з капытоў варыць сталярны клей.

Праз некалькі тыдняў пасля палкоўнікаў прыбыў цэлы вагон салдат у кароткіх шынялях, абмотках, з паадрыванымі гузікамі і хлясцікамі. Гаварылі яны на заходнеўкраінскім дыялекце, былі палахліва інертныя, ціхія і паслухмяныя. Звярталіся адзін да аднаго: «Брат Іван, брат Грыцко». Артыкул у іх быў адзін — 196 і тэрмін — 10 гадоў. Адразу яны не маглі ўцяміць, куды трапілі. Як толькі наша армія вызваліла Ровеншчыну, дужых мужчын прызвалі ў войска. Яны прайшлі камісію, прыбылі ў часць, абмундзіраваліся, а зброю браць адмовіліся. Як ні ўгаворвалі, як ні загадвалі, нічога зрабіць не змаглі. Служыць яны не адмаўляліся ў абозе, на кухні, у лазарэце, толькі не страляць. Ім тлумачылі, што трэба біць ворага. «Всэ одно — люды, а людыну вбіваты грых». На вайне цацкацца з баптыстамі не было калі, сказалі: «Паедзеце ў часць, дзе не трэба страляць», пагрузілі ў вагоны таварняка, прыставілі некалькі канваіраў і прыгналі на наш лагпункт. Быў з імі і прэсвітэр Анікей Парчук. Паколькі іх не арыштоўвалі і не абшуквалі, амаль у кожнага былі Біблія, малітоўнік, рукапісныя кніжачкі самадзейных псалмоў.

Пасялілі іх у асобным бараку, каб «не распаўсюджвалі рэлігійны опіум». Да разводу і перад адбоем Парчук тварыў кароткія малітвы, заклікаў да паслушэнства і цярплівасці, бо ўсе пакуты ад Бога, за грахі малыя і вялікія, свае і людскія. Ціха спявалі два-тры псалмы на палескай мове і строем ішлі ў сталоўку, а потым на развод. За брыгадзіра ім далі палкоўніка Матуля. Грузілі і разгружалі яны без перакураў, старанна і акуратна. Зводдаль брыгада баптыстаў нагадвала нейкае абшчыпанае войска або атрад палонных. Брыгадзір з імі быў уважлівы, усіх называў на «вы», хоць не ўсё разумеў, што казалі яго рабацягі.

Неяк на вахце начальнік пажартаваў: «Ну, як справы, палкоўнік?» — «Выдатна, гражданін начальнік, пайшоў на павышэнне: камандаваў палком, а цяпер вось брыгадай». Не адразу да Цокура дайшоў змрочны гумар, толькі праз некалькі хвілін ён зарагатаў.

На нашу чыгуначную ветку падалі вагон. З яго вылезлі мужчына і жанчына, замкнулі вагон і прыйшлі да начальніка прасіць фурманку. Прадстаўнікі ровенскай абшчыны евангельскіх хрысціян у разгар вайны, калі кожны вагон быў на ўліку, усё ж нанялі адзін з іх, сабралі прадукты і прывезлі ўсім «братам» па мяху пытляванкі і па торбачцы сала. Некалькі фурманак прывезлі «падаянне» на вахту. Пасланцы з Ровеншчыны выклікалі адзінаверцаў па спісе і мех з торбаю аддавалі кожнаму з нізкім паклонам, а «браты» адказвалі: «Хвала Госпаду Богу» і ўціралі слёзы.